• Проекты UDF.BY:
  • Выборы США 2016
  • Выборы в Парламент 2016
  • Посредник
  • UD@F
  • Прас-Тайм
  • Цитаты недели
  • Проект-ПОЛИТИКА
  • Другие проекты

92-гадовага ветэрана вайны высяляюць у перапоўненую кватэру

"Еўрарадыё"

Брэсцкія ўлады забудоўваюць цэнтр горада, а людзей высяляюць на ўскрайкі. У іх лік патрапіў і ветэран вайны Мікалай Хруцкі.

Да тых, хто ехаць не хоча, падганяць трактар "Беларус" з прычэпам і высяляюць гвалтам. Людзі правялі шэрагі судоў, лічаць, што іх крыўдзяць і падманваюць. Адна з такіх — Раіса Бандарук. Яе сям’ю з чатырох чалавек высяляюць з асабняка ў двухпакаёўку. Сям’я — яна, былы муж, дарослы сын і мужаў бацька, ветэран вайны Мікалай Хруцкі. 9-га траўня Дзеду, як яго называюць у сям’і, споўніцца 92 гады.

Днямі суд пакінуў без задавальнення іскавую заяву спадарыні Бандарук.

Раіса Бандарук: – Большыя хай бы далі нам пакоі. Узялі б якую шафу, разгарадзілі пакой. І Дзеду — калі ласка, жыві, не саромейся, распранайся, хадзі голы, як хочаш. І я б таксама перад сынам не распраналася. Ну, не пакусаемся ж. Мы і так спім тут разам, цераз шырму. Ён шмат працуе, позна прыходзіць. Абласную Дошку гонару ён рабіў з хлопцамі. Таленавіты, але бачыце як. Яны гавораць: мы вам даем на 11 метраў больш. А я ім: вы ж разумееце, што 12 і 17 квадратных метраў — як нам памясціцца чатыром, чалавек мусіць ставіць ложак у калідоры і там жыць, так атрымліваецца…

Сын для настаўніцы Раісы Бандарук яшчэ адна балячка. Правучыўся год на платным аддзяленні тутэйшага ўніверсітэта і мусіў пакінуць: не хапіла грошай.

Раіса Бандарук: - Але цяпер больш баліць кватэрная крыўда. Улады сцвярджаюць, што дом непрыдатны для жылля, панапісвалі акты, што ўсё падае. Гэта дае права высяляць на цесныя метры незалежна ад пола і ўзроста. Маўляў, яны нас ратуюць.

Спадарыня Бандарук спрабавала правесці незалежную экспертызу:

Раіса Бандарук: – Патэлефанавалі ў Мінск, там кажуць: усё, давайце мільён, і едзем. Праз пяць-шэсць дзён будзе вам акт праверкі. Ні ад кога не залежым, вышэй за нас толькі Бог. Прайшло шэсць гэтых дзён, муж тэлефануе, дык баязлівым такім голасам там гавораць: надта мы перагружаныя, мы вам па пошце прышлем. І прыслалі — што цягам нават года не змогуць экспертызу рабіць.

Былы муж Раісы, ваенны музыкант у адстаўцы, падзяліўся ўцечкай: аказваецца, мінскія спецы патэлефанавалі ў гарадскія службы, і тыя перасцераглі, каб не ўлазілі ў гарадскі бюджэт. Раіса Бандарук паказвае газету "Вечерний Брест", дзе напісана пра дом на вуліцы Цаглянай, які насамрэч развальваецца, але людзей высяляць не хочуць, бо знос не запланаваны.

Раіса Бандарук: - Цэнтр — гэта прэстыжна і дорага. Тут да нас у чорных доўгіх паліто людзей хадзіла-перахадзіла. І сама на прыёме ў мэра Палышэнкава была. Ён сказаў: мы будуем тут жылы комплекс, тут будуць жыць людзі. Я і абурылася: а быдла, значыць, на акраіны пойдзе? Дык мой муж у гэтым доме нарадзіўся, усё жыццё пражыў, помніць, як каровы з Брэсцкай крэпасці па бруку вярталіся і ён з кубкам малака чакаў. Маці даіла карову. Мама ўсё жыццё прачакала пашырэння, паляпшэння нейкага жыллёвых умоваў, ды й так і не дачакалася. І нас пасяляюць у гэтае гета. І нам, відаць, не выпадае.

А ветэран вайны Мікалай Хруцкі сустрэне свой дзень народзінаў у бальніцы. І летась быў там. Жыў на той час у Доме ветэранаў, дык пабілі моцна там. Забралі назусім дахаты, і тут знос. Ды такі несправядлівы.

Раіса Бандарук: – Як гэта ён выразіўся? Маё сэрца баліць не ад таго, што старое, не ад ран, ад крыўды. Пайду, кажа, да архіерэя, папрашуся ў манастыр. Бо як я з вамі там буду жыць. Тут ён паціхеньку ў двор выйдзе, тут бабкі на лаўках пад дрэвам. Арэх ён пасадзіў, дык выраслі два ствалы. "Гэта я і мая Маруся", — кажа. Жонка ягоная памерла ўжо. Ад арэха ўвесь двор у цяні.

Нявестка паказвае ліст з аблвыканкама. Чыноўнік піша: вырашаюць суды, а не ўлада, а што да ветэрана вайны, дык яму "можна выдзеліць сацыяльнае жыллё альбо паставіць на ільготную чаргу на кватэру".

Система Orphus
поделиться