Комплекс перамогі

Менск стаіць калом – краіна рыхтуецца да парада. З калегам вырашаем дабірацца ад чыгуначнага вакзала да футбольных палёў ля завода «Атлант», дзе традыцыйна забіваем пульку, пешшу. І не прагадваем. Транспарт на былым праспекце Машэрава паралізаваны, як і ў раёне станцыі метро «Фрунзенская». Там, ля «Фрунзенкі», натыкаемся на даўжэзныя ваенныя цягачы. Машыны-гіганты адчайна спрабуюць развярнуцца – чатырох палос ім не хапае. Яны равуць, чадзяць і крышаць асфальт, які цяпер будзе прасцей адрамантаваць дзякуючы новаму падатку на аўто. Над галавой гойсаюць самалёты, пакідаючы за сабой жоўтыя ракетныя пошугі. Вызваленне ад фашыстаў 70-гадовай даўніны – падстава пайграць мускуламі для нашага істэблішменту. Падстава не вельмі ўдалая.

У маім уяўленні такія даты, як Дзень Перамогі або Дзень Незалежнасці, – гэта не свята вайны, а свята міру. Нагода жыць у сяброўстве, а не дэманстраваць гатоўнасць забіваць. Рэзон схаваць зброю куды далей, а не размахваць ёю, як зулусы падчас рытуальных танцаў. Калі вайна скончылася, людзі радаваліся не толькі перамозе, але і таму, што аўтаматы, гарматы ды іншы смяротны хлам зрабіліся непатрэбнымі.

З той пары мінула досыць часу, але ці скончыліся ў нас баявыя дзеянні? Менск працягвае перажываць новыя разбурэнні, а ў краіне працягвае дзейнічаць «пятая калона» – ёй, здаецца, павінны адвесці асобны аддзел у новым музеі ВАВ. А ў дзяржСМІ пра перамогу ў апошні месяц гавораць ці не кожны дзень, быццам за вокнамі ўсё яшчэ ляжаць руіны.

У нашай палітычнай балбатні любяць разважаць пра веліч перамогі. Але паглядзіце статыстыку загінутых байцоў. Пагартайце ўспаміны франтавікоў. Пачытайце нарэшце Васіля Быкава або Святлану Алексіевіч (чорт, чаму ёй не далі Нобелеўскую?), якая пагутарыла з тымі, хто ваяваў і хто жыў падчас вайны. Там пра веліч, бадай, ні слова. Затое шмат гісторый пра кроў, жорсткасць, пакуты, калецтва і смерць. Няўжо грукатам танкаў можна гэта перадаць? А калі не, навошта грукатаць? Забіваць сабе падобных – самае ненатуральнае, што змог прыдумаць чалавек.

Беларуская армія дэманструе сваю «веліч» акурат у той час, калі ўва Украіне зброя ўжываецца па прамым прызначэнні. І гэта робіць наш парад асабліва недарэчным. Ці ўсё невыпадкова? Сёлетні ваенны перформанс адметны тым, што ў яго будзе не адзін вярхоўны глядач, а адразу два. Кампанію галоўнаму беларускаму «франтавіку» складзе расійскі калега, той самы, што «ла-ла-ла». Можа, беларускія экзэрсісы з мужчынскімі цацкамі павінны намякнуць яму: у нас – не Украіна?

На прыкладзе Беларусі (а па Расіі яшчэ лепей) бачна, што комплекс пераможцы часам бывае больш небяспечным за комплекс паражэнца


Беларускія спекуляцыі на тэму вайны – змушаныя. Вядома ж, што да нападу фашыстаў у Беларусі гісторыі не было (таму помнік Альгерду – сапраўдны подзвіг). А пасля 1945 года можна вылучыць некалькі вех. Жылі ў Саюзе, неяк атрымалі незалежнасць, але захавалі СССР, адмовіліся ад беларускай мовы ў якасці адзінай дзяржаўнай, «развялі» Расію на нафту і газ – дасягненні так сабе.

Нашаму пакаленню прапаноўваюць жыць за чужы кошт. Прапаноўваюць ганарыцца перамогай, якая нам, кажучы прама, калі і належыць, то вельмі ўскосна. Яе ўласнікі – тыя, хто ваяваў, а не абстрактны беларускі народ. Ведаеце, у 7-м класе з ансамблем гітарыстаў я заняў на конкурсе «Веснавы праменьчык» трэцяе месца. І калі мой сын аднойчы скажа, што гэта і яго перамога, я пагляджу на яго са здзіўленнем.

Такое становішча рэчаў у краіне тлумачыцца проста. У вайну людзі ратавалі свет, пасля яе – аднаўлялі гарады, будавалі заводы і камунізм, няхай яго халера. А чым можам ганарыцца мы? Якія ў пакаленняў беларусаў ёсць перамогі за апошнюю чвэрць века, калі не лічыць хакейны цуд у Солт-Лэйк-Сіці, поспех Ксюшы Сітнік на дзіцячым «Еўрабачанні» і заробак па 500?

На прыкладзе Беларусі (а па Расіі яшчэ лепей) бачна, што комплекс пераможцы часам бывае больш небяспечным за комплекс паражэнца. Наша краіна працягвае з гэтым комплексам жыць, ды яшчэ старанна песціць яго. Нас па-ранейшаму баяцца ўсе фашысты на зямлі, і мы адны іх можам спыніць – толькі дайце бульбу сабраць. Між тым Германія, Італія і Японія, якія саступілі ў вайне, уцяклі досыць далёка. Без усялякіх сантыментаў.

І апошняе. Ніводзін з простых франтавікоў, з якімі даводзілася сустракацца, не жыў у раскошы, мякка кажучы. Затое 3 ліпеня ў нас пройдзе шыкоўны парад. Беларускія ветэраны для нашага грамадства – тое самае, што для саміх ветэранаў іх парадная форма. Яе дастаюць пару разоў на год, каб пасля схаваць у шафу і да наступнай нагоды забыць. І пры гэтым працягваць на словах жыць мінулым, нібыта менавіта ў мінулым – наша будучыня.

Новости по теме

    Чаму Лукашэнка загаварыў па-беларуску

    Для таго, каб Лукашэнка ўчора выступіў па-беларуску, нам трэба было пражыць у незалежнай краіне 20 гадоў. За гэты час і сам прэзідэнт прыйшоў да таго, што без беларускай мовы няма беларускай нацыі, аб чым ён заявіў пару месяцаў таму ў пасланніподробности

Последние новости