• Проекты UDF.BY:
  • Выборы в Парламент 2016
  • Выборы США 2016
  • Посредник
  • UD@F
  • Прас-Тайм
  • Цитаты недели
  • Проект-ПОЛИТИКА
  • Другие проекты

10 галоўных беларускіх песень пра футбол

З нагоды чэмпіянату свету па футболе музычны інтэрнэт-партал "Тузін Гітоў" на просьбу парталу навінаў www. UDF.BY cклаў рэйтынг самых галоўных песень пра футбол у гісторыі беларускай музыкі, куды ўвайшлі хваласпевы гэтаму віду спорта, футбольныя гімны і хуліганскія крычалкі ў выкананні вядомых айчынных спевакоў.
Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, спецыяльна для партала www.UDF.BY



10
J:Морс – Так-цік-так
Адзін з галоўных беларускамоўных хітоў каманды Уладзіміра Пугача па сэнсе дачынення да футболу не мае. Затое кліп Вячаслава Мядзведзева і Алены Бартлавай на гэту песню дэманструе ўсю любоў музыкантаў да гэтага віда спорта. Па сюжэце Пугач разам з сваімі сябрамі з'язджаюць з гораду, каб паганяць нешта падобнае на мяч на ўзбярэжжы Мінскага мора.
9
Контра да Банда – Про футбол
Першы беларускі хіп-хоп гімн футболу запісаў гомельскі праект на чале з Сяргеем Пархоменкам (тады яго ведалі па мянушцы "Дыез"). Песня "Про футбол" увайшла ў дыск каманды "Рифмотит" (2001). Цікава, што да свайго "выбуху", які накрыў тэрыторыю Беларусі, Расіі ды Украіны, Сярога запісаў яшчэ адну песню пра футбол – "За Шахтёр!" (2003) з прадказаннем-прысвячэннем будучаму ўладальніку кубка Беларусі (2004) і чэмпіёну Беларусі (2005)."Опять они играют грубо, это был стопроцентный фол, какой жёсткий футбол, какой накал страстей, мне нужен валидол, и похоже, что у тренера шок-нокаут, но он берёт тайм-аут", - пяе гомельскі рэпер. З Сярогі яўна выйшаў бы добры спартовы каментатар.
8
IQ48 – Гимн болельщиков клуба «Шахтёр»
Пераможцы "Басовішча-2003" запісалі песню для ўладальнікаў кубку Беларусі-2004. Песня IQ48 была прызнаная лепшай на конкурсе на лепшы гімн, што абвесціў клуб. Музыкі сыгралі кампазіцыю на ўшанаванні клуба ў Салігорску. "Было шмат дзяцей са сцяжкамі, пафасу, нагадала сталінскія часы, але было весела. Тады мы першы і апошні раз гралі пад фанаграму", - узгадвае гітарыст IQ48 Яўген Бузоўскі. Самі ўдзельнікі гурта – даўнія аматары футболу, намагаюцца не прапускаць ніводнага сур'ёзнага матчу па тэлебачанні. Цікава, што за атрыманы ганарар музыкі запісалі свой дэбютны альбом "Вар'яты".

"Шахцёр" увогуле самы "музычны" клуб Беларусі. Гімны для салігорскай каманды акрамя IQ48 і Сярогі запісвалі таксама Якаў Навуменка, гурт J:Морс, Якаў Навуменка і салісты дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі Наталля Тамела і Дзмітры Сяргееў.
7
Сузор'е – Вперёд, Динамо
Песня, напісаная на хвалі эйфарыі пасля перамогі мінскага "Дынама" на чэмпіянаце СССР у 1982 годзе. "Тое нельга было лічыць нечым кан'юктурным, хутчэй песня была душэўным памкненнем", – кажа адзін са стваральнікаў гурта Андрэй Філатаў. Першы беларускі футбольны гімн напісаў памерлы ўжо Валянцін Пучынскі, да працы ў гурце ён якраз працаваў у галоўнай рэдакцыі спартовых праграм Беларускага тэлебачання, так што быў вялікім прыхільнікам футболу. Пэўны час песня гучала на стадыёне "Дынама" перад матчамі каманды Эдуарда Малафеева, заўзятары з ахвотай падхоплівалі немудрагелісты прыпеў: «Пусть будет гол, вперёд, вперёд, Динамо!". Але потым песня недзе згубілася, і стужку з яе запісам захаваць не ўдалося. Цяпер удзельнікі гурта нават думаюць над тым, каб зрабіць яе рэмейк.
6
Ляпіс Трубяцкой – Гимн "Динамо-Минск"
Самы папулярны беларускі гурт на постсавецкай прасторы па-свойму адрэагаваў на перамогу мінскага "Дынама" у чэмпіянаце Беларусі-2004. Запісалі песню на просьбу клубнага кіраўніцтва і нават грошай з іх не ўзялі, як сведчыць прадзюсар каманды Яўген Калмыкоў. Ён якраз і з'яўляецца даўнім заўзятарам "Дынама", таму і ўпрасіў Сяргея Міхалка сачыніць гэтую тэму. "Ляпісы" сыгралі песьню толькі аднойчы – на клубным ушанаванні, але "дынамаўскія" прыхільнікі песьню дагэтуль памятаюць і любяць.
5
Vinsent – Наперад, Беларусь
Адзін з першых запісаў цяперашняга лідэра беларускамоўнага рэпа. Vinsent кажа, што запісаў "Наперад, Беларусь", бо любіць футбол, яму карцела нешта зрабіць для падтрымкі беларускай зборнай. Праўда, ён даўно ўжо не выконвае гэты твор, бо лічыць яго надта прымітыўным. У адрозненне ад дзесяткаў футбольных фанаў, якія песню ўпадабалі. У задумках беларускага рэпера запісаць "рэальна класны футбольны гімн".
4
Zatoczka – Хуліганы
Адна з самых скандальных песень у рэпертуары магілёўскіх ска-панкаў. За радок "Жры какосы, жры бананы, ды вяртайся ў Іраны, альбо знішчаны ты будзеш тут футбольным хуліганам", – на музыкаў нават збіраліся зладзіць паляванне антыфашысты. Лідэр каманды Макс Востравухаў тады ледзьве суцішыў эмоцыі ды заўпэўніў, што гурт не думаў распальваць нацыянальную варажнечу. "Мы пяем пра хуліганаў блізкага і далёкага замежжа, якія ладзяць супольную вечарыну. Мы наогул прапагандуем здаровы лад жыцця", – кажа Макс. Песня "Хуліганы" з'яўляецца беларускім каверам на расійскіх ска-панкаў – гурта "ЯйцЫ Фаберже", горача любімага ў асяродку тамтэйшых футбольных фэнаў. У свой дыск скандальны трэк усё ж Макс вырашыў не ўключаць. Затое напісаў яшчэ адну песню, якая так і завецца "Пра футбол" з заклікам "заўзець за Беларусь!" (ад слова заўзятар – udf.by).
3
Drum Esctasy – Football Light
Лідэра каманды Філа Чмыра футбол ды і спорт у прынцыпе не цікавяць ні каліўца, затое яго Drum Esctasy – пачэсны госць на адкрыцці спартовых мерапрыемстваў. Кампазіцыя "Football Light" гучала на паказальных гульняў НХЛ у Маскве (з воклічамі "Хакей!") і на адкрыцці футбольнага сезона сярод юнацкіх каманд у Беларусі. "Захацелася надаць музычную форму сацыяльным рытмам і перадаць настрой футбольнага заўзятара", - тлумачыць музыкант. Яшчэ адзін твор беларускіх бубначоў - "Свісткі" тры гады гучаў ў рэкламе чэмпіяната Расіі па футболе.
2
Лявон Вольскі і Вераніка Круглова – Оле-оле!
Песня з прэтэнзіяй на галоўны футбольны гімн Беларусі была створана для праекту "Я нарадзіўся тут", куды ўвайшлі ў асноўным правераныя часам айчынныя маршы і гімны. Лявон Вольскі кажа, што запеў "Оле-оле! Беларусь жыве!" надта пасаваў да спартовай стылістыкі, таму твору надалі выгляд фанацкай крычалкі, хоць сам спявак зусім не цікавіцца футболам. Цікава, што іншая песня Вольскага "Тры чарапахі" стала гімнам беларускіх заўзятараў, негледзячы на тое, што нічога супольнага са спортам не мае. Яе часта спяваюць як на матчах чэмпіяната Беларусі, так і на сустрэчах нацыяльнай зборнай Беларусі. Звычайна прыпеў "Ты не чакай, сюрпрызаў не будзе" пасуе пад канец гульні, калі прыходзіць разуменне, што шанцаў на перамогу ўжо не застаецца.
1




БЕЗ БИЛЕТА feat. Aoo&ooA - Африка
З нагоды чэмпіяната свету ў ЮАР лепшая рок-група Беларусі па версіі арганізатараў цырымоніі "Рок-Каранацыя" адаптавала свой леташні хіт, зрабіўшы "football remix". Адпаведна быў перазняты і кліп (відэа на арыгінал прызнанае лепшым у 2009 па версіі той жа "Рок-Каранацыі"). Рэжысёр Макс Сіры ўволю пафантазіраваў з нагоды "футбольнай" версіі "Африки".

"Пакуль не выходзіць пабачыць фінал Беларусь-Бразілія 5:0, таму мы, творчыя асобы, хоць кліпам можам іх прыкласці", - пракаментаваў выхад новага варыянту свайго твору лідэр гурта Віталік Артыст.