Аграгарадкі будуюць для азіяцкіх гастарбайтараў?

"Еўрарадыё"

Нягледзячы на крызіс і кватэры, што пустуюць з 2007 года, у аграгарадках працягваюць будаваць новыя дамы.

Напрыклад у СПК "Сынкавічы", што ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці, пустыя стаяць 8 кватэраў, а хутка здаюцца яшчэ 6 новых. Тут КДК правёў праверку з гэтае нагоды.

"Яны набудавалі хатак і чакаюць людзей. У іх ёсць дамоўленасць, што з Казахстана прыедзе шмат рускамоўнага насельніцтва. Адны ўжо прыехалі з Казахстана, шукаюць дзе спыніцца. У першую чаргу іх цікавіць жыллё, а працаваць яны гатовыя"
, — распавёў Еўрарадыё Сяргей Шэўчык, намеснік начальніка упраўлення кантролю за працай аграпрамысловага, лесагаспадарчага і прыродаахоўнага комплексаў КДК Гродзенскай вобласці.

Сапраўды, аказваецца рабочых з Казахстана чакаюць. А некалькі чалавек ужо даўно тут працуюць, кажа старшыня СПК "Сынкавічы" Васіль Харута:

"З Казахстана ў нас ёсць людзі. Пераехалі да нас і цяпер працуюць. Адзін — інжынерам, жонка загадчыцай складам. Яшчэ адна жанчына бухгалтарам працуе. Харошыя людзі".

У мінулым годзе ў СПК была супрацоўніца з Узбекістана, а яшчэ штогод прыязджаюць украінцы. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў аддзеле кадраў:

"У нас загадчыцай фермы працавала жанчына з Узбекістана. Але ўжо не працуе. Не спадабалася ёй. Яна — настаўніца, а будзе працаваць тут у нас на ферме? Нам жа розніцы няма, абы чалавек нармальна працаваў. У нас з Украіны на будаўніцтве пастаянна працуюць. І на палявых работах, на ўборку буракоў прыязджаюць".

Па словах Сяргея Шэўчыка, у кватэрах, што здаюцца ў некаторых аграгарадках, часцяком не падведзена святло і газ. Жыць у такіх умовах многія не згаджаюцца.

Сяргей Шэўчык: "Дамы здаюцца, а газ не падключаецца, святло не падключанае. Як людзі могуць там жыць? Яны туды не хочуць засяляцца. Ну, а навошта, калі ў суседніх ёсць новыя дамы з газам? Людзі хочуць жыць у лепшых умовах".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров