Эксперт: Дэвальвацыі не пазбегнуць

"Еўрарадыё"

Мінфін Беларусі папрасіў грошай у Еўрасаюза. Эканаміст Яраслаў Раманчук кажа, што ўлады проста не збіраюцца аддаваць крэдыты.

На думку Раманчука, зварот урада да Еўрасаюза сведчыць, што становішча з дзяржаўнымі фінансамі ў нас вельмі крытычнае. Яно і не дзіўна: скарачэнне экспарту і валютнай выручкі амаль напалову ды затавараныя склады нікуды не схаваеш. Аднак крэдыт у гэтай сітуацыі не дапаможа, лічыць Раманчук:

Яраслаў Раманчук: "Калі ўлады мяркуюць, што з крызісу можна выйсці толькі за кошт знешніх крэдытаў, то яны, можа проста не збіраюцца іх аддаваць".

Беларускія ўлады і прадпрыемствы ўжо і так набралі шмат крэдытаў: толькі сёлета давядзецца аддаць каля 8 мільярдаў долараў. Адкуль узяць гэтыя грошы, улады не ведаюць. А тут яшчэ расійскі крэдыт мы не атрымалі, ды МВФ пакуль не прыняў канчатковага рашэння наконт другой часткі пазыкі. Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што пры такіх умовах дэвальвацыі сёлета — не пазбегнуць:

Леанід Злотнікаў: "Нават калі МВФ выдасць крэдыт, а Расія не, то гэтага будзе недастаткова для краіны, каб стрымаць глыбокую дэвальвацыю рубля".

Па словах Раманчука, у такім становішчы, вінаваты ўрад і яго бяздарная макраэканамічная палітыка. Каб вывесці краіну з крызісу, трэба змяніць яе кіраўнікоў:

Яраслаў Раманчук: "Урад недзеяздольны. Безумоўна,трэба даўно адправіць іх у адстаўку і зрабіць антыкрызісную групу, якая мае магчымасць вывесці Беларусь з крытычнага становішча".

Эканаміст лічыць, што ў нас ёсць людзі, якія маглі б прафесійна кіраваць дзяржавай. У склад такой антыкрызіснай групы, на думку Раманчука, павінны ўвайсці прадстаўнікі даследчых цэнтраў Мізеса і "Стратэгія", а таксама асобы, якія распрацоўвалі антыкрызісную праграму ад імя Аб’яднананых дэмакратычных сілаў.

"Жабруючы" па замежных краінах, Беларусь губляе міжнародны аўтарытэт. А ад Еўрасаюза мы і так не атрымаем грошаў, кажа эксперт:

Яраслаў Раманчук: "Я думаю, што ўвогуле Еўрасаюз не дасць нам ніякага крэдыту, таму што ён не крэдытная арганізацыя. Як гавораць, гэта не "па адрасе" зварот. Калі хочаце браць крэдыты, то звяртайцеся ў банкі, у нейкія крэдытныя арганізацыі".

Еўрасаюз можа выдзяліць сродкі толькі ў рамах праграмы двухбаковага супрацоўніцтва, як, напрыклад, Усходняе Партнёрства або Праграма добрасуседзтва. Але ў беларускім выпадку казаць пра гэта яшчэ рана.

Леанід Злотнікаў падкрэслівае, што пытанне крэдытуад Еўрасаюза не столькі эканамічнае, колькі палітычнае. Хутчэй за ўсё, каб атрымаць крэдыт, нашай дзяржаве давядзецца выканаць 12 умоваў па палітычнай лібералізацыі. Аднак як Еўрасаюз будзе ацэньваць іх рэалізацыю — іншая справа. Ці атрымаем мы еўрапейскую пазыку, сказаць цяжка, лічыць Леанід Злотнікаў:

Леанід Злотнікаў: "Сітуацыя супярэчлівая, і чым яна скончыцца — гэта пытанне, на якое я, напэўна, не змагу адказаць".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров