Беларусь атрымалася

Газета Глускага райвыканкама «Радзіма» заўсёды была для мяне рупарам часу. Некалі яна паведамляла пра жыццё аднайменнага калгасу, пра надоі, палеткі і трактары. Ішоў час, Алексіевіч выдала «Цынкавых хлопчыкаў», у Вільні адрадзілі «Нашу Ніву», у Мінску знайшлі Курапаты, Адамовіч напісаў пра беларускую Вандэю, а газета «Радзіма» працягвала паведамляць пра надоі, палеткі і трактары. Газета «Радзіма» сталася для мяне пульсам Беларусі, тым, што кажа Беларусь у сваім глыбокім сне.

«Краiна Беларусь жыве без нас. Без нас будуюцца дамы, дарогі і масты», — напісаў некалі Валянцін Акудовіч, і нас усіх, з нашымі надзеямі, катастрофамі і маленькімі перамогамі, сапраўды не было — прынамсі, на старонках газеты «Радзіма» Глускага райвыканкама. Сюды трапляла толькі галоўнае і сапраўднае: падрыхтоўка тэхнікі да ўборачнай, жніво, канцэрт гурта «Рукі ўверх» у Баранавічах.

Калі ў мінулыя выходныя я адкрыў газету «Радзіма», я раптам зразумеў: нешта змянілася. Назва артыкула была сціплай і плоскай, як неба Глушчыны: «Ён пісаў тое, што бачыў». Пад артыкулам змешчанае невялічкае фота. Артыкул — пра Васіля Быкава

«Простыя рэчы» — паведамляе нам бігборд на трасе, што вядзе з Мінска ў Заслаўе. На бігбордзе выяўленыя лодка і возера. Ён рэкламуе агратурызм. Бігборд прысутнічае ў некалькіх варыяцыях, кожны з якіх мае гэтае культавае словазлучэнне: «Простыя рэчы». Крышачку раней песня «Простыя рэчы» штовечар гучала на цэнтральным тэлеканале, у роліку velcom. І вось мне цікава: што адчуў Міхал Анепандыстаў? Ці зварухнулася сэрца? Ці прыемна было забароненаму музыку Лявону Вольскаму, калі раптам па ЦТ пусцілі песню, за якую яго памятаюць і любяць?

Удакладню: гэта ўсё не «партызаншчына». Я цалкам выключаю, што газета «Радзіма» публікавала пра Быкава ў абыход выканкама ці velcom рабіў той ролік у спадзяванні, што «пільныя асобы» не зразумеюць, а ўсе астатнія пасміхнуцца вынаходніцтву дасціпных хітраванаў-рэкламістаў, якія такім чынам перадалі прывітос усім нармальным людзям краіны. Не, гэта прыкметы часу, зрухі з самай глыбіні (Глуск!)

Над Мінскам лунаюць расцяжкі з Мірскім замкам. Углядаюся ў слоган: «Гісторыя — тое, што нас аб’ядноўвае». Гісторыю ілюструе не Вялікая Айчынная, а Мірскі замак. У Віцебску тым часам пад выццё па-славянафільску настроеных грамадзян ставяць помнік Альгерду. У Магілёве «за неадпаведнасць рэаліям» змяняюць назву Савецкай плошчы, прычым сваё рашэнне старшыня гарвыканкама абвяшчае па-беларуску.

Выява «Закаханых у небе» Марка Шагала рушыць у святочнай калоне Віцебскай вобласці на парадзе, прысвечаным Дню незалежнасці. Шагал робіцца адным з сімвалаў дзяржавы, недзе паміж гербам і сцягам. У самім Віцебску з Шагала зроблены культ, кшталту таго, што ў Барысаве зладжаны вакол футбольнага клуба «БАТЭ» (там ёсць нават кавярня «БАТЭ», сам бачыў!). Шагал у Віцебску цяпер нават на аўтазапраўках.

І вось ці маглі мы гэта ўсё дапусціць 10-15 гадоў назад? Ці маглі мы марыць, што паўсюль у сталіцы будуць стаяць сіці-лайты з надпісамі «Каханне» — маё першае слова па-беларуску»? Што моўныя курсы будуць збіраць сотні людзей?

Памятаю, 12 гадоў таму, у 2002 годзе, дзяржаўная «Народная газета» надрукавала артыкул Эдуарда Скобелева «Усяму даваць адзнаку кожны мае права», у якім сцвярджалася, што Шагал «скрадаў» народную маёмасць, дапамагаў пазбегнуць службы ў войску сотням адзінаверцаў, з якіх за свае «даведкі» да таго ж патрабаваў «камісійныя». Тады здавалася, што ўсё жывое: гісторыя, архітэктура, жывапіс, літаратура — забароненае ў Беларусі назаўсёды. Што над краінай увесь час будуць панаваць нейкія іншыя сілы і тэндэнцыю гэтую не пераадолець.

Цяпер на адкрыцці дома-музея Васіля Быкава выступае сенатар Мікалай Чаргінец, які перадае ў дар, для калекцыі, архіў свайго ліставання з класікам.

Чамусьці мне здаецца, што калі б па Мінску ліпеня 2014 года прайшоўся нацыяналіст-рамантык з сярэдзіны 90-х, калі б ён завітаў на моўныя курсы, падзівіўся на рэкламу, пачытаў навіны і пабачыў выставы ў музеях (ну, напрыклад, пра сто гадоў беларускага авангарду), ён бы проста не паверыў сваім вачам. У палове рэстаранаў меню па-беларуску. Што праўда, калі спытаць у дзяўчыны-афіцыянткі нешта пра склад страваў, яна хутчэй за ўсё пачырванее і пачне лепятаць, што яна «на мове не очэнь можа». Але тым не меней, тым не меней.

Самае цікавае: перамога прыйшла без пачуцця перамогі. Нацыянальна арыентаваныя сілы не атрымлівалі доступу да ўлады. Проста ўлада праз збег абставін, далёкіх ад пытанняў адраджэння, павольна зрабілася нацыянальна арыентаванай сілай. Так, ёсць і прыкрае: дэвелаперы фактычна разнеслі цэнтр Мінска, цяпер ужо і ўздоўж Свіслачы на Нямізе гуляць непрыемна, так, вуліцы Караткевіча дагэтуль няма, а ў рэгіёнах ідзе такая «рэстаўрацыя» помнікаў, за якую варта было б паадрываць галовы. Але давайце сканцэнтруемся на добрым. На Альгерду ў Віцебску, на мове ў Мінску, на Быкаву, на Шагалу нарэшце.

Здаецца, нядаўні выступ адной знанай асобы па-беларуску быў сігналам да паскарэння працэсаў, пра якія я пішу. Той заснаваны на савецкай ідэнтычнасці (Вялікая Айчынная, братэрства народаў і г.д.) праект, які будаваўся ў Беларусі ў мінулыя гады, пацярпеў паразу ва ўкраінскім Крыме. Не выключаю, што хутка яны паставяць помнікі Радзівілам і Сапегам, а бітву пад Оршай пачнуць святкаваць на ўзроўні гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сенатары пачнуць выдаваць раманы на беларускай мове, а «эстрада», якая цяпер выдае свае «упца-упцы» на фені Мішы Шуфуцінскага, пачне засвойваць фрыкатыўнае «г» непасрэдна на сцэне.

Прыгажосць існага моманту — у тым, што цяпер усё па-сапраўднаму.

Людзі пішуць вершы па-беларуску не таму, што ім загадалі ў райвыканкаме, а таму, што так ім пішацца. Людзі ходзяць на моўныя курсы не праз размеркаванне з дэканатаў, а з цікавасці да роднай мовы. Усе гэтыя дзеянні ў выніку прыводзяць да мяккага адраджэння. Адраджэння не праз выбух свядомасці, а праз павольнае змяненне складу думак у галовах тых, хто думае, што яны — «супраць нацыяналізму».

Шмат гадоў мы прывучалі сабе да думкі, што мы пацярпелі паразу. Але параза людзей не заўсёды азначае паразу ідэі, якую яны ўвасабляюць. Бо сапраўднае не забіць.