• Проекты UDF.BY:
  • Выборы США 2016
  • Выборы в Парламент 2016
  • Посредник
  • UD@F
  • Прас-Тайм
  • Цитаты недели
  • Проект-ПОЛИТИКА
  • Другие проекты

Дзень Волi 2011

Ад дня, калі рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную Грамату, якая абвесціла Беларусь незалежнай краінай, мінула 93 гады. За гэты час беларускія выканаўцы напісалі сотні твораў з ухваленнем таго гістарычнага рашэння. Мы адмыслова не разглядалі ўзорныя афіцыйныя і неафіцыйныя гімны, створаныя за часам існавання БНР, творы, напісаныя ў той час, калі ўрад БНР быў на выгнанні, ды эмігранцкую патрыятычную класіку пасляваенных часоў. У гэты рэйтынг не трапілі таксама ідэалагічна спраўджаныя сучасныя пафасныя поп-песенькі пра "краіну пад белымі крыламі", "молодую Беларусь" ды тым больш "нашу Беларашу". У ТОП, які склаў інтэрнэт-партал "Тузін Гітоў" на просьбу партала навінаў UDF.BY, увайшлі поп-, рок- і рэп-творы, напісаныя за нашым часам, якія аб'ядноўвае ідэя сапраўднай незалежнасці. Такой, якой яе ўяўлялі стваральнікі БНР.

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, спецыяльна для партала www.UDF.BY



8
Aviatаr — Легенды восені
Дэбютны інтэрнэт-сінгл новага беларускага рэп-праекту якраз прысвечаны бацькам беларускай дзяржаўнасці ды ўдзельнікам Слуцкага паўстання. Трэк "Легенды восені" пачынае Уладзімір Някляеў уласнай персонай, які чытае верш "Я прыйшоў, каб вы ўдыхнулі волі". Сам рэпер Aviatаr заяўляе, што мае намер ствараць нацыянальны "хіп-хап" зусім нетутэйшай якасці. Паводле гэтага трэку можна сказаць, што задуму ён сваю пачаў ажыццяўляць даволі ўдала. Неўзабаве абяцаецца кліп на "Легенды восені".
7
Аляксей Шадзько — Пад зоркаю Пагоні
Гэтыя два творы аўтарства Леаніда Пранчака можна назваць узорам патрыятычнай поп-лірыкі пачатку 90-х, калі ў час нацыянальнага абуджэння пра Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг спявалі ўсе. Тады галоўны дырыжор краіны вітаўся словамі "Жыве Беларусь!", а эстраднікі стваралі цэлыя цыклы песень на тэму Адраджэння.
6
Ліка Ялінская — Наўздагон
З радыёкропкі ўвесь час гучалі спевы на вершы Багдановіча і Янкі Купалы, "міс- фота СССР" Ліка Ялінская з пачуццём спявала "Наўздагон нястрымна нясецца Пагоня!", а былы саліст групы "Рада" з Гродзенскай абласной філармоніі Аляксей Шадзько пачаў сольную кар'еру з песні з прыпевам "Кахай мяне пад зоркай Пагоні".
5
Rima — Неба над Беларуссяй
Рок-гурт Rima заснавалі музыкі, якія нарадзіліся ў Польшчы, але адчуваюць сябе беларусамі. Ужо 12 год яны прыкладаюць намаганні, каб беларуская прысутнасць захавалася не толькі на іх Беласточчыне, але і ўласна ў сучаснай Беларусі. "Беларускай мовы трэба!", — канстатуе вакаліст Андрэй Паплаўскі ў галоўным хіце каманды.
4
Ляпіс Трубяцкой — Belarus Freedom
Стваральнікі поп-хітоў пра "Яблони" і "Сочи" у сярэдзіне 2000-х нечакана для шмат каго перарадзіліся, змянілі імідж ды стылістыку і сталі панк-рок групай ледзьве не сусветнага маштабу. У другую частку сваёй музычнай антыкапіталісцкай трылогіі Manifest яны ўключылі песню, пасля якой пра іх усур'ёз загаварылі, як пра нацыянальных герояў. "Пагоня побач! Будзем жыць!", — натхняе грамаду Сяргей Міхалок. Цікава, што кліп на "Belarus Freedom" зрабіў Макс Сіры, удзельнік дуэту Rockerjoker.
3
Новае Неба — Мая краіна
Адзін з самых моцных беларускіх рок-гімнаў 90-х напісаў паэт Міхал Анемпадыстаў у той час, калі, як ён кажа, "да ўлады прыйшоў прэлестнейшы, і стала ўсё ясна". Тэкст быў прапанаваны беларускай рок-князёўне Касе Камоцкай, якая ў той час хацела напісаць песню пра каханне. "А дзе ж тут любоў?", — спытала яна ў Міхала. "Тэкст жа пачынаецца са слоў "Я люблю", — адказаў паэт. На тым і паразумеліся. Кася і бэк-вакаліст Лявон Вольскі выканалі песню з такім душэўным надрывам, што складаецца адчуваннне, што яны ледзьве стрымлівалі слёзы.
2
Зміцер Вайцюшкевіч — Сцяг
Верш "Сцяг" Уладзімір Някляеў першапачаткова задумваў, як гімн, і прапанаваў пакласці свой твор на музыку Змітру Вайцюшкевічу. Але спявак адстаяў свой варыянт — лірычны. "Калі я пісаў музыку, то згадаў, як лунаў бел-чырвона-белы сцяг па-над Домам ураду. Рытм таго лунання абсалютна адпавядае баладнасці гэтай песні", — сказаў тады Зміцер, але калі Някляеў вырашыў браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах, перарабіў усё ж песню на гімнавы лад і неаднаразова выконваў яе разам з кандыдатам на пікетах у час "разгула дэмакратыі".
1
Глюкі&MAUZER&Green Che — Краіна 2.0
Да стварэння гэтай песні прыклалі высілкі лепшыя прадстаўнікі магілёўскага андэграунду, стварыўшы новую версію даўняй песні гурта "Глюкі", напісанай яшчэ пры канцы 90-х. Але выйсці з засекаў ёй давялося толькі ўвосень 2006 году падчас выступу "Глюкаў" на фэсце "Хэдлайн-2006". Першае выкананне "Краіны" было сырым, праспяванае сарваным голасам, але шчыра-гістэрычнае, поўнае асацыяцыяў з нядаўнімі падзеямі на Плошчы. Яна маментальна стала адным з галоўных хітоў гурта. Да новай версіі "Краіны" дадалі рэп-устаўку ды асвяжылі ў музычным плане. Менавіта ў гэтым варыянце яна здабыла поспех у нацыянальным маштабе і была прызнаная галоўным беларускім хітом сезона 2009-2010 на "Тузіне Гітоў".
Поделиться ссылкой