За нашу і вашу свабоду

Я зь юначых гадоў ведаю і люблю Літву, літоўскую культуру, літоўскую мову. Сёе-тое зрабіў для ўмацаваньня повязяў паміж нашымі народамі. Вось нядаўна пры зычлівым спрыяньні Амбасады Літвы выдаў "Кароткую граматыку літоўскай мовы" для беларусаў. У другой палове 80-х трымаў самыя шчыльныя сувязі зь літоўскімі незалежнікамі, удзельнічаў у асноўных акцыях Саюдзісу, успрымаючы ягоную справу як сваю. У студзені 91-га быў на начным дзяжурстве каля Парлямэнту Літвы і да скону не забудуся на той трывожны пах дыму ад вогнішчаў.

Шаную выбар літоўскага народу, зроблены падчас свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў. У афіцыйнай біяграфіі сп-ні Д. Грыбаўскайце нічога не гаворыцца пра тое, дзе яна была ў вызначальныя для незалежнасьці Літвы дні студзеня 1991 году, але цешуся, што цяпер яна зьяўляецца літоўскай дзяржаўніцай.

А вось дзе і з кім тады быў Алесь Бяляцкі, я ведаю дакладна. Па адзін бок барыкадаў з той Літвой, якая бараніла сваю адноўленую свабоду. Алесь Бяляцкі быў дэпутатам Менскага гарадзкога Савету і ў трагічныя дні студзеня 1991 году, калі савецкія агрэсары пралілі кроў свабодных людзей у Вільні, разам зь іншымі рашуча і адназначна выступіў у падтрымку незалежнай Літвы. Як дэпутат і як сябра кіраўніцтва БНФ, куды ён уваходзіў да таго, як стаць праваабаронцам, Бяляцкі адважна змагаўся супраць спробы рэваншысцкага крамлёўскага путчу ў жніўні 1991 году, які нёс страшэнную пагрозу і Беларусі, і Літве. І гэта толькі малая частка зьдзейсьненага ім.

Алесь Бяляцкі ёсьць знакавай постацьцю беларускага незалежніцкага руху. Яшчэ ў 1982 годзе, акурат калі член КПСС сп-ня Грыбаўскайце рыхтавалася да пераходу на працу ў Вышэйшую партыйную школу, Алесь Бяляцкі стаў сузаснавальнікам падпольнай "Групы Незалежнасьць". Самвыдавецкі друк і распаўсюд, графіці, падпольныя гурткі – тады, калі за само слова "Незалежнасьць" сьвяцілі доўгія гады зьняволеньня.

І вось некаторыя паважаныя літоўскія дзеячы нават намякаюць: а ці не было вяртаньне Бяляцкага ў Беларусь пасьля папярэджаньня, што гэта рызыкоўна, складоваю часткаю хітрамудрага антылітоўскага сцэнара? Гэта значыць Алесь Бяляцкі сеў у турму, каб з падачы Крамля насаліць Літве?! І гэта пра бескампраміснага і ахвярнага змагара за незалежную Беларусь. Гатовага за свае ідэалы ісьці ў турму.

Што ж, сумнеўнага незалежніка з 30-гадовым стажам Бяляцкага агульнымі намаганьнямі пасадзілі, каб не перашкаджаць новасьпечанаму бясспрэчнаму незалежніку Лукашэнку абараняць такую каштоўную для яго незалежнасьць Беларусі?

Несумненна, вострыя ацэнкі сп-ні прэзыдэнт у адрас беларускай апазыцыі адцягваюць увагу ад маральнай і палітычнай праблемы арышту Алеся Бяляцкага, за які нясе вялікую долю адказнасьці дзяржаўны апарат Літвы. А значыць, літоўская дзяржава на добры лад павінна – абавязана! – выкарыстаць усе свае і эўразьвязаўскія інструмэнты для вызваленьня беларускага барацьбіта за свабоду і правы людзей Алеся Бяляцкага. І, натуральна, беларусы спадзяюцца на ўдзел Літвы ў вызваленьні ўсіх палітычных вязьняў, толькі пасьля якога сп-ня Грыбаўскайце будзе мець маральнае права павучаць беларускую апазыцыю.

Але ёсьць у гэтай справе кантэкст, шырэйшы за літоўскі.

Міма ўвагі камэнтатараў сышла важная дэталь вікіліксаўскага працёку пра сустрэчу часовага паверанага ЗША ў Менску Дж. Мура зь Віктарам Лукашэнкам. Апошні, паводле дэпэшы, кажа амэрыканскаму дыплямату: "…ціск ураду ЗША прымушае Беларусь збліжацца з Расеяй". Падзея адбываецца ўвесну 2008 году. Прыблізна тады ж, калі аўтар гэтых радкоў пачуў у Брусэлі заяву высокапастаўленага эўрапалітыка пра зьмену вехаў – аднаўленьне поўнафарматных кантактаў з А. Лукашэнкам, бо ён, маўляў, тады ня сыдзе ў Расею, а будзе бараніць незалежнасьць Беларусі. Г. зн. у верхавіне ўладнай клікі Беларусі ўжо на той момант была поўная каардынацыя стратэгіі: запускаць у вушы эўрапейцаў і амэрыканцаў па ўсіх каналах тэзу пра цьвёрдых незалежнікаў у кіраўніцтве дзяржавы, якім трэба зразуменьне, дараваньне дыктатарскіх грахоў і падтрымка з боку Захаду.

Ня ведаю, хто першы ў Брусэлі, ці Бэрліне, ці Варшаве, ці Вільні тады падтрымаў абодвух Лукашэнкаў. Але неад’емная частка гэтай "новай стратэгіі" – раскол і падзел беларускай апазыцыі, які пачаў ажыцьцяўляцца ў 2008 годзе. Менавіта тады некаторыя эўрапейскія палітыкі абвясьцілі, што абараніць незалежнасьць Беларусі можа толькі Лукашэнка і што надалей кантактаваць трэба зь ім. Гэты паварот катастрафічна паўплываў на некаторыя апазыцыйныя структуры, на залежных ад вонкавага спрыяньня дзеячоў. Дагэтуль збольшага адзіную апазыцыю на радасьць Лукашэнку (і ці не на ягоную замову) пасьпяхова раскалолі. Запанавала няхітрая схема: маўляў, калі ты незалежнік – значыць, шукай яўнага ці негалоснага саюзу з Лукашэнкам, спыні крытыку, заяві пра "дыялёг"; калі ж пасьлядоўна выступаеш супраць дыктатара і дыктатуры – значыць, ты ня можаш ня быць прарасейскім. Месца ж прынцыповым незалежнікам, якія не прымаюць рэжым, нібыта і не заставалася. Хаця рэжым і надалей працягваў нішчыць беларускую ідэнтычнасьць і мову ды аніяк не зьбіраўся набліжаць Беларусь да эўрапейскай прасторы дэмакратычных каштоўнасьцяў.

Але ўрэшце пацярпелі крах рэпутацыі тыя апазыцыянэры, хто засьпяваў пра "нечуваную лібэралізацыю" і стаў шукаць сабе месца ў дзяржаўнай машыне. Калі хто забыў, то Ўладзімер Караткевіч нагадае: здраду прымаюць, а здрадніка вешаюць.

Трэба прызнаць, што абвінавачаньні ў адрас шматкроць бітай і саджанай, але ня скоранай беларускай апазыцыі, якія раптам загрымелі з вуснаў галоўнай чыноўніцы літоўскае дзяржавы, часткова мелі падставу. Сапраўды, некаторыя беларускія палітыкі ў свой час нагаварылі нямала пракрамлёўскіх рэчаў. Але, як і ў ранейшым падобным выпадку з Казуліным, іхныя правы і свабоду цяпер адстойвае зусім не Масква, а найперш Вашынгтон. Пацярпелі крах ілюзіяў тыя, хто ўглядаў саюзьніка беларускай дэмакратыі ў Крамлі: той бліжняга свайго ня здасьць, хаця будзе аслабляць да апошняга.

З трагічнага ўроку, спадзяюся, усімі будуць зробленыя высновы.

Цяпер час наноў яднацца – тым, хто ня мае ілюзіяў ані наконт рэжыму, ані наконт Крамля. Нагадаць беларускаму народу і сьвету, што незалежнасьць і свабода – узаемаабумоўленыя і непарыўныя каштоўнасьці.

Наастачу належыць падзяка усім сумленным і шчырым сынам і дочкам Літвы, якія заявілі пра адказнасьць сваёй дзяржавы і сваю асабістую за сытуацыю з Алесем Бяляцкім, памятаюць пра іншых палітычных вязьняў, якія не забыліся на сьвятое братэрства 1991 году і на спокліч "Už mūsų ir jūsų laisvę" – "За нашу і вашу свабоду".

поделиться