• Проекты UDF.BY:
  • Выборы США 2016
  • Выборы в Парламент 2016
  • Посредник
  • UD@F
  • Прас-Тайм
  • Цитаты недели
  • Проект-ПОЛИТИКА
  • Другие проекты

У дзень – пакет малака і акрайчык хлеба

regionby.org

Беспрацоўнымі ў краіне прызнаны каля 70 працэнтаў тых, хто звярнуўся за матэрыяльнай падтрымкай. Аднак і сярод іх атрымаў дапамогу толькі кожны другі.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статкамітэту, на ўліку ў цэнтрах занятасці крыху больш за 40 тысяч – меней за 1 працэнт ад агульнай колькасці працаўнікоў.

Гэты магічны працэнт выклікае раздражненне нават у кіраўніка ўраду, які назваў тую статыстыку "гламурнай". Ну проста фантасмагорыя нейкая: ва ўмовах крызісу паказчык беспрацоўя знізіўся на 0,2% ў параўнанні з сакавіком 2008 года!

Незразумела, навошта зацыклівацца на нібыта паспяховай эканоміцы, калі нават у развітых краінах ў дакрызісныя часы ўзровень беспрацоўя быў прыкладна 5 працэнтаў. У Злучаных Штатах колькасьць звольненых дасягнула на канец сакавіка 4 мільёнаў 780 тысяч чалавек – днямі Мінпрацы ЗША аб’явіла пра рэкордны ўзровень у 8,5 працэнта.

Згодна з агульнапрынятай метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы, і гэта прызнана спецыялістамі Навукова-даследчага эканамічнага інстытуту Мінэканомікі, насамрэч узровень беспрацоўя ў Беларусі складае 4,8 працэнта эканамічна актыўнага насельніцтва.

А ў суседняй Расіі – 3 працэнты, паведаміў кіраўнік Федэральнай службы па працы і занятасці Юрый Герцый.

Ці лёгка атрымаць статус беспрацоўнага?

Згодна з законам, беспрацоўным лічыцца чалавек, які зарэгістраваны ў службе занятасці.

Атрымаць статус беспрацоўнага, а тым больш дапамогу па беспрацоўі не так лёгка. Паводле статыстыкі, беспрацоўнымі прызнаюцца каля 70 працэнтаў звярнуўшыхся, а дапамогу атрымлівае толькі палова з тых, хто атрымаў адпаведнае прызнанне.

Паводле Закона аб занятасці насельніцтва, чалавеку, які звольніўся па ўласным жаданні ці па пагадненні бакоў, не кажучы ўжо за прагул, у дапамозе могуць адмовіць.

Тэрмін выплаты дапамогі па беспрацоўі – у сярэднім 6 месяцаў. Да таго ж, каб атрымліваць яе, трэба штомесяц адпрацоўваць на некваліфікаваных грамадскіх работах – прыбіраць вуліцы, перабіраць бульбу, збіраць ураджай. Гэта прымусовая праца не аплачваецца.

У дзень – пакет малака і акрайчык хлеба

Але самая цікавая лічба – гэта памер дапамогі па беспрацоўі. У Беларусі яна складае 47 000 рублёў, або прыкладна 17 долараў па сённяшнім курсе. У дзень беспрацоўны можа патраціць прыблізна 1 700 рублёў. Гэта пакет малака і чвэрць буханкі хлеба. Альбо 3 талончыкі на праезд – каб даехаць да службы занятасці.

Яшчэ на пачатку года намеснік міністра працы Пётр Грушнік заяўляў, што "памер дапамогі па беспрацоўі плануецца прывязаць да бюджэта пражытковага мінімуму", і што "ёсць некалькі варыянтаў: проста прыраўняць яго да БПМ, альбо плаціць 80 працэнтаў".

Зараз жа дэкларуюць пра мізерны памер падтрымкі тых, хто апынуўся на "біржы", толькі прафсаюзы – і незалежныя, і афіцыйныя. На думку старшыні савету Беларускага прафсаюзу аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаўніцтва Валерыя Кузьміча, "дапамога па беспрацоўі ў 47-50 тысяч — гэта нікуды не ўкладваецца. Трэба казаць хаця б пра бюджэт пражытковага мінімуму. Але трэба ставіць пытанне і пра перагляд мінімальнага спажывецкага бюджэту, бо разлікі састарэлыя, заніжаныя, гэта крайне недастаткова".

Памер дапамогі пакуль не павысяць

Але ўлады пакуль не збіраюцца павялічваць памер дапамогі па беспрацоўі. Паводле ацэнак Мінпрацы, пры павышэнні ўзроўню беспрацоўя да 2-3 працэнтаў спатрэбяцца дадатковыя бюджэтныя асігнаванні ў памеры 12 мільярдаў рублёў.

Паводле меркавання міністра працы і сацыяльнай абароны Уладзіміра Патупчыка, павышэнне дапамогі да памеру бюджэту пражытковага мінімуму (на сёння гэта 234 370 рублёў) прывядзе да з’яўлення слоя ўтрыманцаў, якія наогул не захочуць працаваць, а будуць жыць на дапамогу.

Але ж кожны працаўнік штомесяц адлічвае ў фонд занятасці працэнт ад свайго заробку, таму можа разлічваць на пэўную, так бы мовіць, страхоўку на пэрыяд беспрацоўя. Тым больш, кіраўнік дзяржавы пастаянна кажа пра сацыяльна арыентаваную эканоміку.

На думку загадчыка кафедры эканомікі БНТУ Аляксандра Кавалёва, ва ўмовах крызісу сапраўды трэба адмаўляцца ад падвышэньня заробкаў. Але ніжэйшая кропка, памеры сацыяльных выплат павінны наблізіцца да мінімальнага заробку:

"Калі б гэта дапамога па беспрацоўі была на ўзроўні мінімальнага заробку, тады б такая лічба дапамогі была не штучная, а нармальная. Але ў сённяшніх умовах, калі яна каля 50 тысяч, і калі сапраўды беспрацоўе будзе расці, я думаю, нікуды не дзенуцца ўлады, яны будуць вымушаны здымаць сацыяльную напружанасць. І, можа, нават павышэннем гэтай дапамогі".

Ці можна пражыць на дапамогу па беспрацоўі?

Паводле меркавання доктара эканамічных навук Аляксандра Лучанка, "на 47 тысяч звольнены чалавек пражыць не можа. Знайсці працу таксама няпроста. Таму дапамога павінна забяспечыць патрэбы хаця б у самым сціплым аб’ёме".

Ва Украіне дапамога па беспрацоўі – 604 грыўны (больш за 200 тысяч беларускіх рублёў), гэта ў 4 разы больш, чым у Беларусі.

У Расіі максімальны памер дапамогі па беспрацоўі дасягае 4 900 расійскіх рублёў (380 тысяч беларускіх) .

У Літве дапамога па беспрацоўі – ад 200 да 340 долараў. У Швецыі – 80 працэнтаў ад апошняга заробку, у Германіі – 70, у ЗША – 56 працэнтаў.

Система Orphus
поделиться