Апазіцыя пад лупай

Гэтая публікацыя з’явілася на старонцы нямецкага Фонду Конрада Адэнаўэра яшчэ ў ліпені. Яна належыць нямецкаму службоўцу, які ўзначальвае аддзяленне Фонду для працы з Беларуссю. Невядома, у якой ступені выкладзеныя тут ацэнкі і прагнозы адлюстроўваюць пазіцыю афіцыйнага Берліну, аднак несумненна, што яны звязаныя з практычнай нямецкай палітыкай. Пакідаем чытачам магчымасць самім ацаніць ступень аб’ектыўнасці ацэнак патэнцыялу палітычных сілаў Беларусі, іх класіфікацыі. Запрашаем палітычных экспертаў і практыкаў да дыскусіі вакол апублікаванага тэксту.

Штэфан Малерыус

НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ, СВАБОДА, ЕЎРАПЕЙСКІ ВЫБАР

24 ліпеня 2009

Хутчэй за ўсё, позняй восенню 2010 г. у Беларусі пройдуць чарговыя прэзідэнцкія выбары. Наўрад ці хто сумняваецца, што Аляксандр Лукашэнка возьме ў іх удзел, каб пайсці на чацвёрты тэрмін. Спрэчны рэферэндум 2004 г. робіць гэта магчымым. Але хто будзе супернікам? Ці пагодзіцца дэмакратычная апазіцыя на адзінага кандыдата? Як рыхтуюцца дэмакратычныя партыі Беларусі да выбарчага году? Якія пытанні цяпер вызначальныя?

Дэмакратычная апазіцыя Беларусі да апошніх прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 г. на дзіва хутка дамовілася аб’яднацца вакол адзінага кандыдата, але пасля гэтая еднасць была страчаная. За амаль тры гады практычна ўсе незалежныя акторы заняліся ўнутранымі канфліктамі і заканамерна сышлі ў палітычную нязначнасць. Лукашэнку лёгка было весці гульню і, магчыма, нават без індактрынацыі насельніцтва праз мас-медыя мець адносна высокі ўзровень падтрымкі.

Вайна паміж Расіяй і Грузіяй, гэтаксама як глабальны фінансавы крызіс, які моцна ўдарыў па Беларусі, радыкальна змянілі рамкавыя палітычныя ўмовы. Абедзве падзеі маюць далёкасяжны ўплыў на ўнутраную сітуацыю краіны. Збліжэнне Беларусі і Еўрапейскага Саюза, якое назіраецца ў выніку канфлікта на Паўднёвым Каўказе з жніўня 2008 г., мела таксама вынікам свайго роду кансалідацыю апазіцыі. Асабістыя разыходжанні адступілі на задні план, але абазначыліся дзве процілеглыя палітычныя групы, якія займаюць па галоўных пытаннях моцна адрозныя пазіцыі: праеўрапейскі блок і традыцыйная кааліцыя Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

Праеўрапейскі блок: а) Мілінкевіч, "За свабоду"

Праеўрапейская фракцыя ў дэмакратычным спектры заклікае да ўмацавання еўрапейскага вектару ў беларускай замежнай палітыцы і як мага шырэйшага ўдзелу Беларусі ў праграме "Усходняга партнёрства". Яна гатовая ў прынцыпе супрацоўнічаць з рэжымам Лукашэнкі, калі гэта прывядзе да паляпшэння дачыненняў паміж ЕС і Беларуссю. На чале гэтай фракцыі стаіць Аляксандр Мілінкевіч з яго рухам "За свабоду".

Апазіцыя пад лупайМілінкевіч – адзіны знакаміты апазіцыйны палітык, які ў кастрычніку 2008 г. вітаў рашэнне ЕС прыпыніць забарону на ўезд Лукашэнку ды іншым афіцыйным асобам. Таму ў асяродку апазіцыі ён быў абвінавачаны ў здрадзе. Яго падтрымліваюць пераважна хрысціянскія дэмакраты; пашыраецца яго прызнанне ў асяродку большасці незалежных маладзёжных арганізацыяў, якія нядаўна выступілі з незвычайнай публічнай ініцыятывай: група выбітных прадстаўнікоў новага пакалення палітыкаў у Беларусі ў траўні апублікавала маніфест, дзе заявіла пра гатоўнасць узяць на сябе адказнасць за краіну і неабходныя змены.

Пад лозунгам "Незалежнасць, свабода, еўрапейскі выбар" сцвярджаецца, што "Беларусі неабходна далучацца да працэсаў еўрапейскай інтэграцыі ды рэфармаваць гаспадарчы і палітыка-прававы лад у адпаведнасці з крытэрамі сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе". Вяртанне Беларусі ў еўрапейскую сям’ю вольных нацыяў магчымае толькі праз "вяртанне нашага грамадства да еўрапейскіх каштоўнасцяў, у першую чаргу – хрысціянскіх і дэмакратычных, такіх як свабода, справядлівасць, сумленнасць, любоў да свайго народа, мовы і культуры". Далей гаворыцца, што група падтрымлівае дзеянні Аляксандра Мілінкевіча па наладжванні стасункаў Беларусі з Еўрапейскім Саюзам дзеля ўмацавання незалежнасці краіны на ўмовах дэмакратызацыі і павагі да правоў чалавека.

Увосень Мілінкевіч плануе "Еўрапейскі Форум", які павінен паспрыяць далейшай кансалідацыі праеўрапейскіх сілаў у Беларусі. На больш як 80 рэгіянальных сходах былі папярэдне вызначаныя дэлегаты на Форум паводле прынцыпу адкрытасці для ўсіх дэмакратычных сілаў краіны. Пасля гэтага прадугледжваецца "інтэнсіўная праца дзеля еўрапеізацыі Беларусі". Не выключана, што падчас Форуму Мілінкевіч будзе намінаваны як кандыдат у прэзідэнты ад праеўрапейскага блоку.

Трэба падкрэсліць, што пакуль гэта ўсё перадусім дэкларацыі аб намерах. Як будзе выглядаць палітычная стратэгія праеўрапейскай групы ці што належыць разумець пад "еўрапеізацыяй Беларусі", дагэтуль не патлумачана.

б) Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД)

Найбольш актыўная сіла у дэмакратычнай апазіцыі цяпер Беларуская партыя хрысціянскай дэмакратыі. Партыя была нефармальна заснаваная ў 2005/2006 гг. асобамі, якія паходзяць пераважна з маладзёжнага руху "Малады Фронт". Як кіраўніцтва партыі (якое складаецца з чатырох "сустаршыняў"), так і ядро партыйных актывістаў – пераважна маладыя палітыкі, якія выступаюць за змену пакаленняў у апазіцыйным руху. БХД – адна з ініцыятараў вышэйзгаданага маніфесту. Хаця ў траўні партыя абвясціла пра свайго ўласнага "кандыдата ў прэзідэнты", яна заяўляе пра сваю падтрымку кандыдатуры Мілінкевіча і гэтаксама бярэ актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Еўрапейскага Форуму ўвосень.

Апазіцыя пад лупайБыло тры спробы зарэгістраваць БХД. Усе заяўкі былі адкінутыя, апошні раз Міністэрства юстыцыі ў Мінску адмовіла БХД ў рэгістрацыі 12 траўня і падало ў якасці абгрунтавання шэраг тэхнічных пытанняў да пратаколу й спісу ўдзельнікаў устаноўчага з’езду. Цягам некалькіх тыдняў пасля з’езду многія сябры БХД, асабліва ў рэгіёнах, патрапілі пад моцны ціск з боку службаў бяспекі, якія, акрамя іншага, пагражалі ім стратай працы. Гэты працэс паказвае, што ўлады разглядаюць БХД як сур’ёзны апазіцыйны рух і баяцца, што легалізацыя партыі можа паспрыяць яшчэ большай яе папулярнасці. Кіраўніцтва партыі перакананае, што ў выпадку рэгістрацыі колькасць яе сяброў адразу падвоіцца.

БХД ужо мае структуры ў добрай сотні гарадоў і мястэчак Беларусі. Яна абапіраецца на ядро партыйцаў у царкоўных прыходах, якія належаць да найбольш сацыяльна актыўных групаў у краіне, і пры гэтым падтрымліваецца прадстаўнікамі ўсіх хрысціянскіх вызнанняў у Беларусі (пратэстантызм, каталіцтва, праваслаўе). Галоўная праблема БХД — яе моцная канцэнтрацыя на рэлігійна-сацыяльных тэмах (аборты, моцная сям’я, акультызм) і займанне няўзважаных і радыкальных пазіцыяў. У той жа час партыя дагэтуль не мае шырокага палітычнага профілю.

Традыцыйны блок: а. Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС)

Праеўрапейскі блок супрацьстаіць Аб’яднаным дэмакратычным сілам, якія гадамі сцвярджаюць, што прадстаўляюць адносна аб’яднаную дэмакратычную апазіцыю ў Беларусі. Ядро АДС цяпер скарацілася да трох партыяў, чый агульны назоўнік – супраціў рэжыму Лукашэнкі. Аднак з праграмнага гледзішча паміж камуністамі, Беларускім народным фронтам (БНФ) і Аб’яднанай грамадзянскай партыяй (АГП) ляжыць прорва. Напрыклад, заява лідэра камуністаў, што Беларусь павінна прызнаць Абхазію ды Паўднёвую Асецію, ці яго выказванне, што Расія мае права анэксаваць Крым, непрымальныя і для БНФ, і для АГП.

Апазіцыя пад лупайУсе партыі ў гэтай штучнай кааліцыі знаходзяцца паасобку ў глыбокім крызісе. У той час як камуністы нядаўна паспрабавалі ўзяць новае імя (і набыць новы імідж), каб звярнуцца да маладзейшых групаў выбаршчыкаў, БНФ сур’ёзна аслаблены шматлікімі ўнутранымі падзеламі ды выключэннямі ў апошнія месяцы, і ёсць небяспека, што на партыйным з’ездзе ў пачатку верасня ён зусім распадзецца. Урэшце, у АГП многія рэгіянальныя структуры таксама перабягаюць да Мілінкевіча, і партыйны цэнтр у Мінску рызыкуе страціць кантроль над рэгіянальнымі аддзяленнямі.

Спроба АДС вярнуць сабе палітычную ініцыятыву праз так званую Антыкрызісную праграму апазіцыі пацярпела няўдачу. Праграма з’явілася занадта позна, яна занадта статычная і як эканамічная праграма кааліцыі малаверагодная, бо цяжка ўявіць, што ліберальныя рынкавыя эксперты Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды камуністы захочуць узгадняць эканамічную палітыку. Іншых праграмных акцэнтаў не робіцца, а пазіцыя АДС наконт збліжэння паміж Беларуссю і Еўропай абмежаваная салідным пералікам палітычных патрабаванняў да рэжыму Лукашэнкі, Еўропе ж прапануецца прыняць гэты пералік як кіраўніцтва да дзеяння. Наколькі самі пункты паасобку вельмі правільныя, нагэтулькі нерэалістычным і нязначным з’яўляецца гэты спіс для працэсу дэмакратызацыі, які будзе цягнуцца коратка ці доўга, бо яго ўвасабленне, гледзячы прагматычна, зойме гады.

Паколькі АДС не ўдавалася гадамі дамагчыся істотнай пазнавальнасці ў сваёй краіне, не чакаецца, што гэтая кааліцыя са сваім намерам назваць адзінага кандыдата ў прэзідэнты да вясны 2010 г. зможа атрымаць вялікі водгук у народзе.

б) Казулін

Іншы палітычны цяжкавагавік у дэмакратычнай апазіцыі – Аляксандр Казулін, да 2003 г. рэктар Дзяржаўнага універсітэта ў Мінску, у 2006, поруч з А.Мілінкевічам, вылучаны на кандыдата ў прэзідэнты адной з многіх сацыял-дэмакратычных партыяў, якую ён папярэдне пераняў праз пераварот. Падчас закалотаў пасля выбараў у сакавіку 2006 г. Казулін быў арыштаваны і асуджаны на пяць гадоў турмы.

Апазіцыя пад лупайЁн стаў найбольш знакамітым палітычным вязнем у краіне, яго вызваленне ў жніўні 2008 г. прывяло да перыяду лібералізацыі ў Беларусі й да збліжэння паміж Беларуссю і ЕС. Казулін быў у сваю чаргу скінуты з пасады старшыні сацыял-дэмакратаў незадоўга да вызвалення праз унутрыпартыйны пераварот, і з таго часу ён шукае сваё палітычнае прыстанішча. Ці будзе паспяховай яго нядаўняя спроба заснаваць радыкальна-кансерватыўны блок пад назвай "Наш беларускі дом", сумнеўна. Казулін хоча абапірацца на ўплывовыя групы беларускай дэмакратычнай інтэлігенцыі, да якіх ён раней, аднак, не быў блізкі. Наадварот, у 90-я гады ён адназначна належаў да рускамоўнай наменклатуры краіны.

Гэтаксама Казулін, які не мае палітычнага профілю, можа памяняць праграму. Можна чакаць, што ён будзе абапірацца на сваю рэпутацыю палітычнага вязня і дзякуючы гэтаму нарошчваць еўрапейскія кантакты. Ва ўнутранай палітыцы ён блізкі да Аб’яднаных дэмакратычных сіл, прапагандуе бескампрамісны супраціў рэжыму Лукашэнкі і не мае яснай пазіцыі ў пытанні еўрапейскай арыентацыі Беларусі.

Супрацоўніцтва з рэжымам ці апазіцыя

У цэлым можна назваць два пытанні, у якіх вызначыліся дзве канкурэнтныя групы апазіцыі ў Беларусі цягам апошніх некалькіх месяцаў: еўрапейскае вымярэнне іх краіны ды магчымае супрацоўніцтва з Лукашэнкам. Абодва пытанні шчыльна звязаныя паміж сабой.

Паколькі было вырашана, што Беларусь удзельнічае ў праграме "Усходняга партнёрства" і санкцыі ЕС супраць эліты краіны часова прыпыняюцца, магчыма, што тэма "Еўропы" ва ўнутрыпалітычных дэбатах бліжэйшых месяцаў і ў выбарчай кампаніі 2010 году стане цэнтральным пытаннем. Лукашэнка імкнецца ў сваёй звыклай манеры захапіць гэтую тэму сам, апошнімі тыднямі ён не стамляўся паўтараць, якое карыснае "Усходняе партнёрства" для Беларусі. Ён спрабуе, як раней па іншых пытаннях, ідэйна абяззброіць дэмакратычную апазіцыю. Апошняя спрабавала зладзіць "Еўрапейскі марш" як дэманстрацыю пратэсту супраць Лукашэнкі.

Тым часам як Мілінкевіч, так і хрысціянскія дэмакраты заяўляюць пра гатоўнасць супрацоўнічаць з Лукашэнкам у еўрапейскім пытаньні. І Лукашэнка нядаўна публічна ахарактарызаваў Мілінкевіча як канструктыўнага палітыка.

Калі прыгледзецца бліжэй, выяўляюцца фундаментальныя разыходжанні пазіцыяў. У той час калі Лукашэнка зацікаўлены толькі ў фінансавай і тэхнічнай падтрымцы ЕС і ў тым, каб беларуская прадукцыя вольна прадавалася на еўрапейскім рынку, але адхіляе ўсе прэтэнзіі ЕС (наконт дэмакратычнай рэформы і г.д.), група Мілінкевіча заяўляе пра захаванне дзяржаўнай незалежнасці, дэмакратызацыю Беларусі ды павагу да асноўных правоў чалавека. Такім чынам, для праеўрапейскай апазіцыі ў бліжэйшыя некалькі месяцаў вельмі важна пераканаўча вызначыць гэтыя разыходжанні й не спыняцца на голых дэкларацыях, але ўвязаць сваю пазіцыю з канкрэтнымі стратэгіямі й канцэпцыямі.

Традыцыйная апазіцыя АДС, у сваю чаргу, апынулася перад класічнай дылемай. Пасля гадоў зацятай барацьбы супраць Лукашэнкі яна не можа сабе ўявіць супрацоўніцтва з ім. Яна бачыць адстаўку ці сыход сп. Лукашэнкі адзіным дапушчальным для Беларусі рашэннем. У той самы час, напрыклад, старшыня АГП выключае рэвалюцыйны сцэнар і прызнае, што яго краіна, па ўсёй верагоднасці, будзе змяняцца эвалюцыйным чынам. Аднак ён пакуль што не мае бачання, як эвалюцыйныя змены будуць выглядаць на персанальным узроўні.

Для Еўропы выглядае важным падтрымліваць тыя сілы ў Беларусі, якія хочуць наблізіць краіну да ЕС. Яны ёсць і ў цяперашнім урадзе, і ў некаторых частках апазіцыі. Асцярожны дыялог, які развіўся ў краіне паміж абодвума лагерамі, мусіць умацоўвацца, пры гэтым Еўропа можа пэўна выступаць у якасці мадэратара.

поделиться

Новости по теме

    Мілінкевіч склікае Кангрэс праеўрапейскіх сіл

    Бліжэйшымі днямі вялікай колькасці дэмакратычных актывістаў будзе дасланы ліст ад старшыні руху "За свабоду" Аляксандра Мілінкевіча. Адрасатаў будзе блізу 5-6 тысяч – пераважна гэта ўдзельнікі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2006 года.подробности

Последние новости