Цагельня за 35 тысяч рублёў

regionby.org

Няскончаны завод у Зэльве ніколі не выпускаў і не выпусціць цэглы. Бо няма якаснай гліны. Аднак жа будавалі. І вось паўмільёна "зялёных" ляснуліся.

Гісторыя зэльвенскай цагельні – даволі дзіўная і выразна адлюстроўвае нашыя часы. Яе збіраюцца выставіць на таргі ўсяго за адну базавую адзінку –за трыццаць пяць тысяч рублёў. Таму што за пяць гадоў не паступіла ніводнай заяўкі, калі прадпрыемства спрабавалі прадаць за рэальныя грошы. На старце прасілі чатырыста пяцьдзесят тысяч. Долараў, зразумела.

Незакончаны завод ніколі не выпускаў і не выпусціць цэглы. Хаця сваю, зэльвенскую прадукцыю ўладам мець хацелася: і раён забяспечваць, і на продаж выпускаць. Праектаваць пачалі ў далёкім 1991 годзе, затым закупілі цэглу і пачалася будоўля, але праз некалькі гадоў яе закінулі: не хапіла грошай. Тут усё проста: Зэльвенскі раён невялікі, небагаты, прамысловасці амаль ніякай.

Нядаўна адбылося пасяджэнне раённай камісіі, у якой і пракурор, і падаткавікі, і чыноўнікі райвыканкама вырашалі, што рабіць з недабудаванай цагельняй? Выстаўляць яе яшчэ на аўкцыён са звычайнымі ўмовамі нельга, паколькі будоўля нават не закансэрвавана, таму зараз хочуць прапанаваць яе за адну базавую. Але ў райвыканкаме адначасова тлумачаць: гэта пачатковая цана, калі знойдуцца пакупнікі, яна можа тэарэтычна падвысіцца "у дзясяткі, а можа і ў сотні разоў".

Хаця рэальна ў гэта, канечне, ніхто не верыць. Месца, здаецца, і нядрэннае: ва ўрочышчы Татарышкі, што за тры-чатыры кіламетры ад райцэнтра – працоўная сіла знайшлася б. Патэнцыйнаму ўладальніку прапануецца "ўцягнуць у гаспадарчае абарачэнне" аб’ект цягам трох гадоў, дабудаваць яго, стварыць працоўныя месцы, наладзіць там любую вытворчасць.

Цікава, што ні пра які будматэрыял размовы больш няма. Хоць спачатку планавалася: зэльвенцы змогуць выпускаць штогод восем мільёнаў штук цэглы.

Парадокс у тым, што праект быў, можна сказаць, "валюнтарысцкім". Тлумачу: мясцовыя ўлады некалькі гадоў таму вырашылі дасканала высветліць, якія запасы гліны на тэрыторыі раёна? І геолагі далі ім нечаканы адказ: якаснай, патрэбнай для вырабу керамічнай цэглы, тут увогуле няма. А значыцца, уключаць будоўлю ў абласны ці ў рэспубліканскі інвестыцыйны праект не аказалася падстаў. З гэтай прычыны ў 2008 годзе недаробленую цагельню выключылі з дзяржаўнай праграмы інвестыцыйнага развіцця РБ на 2007-2010 гады.

поделиться

Новости по теме

    Адна калонка на 70 двароў

    Праблему з якасцю вады ўлады паселка Барань вырашылі наступным чынам: грамадскімі калодзежамі карыстацца забаранілі, а наўзамен паставілі адзіную на ўвесь мікрараён водаразборную калонку.подробности

Новости партнёров