Быкі замест турбінаў

regionby.org

6 траўня ў Менску вырашыцца, хто паставіць абсталяванне для электрастанцыі на Нёмане.

Турбіны ўжо павінны былі стаяць у Гродне, але мясцовыя энергетыкі аказаліся ашуканымі. Праваліўся гешэфт з іранцамі, якія абяцаліся зрабіць беларусам ГЭС каля Гродна. Цяпер давядзецца правесці новыя таргі, зноўку шукаць пастаўшчыка абсталявання для электрастанцыі.

На няўдалы саюз з іранскай кампаніяй "Марвестан груп" змарнавана амаль паўтара года. Яна выйграла тэндэр у канцы 2007 года, але канкрэтную дамову падпісалі толькі ў ліпені наступнага — 2008-га. Тэгеран прапанаваў паставіць у Гродна пяць энергетычных турбінаў агульнай магутнасцю сямнаццаць мегаватаў. Цікава, што турбіны яна не збіралася прывозіць з далёкага Ірану, а хацелі набыць побач з Беларуссю — у Чэхіі. Хаця беларускае кіраўніцтва заўжды гнеўна выступае супраць розных пасярэднікаў, гэтым было дадзена зялёнае святло, бо іранцы паабяцалі: пабудуюць саму ГЭС, і папрасілі за ўсе свае будучыя старанні ажно 110 мільёнаў еўра. І беларускі бок згадзіўся! А цяпер локці кусае, бо станцыю запланавана запусціць у снежні 2010 года.

Трэба сказаць, ідэя будаўніцтва Гродзенскай ГЭС абмяркоўваецца з пачатку 2000-х гадоў, і ў гэтых размовах заўжды былі толькі еўрапейскія кампаніі, якія займаюцца праектаваннем і вытворчасцю абсталявання для электрастанцый. Іранцаў "сасваталі" ўлады, завезлі іх на Нёман і навязалі мясцовым энергетыкам, у якіх найбольшы давер выклікалі чэшскія спецыялісты. А раз чэшскія турбіны вельмі падабаюцца гродзенцам, іранцы вырашылі выкупіць іх і прадаць беларусам за 8 мільёнаў 600 тысяч долараў. Аднак цягнулі-цягнулі і запатрабавалі новую суму — амаль ў два разы большую.

Міністэрства энергетыкі пераканаўшыся, што іранская фірма не з’яўляецца сур’ёзным партнёрам, вырашыла прасіць кіраўніцтва краіны дазволіць скасаваць дамову. Дазвол такі атрыманы. Але трэба зазначыць – дамову падпісвала не міністэрства, а "Гроднаэнерга". Цяжка сказаць, ці паўплывалі турботы з іранцамі непасрэдна, але калі вырашалася пытанне аб скасаванні кантракту з імі, заўчасна памёр галоўны інжынер "Гроднаэнерга" Сяргей Драніца – яму было 53 гады.

Якія высновы? Неразборлівасць у палітычных гешэфтах беларускіх уладаў абарочваецца правалам у эканамічнай сферы.

Дзе іранскі легкавы аўтамабіль "Скакун", зборку якога ў Мінску гэтак імкнулася наладзіць улады?

Такім жа правалам скончыліся планы будаўніцтва ГЭС на Нёмане іранцамі. Адзіным удалым супрацоўніцтвам для гродзенцаў стаў незвычайны выпадак, калі год назад іранцы закупілі на мясцовым камбінаце мясныя тушы і самалётам даставілі іх з гродзенскага аэрапорта "Абухава" у Тэгеран.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров