ЗША дзейнічаюць паслядоўна

Прадстаўнікі Партыі БНФ Вінцук Вячорка і Лявон Баршчэўскі знаходзіліся з візітам у Злучаных штатах Амерыкі. Пра вынікі паездкі і статус "беларускага пытання" ў ЗША сайту www.udf.by расказаў сябра сойма Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

— Чаму была прысвечаная паездка?

— Нас запрасіў Інстытут дэмакратыі ва Усходняй Еўропе. Гэта вашынгтонская арганізацыя, якая яшчэ з 80-х гадоў падтрымлівала антыімперскія, антыкамуністычныя рухі ў нашым рэгіёне свету. Натуральна, што ў сітуацыі, калі падзеі ў Беларусі здалёк могуць памылкова ўспрымацца, мы прынялі запрашэнне наведаць урадавыя структуры Злучаных Штатаў Амерыкі. Аднак пачалі мы падарожжа з сустрэчаў з беларусамі. Спецыяльна адзначу з вялікім задавальненнем сустрэчу са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвіллай, з іншымі сябрамі Рады БНР, якія жывуць у Нью-Йорку і Нью-Джэрсі: Аллай Орса-Романо, Вячкам Станкевічам, Сяргеем Сокалавым-Воюшам і іншымі.

Гутарка з Івонкай Сурвіллай пацвердзіла, што Рада БНР разглядае абарону ідэалаў 25 сакавіка ў сённяшняй сітуацыі як неабходнасць і далей змагацца за незалежнасць і свабоду як за неаддзельныя каштоўнасці. І не падзяляе поглядаў пра магчымасць зацягнуць Беларусь у Еўропу разам з Лукашэнкам.

Я думаю, што супольная заява Івонкі Сурвіллы, Станіслава Шушкевіча, Зянона Пазняка і Аляксандра Казуліна ў Празе, ад падпісання якой адмовіўся Аляксандр Мілінкевіч, якраз і ёсць пэўная дэкларацыя гэтых прынцыпаў, важная і перспектыўная.


— З якімі прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і грамадскай супольнасці ЗША вы сустракаліся?

— Мы сустрэліся ў Вашынгтоне фактычна з усімі адказымі за наш рэгіён — Еўропу і Еўразію — у Дзяржаўным дэпартаменце, у Радзе нацыянальнай бяспекі, у Кангрэсе з сенатармі і кангрэсменамі, якія займаюцца міжнароднай палітыкай. Вядома, што ў Вашынгтоне цяпер новая адміністрацыя. Мяняюцца палітыкі, мяняюцца ўрадоўцы, аднак Акт аб дэмакратыі ў Беларусі — галоўная заканадаўчая база для палітычных стасункаў з нашай краінай, які быў прыняты ў 2004 і ўдакладнены ў 2006 і 2008 гадах — захоўвае сваю сілу. Ёсць паслядоўнасць. І цікава было пачуць ад высокапастаўленых службоўцаў, якія належаць да Дэмакратычнай партыі, што ў беларускім пытанні яны працягваюць лінію адміністрацыі Буша. Ведаючы, якая была палітычная канфрантацыя па гэтым пытанні, гэта было нечакана пачуць.

Адзначу сярод іншых сустрэчы з Дэніелам Рассэлам (кіраўнік справаў Еўропы і Еўразіі, адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў Дзяржаўнага дэпартамента), Лорэнсам Сілдэрманам (дырэктар па пытаннях Беларусі, Украіны і Малдовы ў Дзярждэпартаменце), Крысцінай Квін (дырэктар па справах Еўрасаюза ў Нацыянальнай радзе бяспекі).

Цэлы шэраг спатканняў прайшоў з экспертамі грамадскіх арганізацый: Freedom House, Міжнародны рэспубліканскі інстытут, Незалежны дэмакратычны інстытут.

Калі гаварыць пра Кангрэс, то былі сустрэчы фактычна з поўным складам Хельмінкскай камісіі Злучаных штатаў (адначасова з’яўляецца амерыканскай дэлегацыяй у АБСЕ). Там, дарэчы, людзі найбольш абазнаныя ў нашым становішчы. Дзякуючы ім у вялікай ступені і канкрэтным кангрэсменам, такім як Крыстафер Сміт, і з’явілася ідэя Акта аб дэмакратыі.

Нагадаю, што ў Акце аб дэмакратыі пералічваюцца ўмовы магчыма змены амерыканскай палітыкі адносна Беларусі. Сярод іх — безумоўнае вызваленне палітычных вязняў і спыненне любых іншых рэпрэсіяў, пакаранне вінаватых у рэпрэсіях, поўнае праясненне лёсу зніклых і судовы пераслед тых, хто спрычынены да гэтых знікненняў, рэальнае забеспячэнне свабоды мас-медыя і г.д. Таксама сярод гэтых умоваў — правядзенне празрыстых, свабодных і справядлівых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў.


— У чым, на ваш погляд, розніца ў палітыцы ЗША і Еўропы адносна нашай краіны?

— Нашыя суразмоўцы прызнавалі, што з Еўропай у іх адбылося разыходжанне ў "беларускай" палітыцы. Выказвалі спадзеў, што гэтыя разыходжанні ўдасца пераадолець. Але не коштам змены прынцыповага падыходу Злучаных штатаў. Так, вуснамі некаторых еўрапейскіх палітыкаў і службоўцаў гаворыцца, што калі на мясцовых выбарах намеціцца нейкі прагрэс, то, магчыма, Еўропа цалкам Лукашэнку ўсё даруе. Злучаныя штаты мясцовыя выбары не разлядаюць як нешта эпахальнае і паваротнае. У тым ліку, напэўна, з-за безуладнасці мясцовых саветаў. Такімі магчымыммі паваротнымі падзеямі могуць быць толькі прэзідэнцкія і парламенцкія выбары.
Шмат мы закраналі такія канкрэтныя рэчы як міжнародная амерыканская падтрымка незалежнай інфармацыйнай прасторы. Мы разумеем, што да мільёнаў людзей торэба штодня даносіць інфармацыю. І мы заклікалі працягваць падтрымку Радыё Свабода і незалежных радыёстанцыяў, змешчаных у Польшчы, Белсата.

Была добрая размова з былым кіраўніком Радыё Свабода/Свабодная Еўропа ў Празе Джэфры Трымблам, зараз выканаўчым дырэктарам Рады кіраўнікоў тэлебачання і радыё для замежжа. Гэта ўплывовае агульнаамерыканскае агенцтва, якое карыстаецца немалым рэсурсам.

Таксама адбыўся круглы стол з удзелам экспертаў, палітыкаў у Вашынгтонскім офісе Радыё Свабода/Свабодная Еўропа. Вёў яго Майкл Козак, які быў у самы нялёгкі час амбасадарам у Беларусі і захаваў сімпатыю і цікавасць да нашай краіны. Таксама ўдзельнічала ў круглым стале спадарыня Карэн Сцюарт, якая займае цяпер высокую пасаду ў Бюро па дэмакратыі і правах чалавека Дзярждэпартаменту. Мы з ёй мелі асобнае спатканне, прысвечанае сітуацыі ў Беларусі. У вашынгтонскіх урадавых калідорах ёсць людзі, якія прафесійна ведаюць і, я спадзяюся, сэрцам адчуваюць сітуацыю ў Беларусі.


— Вы сказалі, што пазіцыя ЗША па Беларусі прынцыповая, і яна не змяняецца. Але ў той жа час Злучаныя штаты яшчэ на паўгады працягнулі прыпыненне санкцыяў для прадпрыемстваў "Белнафтахіма". Што стала падставай для такога рашэння?

— Санкцыі скіроўваюцца супраць ураду, а не супраць беларускага народу. Канкрэтныя патрабавані былі вызваліць Казуліна, Кіма і Парсюкевіча, а потым — вызваліць Зельцэра. Пасля паступовага вызвалення гэтых людзей і было замарожанае дзеянне санкцыяў. Але застаюцца ўсе іншыя ўмовы Акта аб дэмакратыі. І Злучаныя штаты ўпаўнаважыя прызнаць ступень выканання ўмоваў і даць адпаведнае паручэнне, калі зрухі намецяцца. Але пакуль што ўсе суразмоўцы прызнавалі, што за выняткам замены адных палітвязняў на другіх допуску дзвюх газет у сістэму дзяржаўнага распаўсюду, складана нешта заўважыць у гэтых асноўных кірунках. Яны супадаюць з тымі 12 умовамі, якія Еўрасаюз у свой час ухваліў. Адзінае што Злучаныя штаты паслядоўна і няўхільна іх трымаюцца.

поделиться