• Проекты UDF.BY:
  • Выборы США 2016
  • Выборы в Парламент 2016
  • Посредник
  • UD@F
  • Прас-Тайм
  • Цитаты недели
  • Проект-ПОЛИТИКА
  • Другие проекты

АнтыЯдзерны Тузін

На партале навінаў www.UDF.BY прэзентацыя cумеснага праекту з інтэрнэт-парталам "Тузін Гітоў". Лепшыя 12 песень беларускіх выканаўцаў, напісаныя пад уражаннем ад катастрофы ў Чарнобылі – ад канца 80-х да нашых дзён. За гэты час было напісана нямала шчымлівых блюзавых і рокавых баладаў, бескампрамісных рэп-чытанак і эмацыйных панк-нумароў пра жыццё пасля трагедыі. Самыя лепшыя песні ў чарговым музычным рэйтынгу.
Сяргей Будкін, галоўны рэдактар інтэрнэт-партала "Тузін Гітоў", спецыяльна для www.UDF.BY



12
Naka – BY YOU
"BY YOU" – першы беларускамоўны твор гурта Naka на чале з актрысай Рускага драматычнага тэатру Настай Шпакоўскай. Сама спявачка называе свой твор "чарнобыльскай калыханкай": «Мне тэма Чарнобылю баліць. Да ўсяго ў гэтым творы хапае яшчэ прыхаваных сэнсаў. Той, хто адчувае – зразумее. Калі сказаць сцісла – пяецца пра Беларусь і яе блытаныя сны», – так прадставіла яе Наста ў час інтэрнэт-прэм'еры ў 2008 годзе.
11
Тарпач – Радыяцыя
Песня аўтарства Змітра Астапука ў эмацыйным выкананні Светы Сугакі з немудрагелістымі рыфмамі "радыяцыя-інфармацыя-правакацыя-нацыя" стала адным з галоўных хітоў беларускага року ў 2004 годзе, калі "Тарпач" сталі пераможцамі фэсту "Басовішча". Вакалістка тады дзівілася, чаму беларускі музыкі не звяртаюцца да тэмы Чарнобыля: "Гэта ж актуальна і тычыцца нас усіх. І мы хочам гэтым творам выказваць сваё шкадаванне і спагаду. І яшчэ мы трохі баімся, што можа здарыцца калі-небудзь новы выбух…".
10
Жнюв – Добрай раніцы
…Новы выбух сапраўды здарыўся. У 2011 годзе ў Японіі. Неўзабаве пасля гэтага музыкі з гурта "Жнюв" пры дапамозе сваіх калегаў з Unia і No Comment Band стварылі міні-мюзікл пра небяспеку радыяцыі, які прысвяцілі 25-ай гадавіне ад часу катастрофы ў Чарнобылі і трагічным падзеям у Японіі. Сваім творам музыкі спрабуюць засцерагчы беларускія ўлады ад намераў будаваць АЭС на Гродзеншчыне. "Зразумела, што спажыванне энергіі расце з ростам цывілізацыі. Аднак незразумела, што мы атрымаем у выніку гонкі за імгненнай выгодай і ўяўным дабрабытам. На жаль, абезгалоўленыя марыянеткі прыйдуць у сябе толькі тады, калі будзе занадта позна…", – заявілі музыканты.
9
Мутнаевока – Сэрца стук
Гэта толькі на першы погляд можна падумаць, што песня са словамі "І паветра не хапала, а ўсё роўна ты спявала…" прысвечана любоўным прыгодам. На апошнім канцэрце лідэр эфектнай постгранжавай каманды Яўген Змушка прысвяціў гэтую песню ахвярам Чарнобылю і яго словы "Я не ў палоне, але я не вольны" тады атрымалі дадатковы сэнс.
8
Чырвоным па белым – Хвіліна цішыні-2
Рэпер Кроў напісаў гэты трэк у 2005 годзе. "У тым, што адбылося ў Чарнобылі, я схільны вінаваціць ўлады ды іх разгільдзяйства, а не атамную энергетыку, якую лічу патрэбнай", – заяўляе музыкант і прызнаецца, што калі выконвае гэты трэк, упадае ў транс. На яго канцэртах гэта заўважна. "Хвіліна цішыні-2" была запісана з польскім гуртом "Masala Sound System", які спэцыялізуецца на арыентальнай музыцы, змешанай з электронным саўндам. Першую частку гэтага твора Кроў таксама выканаў з польскім музыкам – рэперам UMR. Цікава, што голас, які паведамляе пра трагедыю – не арыгінальны запіс тых часоў. Гэтае паведамленне зачытвае былы ўдзельнік ЧПБ па мянушцы Палкоўнік.
7
Бонда – Радыёактыўны блюз
"Радыёактыўны блюз" – наогул першы беларускі рок-твор, напісаны на тэму радыяцыі. Акром таго, гэта яшчэ і самая працяглая кампазіцыя з усіх "антыядзерных" хітоў – яна цягнецца больш за 8 хвілінаў. Яе, як і большасць песень каманды, напісаў бубнач Сяргей "Боршч" Кныш у 1988 годзе. Гэты сумны блюз быў створаны пад уплывам ад той інфармацыі пра катастрофу, якая пакрысе стала адкрывацца. "За вакном лье атрутны дождж, за вакном неба мёртвых слёз…", – расцягвае словы Ігар Варашкевіч. Гурт паспеў яе выканаць ужывую на канцэрце ў Палацы спорту. У год першага "Чарнобыльскага шляху" група "Бонда" распалася, а на яе абломках з'явілася адразу некалькі гуртоў, у тым ліку "Уліс" і "Крама".
6
Браціна – Чарнобыльскі шлях
Песня аўтарства Алеся Марачкіна і Кастуся Герашчанкі лічыцца неафіцыйным гімнам штогадовай акцыі беларускай апазіцыі "Чарнобыльскі шлях", якая праводзіцца з 1989 году. У 2009 годзе яе запісаў гурт "Браціна" з пасёлку Кастрычніцкі, у склад якога і ўваходзіць Кастусь Герашчанка. Вакальную партыю выканаў лідэр калектыву Алег Сёмін, які лічыць, што варта спяваць пра тое, пра што не можа маўчаць чалавек, які мае трошкі таленту, які нарадзіўся і вырас на сваёй зямлі. Цікава, што "Браціна" стала фіналістам тэлеконкурсу "Нашы песні" на тэлеканале ОНТ, праўда, на тэлебачанні гэту песню музыкі не выконвалі.
5
Кардон – Радыяцыя
Гэтая песня беларускамоўнага гурта з Польшчы стала гімнам маладых беларусаў Падляшша ў другой палове 90-х гадоў. Яе аўтар Крыштаф Сяськевіч пяе пра шкодны ўплыў радыяцыі на беларускі народ, які ў выніку абраў Лукашэнку прэзідэнтам. "Радыяцыя" была запісана дзякуючы ўзнагародзе, якую гурт "Кардон" атрымаў на фэсце "Бардаўская восень-1995" і ўвайшла ў іх адзіны альбом, прэзентацыя якога адбылася на фестывалі "Басовішча-1996". Надалей музыкі выконвалі "Радыяцыю" на кожным са сваіх канцэртаў, пакуль не спынілі сваё існаванне ў 1999 годзе. Арыгінал гэтага запісу, як і астатніх песень гурта, быў згублены, таму перавыдаць альбом культавых падляшскіх панкаў не ўяўляецца магчымым.
4
Голая Манашка – Радыёактыўны фон
На 20-годдзе Чарнобыльскай катастрофы лідэр "Голай манашкі" сабраў радкі з сваіх ранейшых тэкстаў, датычныя радыяцыі. У выніку атрымалася песня "Радыёактыўны фон", якая была прадстаўлена ў складанцы "Чарнобыльскі вецер". Твор пачынаецца са слоў: "Песня прысвячаецца money". Гульню слоў можна пабачыць толькі пры напісанні. Музыканты зазначылі, што гэта сцёб з музычнай індустрыі ды грантаў, якія збольшага раскрадаюцца.
3




Крама – Гомельскі вальс
Песня "Гомельскі вальс" была напісана да 10-годдзя Чарнобыльскай катастрофы. Лідэр "Крамы" Ігар Варашкевіч выказаў пажаданне рок-паэту Змітру Лукашуку, каб стварыць песню з прысвячэннем трагедыі. Запісалі яе разам з гуртом "Палац" і Анатолем Ярмоленкам, а режысёр Ягор Хрусталёў зняў на яе кліп. Праўда, паказу відэа па БТ 26 красавіка не адбылося. Па загадзе кіраўніцтва тэлебачання з эфіру ролік быў прыбраны. Аўтарытэт Ярмоленкі не дапамог, улады вельмі баяліся шматтысячных акцый апазіцыі, у тым ліку і "Чарнобыльскага шляху", а ў "Гомельскім вальсе" якраз спявалася "Гэта наш лёс, гэта наш шлях…".



2




Мроя – Краіна крывавых дажджоў
Песню пра крывавыя наступствы камуністычнага праўлення напісаў бубнач першага беларускамоўнага рок-гурта "Мроя" Алезіс Дземідовіч, а вакаліст Лявон Вольскі паклаў яго словы на музыку. Яна ўвайшла ў альбом "Біяполе" (1990), які апынуўся ў дыскаграфіі каманды апошнім. "Гэты твор пра адчуванне таго часу. Пра тое, што нам дасталася ад савецкай спадчыны. І пра тэхнагенную катастрофу ў тым ліку", – кажуць музыкі і канстатуюць, што, на жаль, іх песня зусім не страціла актуальнасці, а таму ўвайшла ў рэпертуар гурта N.R.M. і дагэтуль пэрыядычна выконваецца на канцэртах. Прагучала яна і на фестывалі "Басовішча-2009", калі N.R.M. часова пераўвасобілася ў "Мрою".



1




КальЯн – Радыёактыўны снег
Самую эмацыйную песню пра радыяцыю напісалі фольк-панкі з Гродна – гурт "КальЯн". Яна была створана ў 1997 годзе і стала візітоўкай гэтай каманды, песняй на ўсе часы, да якой музыкі перыядычна звяртаюцца. На яе быў зняты відэакліп, у 2008 годзе яе перазапісалі і выдалі асобным інтэрнэт-сінглам, без яе не абыходзіцца ніводны выступ каманды, якая атрымала вядомасць пасля перамогі на фестывалі "Басовішча-1998". "Радыёактыўны снег" – наша галоўная песня і так вырашылі не мы, а публіка", – кажа лідэр "КальЯну" Аляксадр Дзянісаў. Гурт на некалькі год прыпыніў актыўнасць, але сёлета вярнуўся з новым альбомам "Антыпазытыў".