Год прайшоў...

Закончыўся год 2009-ы. Ён, безумоўна, ня быў "прахадны", бедны на падзеі. Сёе-тое ў грамадзкім жыцьці ўсяляла аптымізм. Але, пагодзімся, трывогаў і прыкрасьцяў было, прынамсі, ня менш. Паспрабуем узгадаць, што адбылося ў чарговым пражытым годзе, і зрабіць кароткія падсумаваньні.

Палітыка: улада

Найвышэйшыя ўлады дасягнулі новых вяршыняў у імітатарстве. Цэлы год імітавалася збліжэньне з Захадам, перадусім з Эўрапейскім Зьвязам. Для высокіх беларускіх чыноўнікаў адкрыліся магчымасьці ездзіць у тыя краіны, дзе раней ніхто зь імі асабліва размаўляць не хацеў. А цэлыя кагорты візытантаў, палітыкаў з розных эўрапейскіх краінаў, атрымалі шанец (калі, вядома, жадалі) паглядзець зблізку на Беларусь, якая для сяго-таго выглядала як terra incognita у цэнтры Эўропы.

Аднак і сёлета ня ўсе эўрапейскія палітыкі змаглі атрымаць беларускую візу. Дэпутат літоўскага парлямэнту Эмануэліс Зінгерыс ці дэпутат палаты прадстаўнікоў Кіпру і сябар Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Хрыстас Пургурыдэс застаюцца "неўязнымі" ў Беларусь, бо не памянялі свайго рэзка крытычнага стаўленьня да цяперашняга рэжыму. Справа бясьсьледнага зьнікненьня вядомых беларускіх палітыкаў, дасьледаваньнем якой паводле мандату ПАРЭ якраз і займаўся Пургурыдэс, ня зрушылася зь месца. Што праўда, у палітычны цень сёлета сышлі патэнцыйныя фігуранты той справы Віктар Шэйман, Уладзімір Навумаў і Дзьмітры Паўлічэнка. Але, наколькі я ведаю, яны і цяпер пачуваюцца куды як камфортней, чым, да прыкладу, Зінаіда Ганчар, Вольга Захаранка ці Ірына Красоўская...

Цягам году імітаваліся і "асаблівыя" адносіны рэжыму з Расеяй. Трэба сказаць, што ў ваеннай галіне гэтыя адносіны сапраўды "асаблівыя": чаго вартыя толькі верасьнёўскія супольныя манэўры "беларуска-расейскай ваеннай групоўкі" з адпрацоўваньнем сцэнару баявых дзеяньняў супраць... таго самага Эўразьвязу! Што да іншых сфэраў, там было няпроста. Расейскія палітыкі, ад каго залежаць канкрэтныя рашэньні, ня раз падкрэсьлівалі, што іх не задавальняе ранейшая канцэпцыя беларускіх уладатрымальнікаў: "нафта і газ у абмен за пацалункі". Кошт такой палітыкі прапаноўваўся іншы: "Наваполацкі "Палімір-Нафтан" у абмен за далейшае існаваньне рэжыму ў Беларусі", "Расейская АЭС у Беларусі ў абмен за крамлёўскія візыты Аляксандра Лукашэнкі" ці "найкаштоўнейшыя зямельныя ўчасткі ў Менску ў абмен за інвэстыцыі з боку мадам Батурынай і палітычнае лябіяваньне з боку яе высокапастаўленага мужа"...

Цэлы год прадстаўнікі ўладаў гучна заяўлялі, што яны згодныя дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства. Прызначаныя "дэпутаты" прагаласавалі за папраўкі ў Выбарчы кодэкс, якія самі па сабе пратэстаў не выклікаюць, але... У папраўленай вэрсіі магчымасьці кантролю за падлікам галасоў і, галоўнае, за працэдурай складаньня пратаколаў галасаваньня ніяк не палепшыліся.

Затое – відавочна, прааналізаваўшы досьвед шматвопытных у гэтай справе "кітайскіх таварышаў" – улада падрыхтавала праект заканадаўчага рэгуляваньня інтэрнэт-прасторы ў Беларусі... Калі гэты праект будзе рэалізаваны, знайсьці нецэнзураваную грамадзка-палітычную інфармацыю звычайнаму беларусу зробіцца надзвычай цяжка.

Вяршыняю палітычнага імітатарства з боку ўладаў стала скліканьне т.зв. "Грамадзка-кансультатыўнага савету" пры прэзыдэнцкай адміністрацыі. Улада склікала гэты "савет", неабачліва запрасіўшы туды такіх асобаў, як Станіслаў Багданкевіч ці Алег Трусаў.

Першы стаў патрабаваць рэальнага абмеркаваньня праграмы эканамічных рэформаў і зьменаў у выбарчае заканадаўства, другі – рэфармаваньня сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня і правядзеньня паседжаньняў "савету" на беларускай мове. На гэтым ініцыятары скліканьня "савету", што называецца, сьпякліся, прычым віну на яго функцыянальную няздольнасьць кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі ўсклаў, як заўсёды, на ..."нячэсных" журналістаў.

Палітыка: улада і апазыцыя

У гэтай сфэры ўлада можа сьвяткаваць Новы год, як казаў незабыўны Леанід Ільіч, "с чувством глубокого удовлетворения". 2009-ы стаў годам расколу сілаў, якія заяўлялі пра сваю апазыцыю да існага рэжыму. Частка гэтых сілаў выступіла за "канструктыўны дыялёг з уладамі", фактычна адмовілася ад акцыяў пратэсту, ад звароту да свайго народу – і, трэба сказаць, другая частка апазыцыі аказалася ў пэўным сэнсе да гэтага не гатовай. Шмат хто з прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці яшчэ не зразумеў, што тыя, хто ў нашых умовах прапануе сябе ў якасьці "канструктыўнай апазыцыі", папраўдзе ад апазыцыйнай дзейнасьці адмовіліся і перайшлі ў разрад лябістаў існага рэжыму – найперш на міжнароднай арэне. Такім чынам, Аб’яднаныя Дэмакратычныя Сілы, калі ня хочуць зьнікнуць з поля ўвагі нашых суграмадзянаў, павінны рэфармавацца ў Аб’яднаную Дэмакратычную Апазыцыю.

Эканоміка

Тут ўладзе пахваліцца няма чым. Шырока разрэклямаваная "ўнікальная беларуская мадэль" паказала нават даўнейшым сваім апалягетам, што без агромністых крэдытаў, масавых "уліваньняў" з боку іншых краінаў і міжнародных фінансавых арганізацыяў яна – як тая мадэль самалёта, для якой няма грошай купіць маторчык...

Толькі за два першыя месяцы 2009 году попыт на валюту на Беларускай валютна-фондавай біржы складаў каля 1,8 мільярду даляраў ЗША. Уладам давялося правесьці "шокавую дэвальвацыю" беларускага рубля, але замежны доўг краіны павялічваўся і павялічваўся – прыкладна на 4 млрд. даляраў за год – і склаў да канца году па 2 тысячы даляраў на кожнага з нас, у тым ліку і на кожнае з нашых дзяцей. Пра рэнтабэльнасьць абсалютнай бальшыні аграфірмаў (калгасаў і саўгасаў) ня варта і казаць, каб не вярэдзіць раны чытачам, якія вераць, што беларусы сваю сельскую гаспадарку загубіць проста ня могуць. Ніякіх эканамічных мэтадаў вырашэньня назьбіраных праблемаў урад, як відаць, прапанаваць ня здольны.

Таму – як гэта звычайна бывае ў канцы ледзьве ня кожнага году кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі – пачынаюцца палітычныя рухі цела, накшталт падпісаньня дамовы аб чарговым Мытным саюзе (пра сутнасьць якога я выказаўся раней). Дата стварэньня разрэклямаванай Адзінай эканамічнай прасторы з кожным беларуска-расейскім самітам таксама чамусьці аддаляецца ў часе... "Чамусьці" – гэта я сказаў дзеля краснага слоўца... Насамрэч, умовы Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы, якія фармулюе сёньня маскоўскае кіраўніцтва, не прывядуць ні да чога іншага, як да зьнішчэньня шмат якіх падраздзяленьняў і нават сэктараў рэальнай беларускай эканомікі, да зьніжэньня дабрабыту абсалютнай бальшыні беларусаў. Аляксандар Лукашэнка ды ягоны ўрад павінны гэта добра ведаць.

Сілавыя структуры

2009-ы стаў годам гучных разборак, турэмных зьняволеньняў, у тым ліку высокапастаўленых чыноў міліцыі, пракуратуры і нават КДБ. Нехта скажа: вось жа прэзыдэнт змагаецца за чысьціню шэрагаў абаронцаў нашага спакою й "мірнай працы"... Я мо’ і паверыў бы, калі б сам не пабыў у судах на сёлетніх працэсах палітычнага характару. Тыя самыя асобы, вядомыя мне асабіста яшчэ з 1996 і 1997 гадоў, выносяць прысуды, грунтуючыся на блытаных і ўзаемна супярэчлівых выказваньнях супрацоўнікаў міліцыі, а перш за ўсё АМАПу, і абсалютна ігнаруючы паказаньні рэальных і нестароньніх сьведкаў...

Лёс 32-гадовай Яны Паляковай, праваабаронцы з Салігорску, якая, пратэстуючы супраць такой практыкі, скончыла жыцьцё самагубствам, выявіў заганнасьць і антычалавечнасьць гэтай сыстэмы найбольш красамоўна... За сьмерць маладой жанчыны так ніхто і не адказаў. А "самая салідная ў сьвеце" прэзыдэнцкая газэта, напачатку вызьверыўшыся на Яну Палякову, пасьля трагічнай падзеі проста замаўчала – як бы нічога і не было...

Што адбываецца ў сёньняшніх беларускіх Узброеных сілах, пераканаўча апісалі ў сёлетніх публікацыях палітпрызыўнікі Франак Вячорка і Іван Шыла, і я ня маю падставаў ім ня верыць, бо вайсковыя чыны так і не абверглі асноўных тэзаў згаданых публікацыяў. Іхная аргумэнтацыя ў спрэчках абмяжоўваецца спробамі запісаць 19- і 21-гадовага хлапцоў у "духоўныя нашчадкі беларускіх калябарантаў часоў Вялікай Айчыннай вайны".

Пра тое, што адбывалася ў 2009 годзе і будзе надалей адбывацца ў беларускіх мас-мэдыях, у адукацыі, культуры, спорце, напішу іншым разам. Да сустрэчы ў Новым годзе! Здароўя, шчасьця, веры ў свае сілы нам усім! З днямі Сьветлага Раства Хрыстовага!

поделиться