Pet Nihil зьвінавацілі ў экстрэмізьме

Сяргей Будкін, галоўны рэдактар Tuzin.fm

Гарадзенскія ўлады забаранілі канцэрт з нагоды прэзэнтацыі новага альбому Pet Nihil, які меўся прайсьці 11 траўня пры ўдзеле гуртоў Re1ikt і Sciana.

Вялікі канцэрт з нагоды выхаду альбому "Spit" гурту Pet Nihil плянавалася правесьці 11 траўня ў Моладзевым цэнтры Гародні. Гэтая каманда – знакавая на беларускай панк/гардкор сцэне, летась музыкі вярнуліся з новым матэрыялам пасьля васьмігадовага маўчаньня. На прэзэнтацыю паклікалі выступіць калегаў зь Менску Re1ikt і берасьцейцаў з Sciana. Але канцэрт быў забаронены мясцовым упраўленьнем ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі. Як стала вядома "Тузіну", ідэолягам прыйшлася не да спадобы вокладка альбому "Spit", якая і дала падставу зьвінаваціць гурт у экстрэмізьме, у тым ліку ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне. Гурт быў вымушаны заявіць сваім прыхільнікам аб пераносе мерапрыемства на няпэўны тэрмін.

Pet Nihil зьвінавацілі ў экстрэмізьме

Лідэр Pet Nihil Юры Лакціёнаў з гэтай нагоды праз Tuzin.fm зьвярнуўся з адкрытай заявай, дзе патлумачыў пазыцыю на гэты конт.

"Я, вакаліст і лідэр гурту Pet Nihil, Юры Лакціёнаў, заяўляў, што:

1. Наш гурт у аніякім разе не заклікае нікога да гвалту ды экстрэмізму, што лёгка становіцца зразумелым нават пры павярховым вывучэньні тэкстаў альбому.

2. Карцінка для вокладкі была выкарыстана як творчы элемэнт экспрэсіі і падрыхтаваная куды раней за тыя падзеі, якія цяпер адбываюцца ва Ўкраіне і аніякім чынам з гэтымі падзеямі не зьвязана. Больш за тое, у дадзеную ілюстрацыю ўкладаўся выключна філязофскі сэнс, а менавіта: чалавек у змаганьні за сваю асобасную свабоду кідае запальную сумесь у сваё мінулае. Дэталі і фон карцінкі адмыслова для гэтага былі скажоныя з дапамогай адпаведных эфэктаў. Мяркую, што прага асобы да самаразьвіцьця аніяк ня можа клясыфікавацца як заклік да экстрымізму.

3. Калі ўжо існуюць адзьдзелы ідэалёгіі, то яны абавязаны ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць прафэсыйна, а не на падставе сваіх асабістых здагадак і перакананьняў, з разуменьнем асаблівасьцяў творчага працэсу".


Сваю пазыцыю Юры Лакціёнаў зьбіраецца выкласьці ў афіцыйным звароце да чыноўнікаў. Музыка выказвае спадзеў, што ў далейшым ідэолягі ня будуць чыніць перашкоды ў канцэртнай дзейнасьці гурту.

З тэкстамі песень альбому "Spit" (па-расейску) можна пазнаёміцца на афіцыйным сайце гурту. Тамсама даступная і ангельскамоўная вэрсія рэлізу.

Камэнтар Tuzin.fm.:

Падзеі апошніх месяцаў сьведчаць пра адкрытасьць "чорных сьпісаў" беларускіх музыкаў. Як такога сьпіса з дакладным пералікам выканаўцаў, якім ня можна граць легальна, ужо няма. Дакладней ён вельмі кароткі – у ім толькі "Ляпіс Трубяцкі" і Зьміцер Вайцюшкевіч. У астатнім жа ёсьць проста пэўныя ўстаноўкі і перасьцярогі, а таму кожная заява на гастрольнае пасьведчаньне, пададзеная ў мясцовыя органы ўлады, разглядаецца вельмі пільна. Гурт ня толькі гугліцца, праводзяцца таксама кансультацыі з КДБ. Калі хоць нешта насьцярожвае – канцэрт забараняюць. А насьцярожыць можа той факт, што выступалі на Майдане. Ці правакацыйная карцінка на вокладцы. Ці рэзкае выказваньне ў інтэрвію. Дайшло да таго, што нават музычны кірунак насьцярожвае – панк-рок. Да панкаў увага асаблівая, бо ў іх асяродзьдзі прынята шанаваць "Ляпісаў". Самае гадкае, што канцэрты забараняюць цішком, шляхам ціску не на музыкаў і арганізатараў, а выключна на ўладальнікаў пляцовак. У вуснай форме, як правіла па тэлефоне, імкнучыся не пакідаць аніякіх дакумэнтальных сьведчаньняў. Тое, што можна зрабіць у гэтай сытуацыі – спрабаваць трымаць сытуацыю ў законнай плыні: запісвацца на прыём да адказных чыноўнікаў, патрабаваць ад іх пісьмовага адказу на свае звароты, а ў выпадку такога абвінавачваньня, як экстрэмізм – патрабаваць афіцыйнай экспэртызы на гэты конт. Толькі пры пастаянным агучваньні праблемы ў публічнай прасторы можна нечага дамагчыся.

Новости по теме

Новости других СМИ