За "яйкаквадраты" зноў судзяцца

"Радыё Свабода"

Аднаўляюцца судовыя разборы паміж кампаніяй "Мабільныя ТэлеСыстэмы", з аднаго боку, і мастаком Віктарам Маркаўцом, паэтам Алесем Разанавым і іхнымі патэнтазнаўцамі, з другога.

Прадметам спрэчкі па-ранейшаму зьяўляюцца аўтарскія правы на выкарыстаньне кампаніяй МТС таварнага знаку з выявай чырвона-белага яйкаквадрата.

Апошнія судовыя разборы паміж МТС і беларускімі прэтэндэнтамі на аўтарства "яйкаквадратаў" адбыліся летась. Тады апэляцыйная рада Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці прыняла два рашэньні, распавядае дырэктар прадстаўніцтва расейскай кампаніі МТС у Беларусі Дзьмітры Ходас:

- Адно рашэньне — пра тое, што застаецца ў сіле таварны знак "белае яйка ў чырвоным квадраце". Другое рашэньне — пра адмену рэгістрацыі таварнага знаку ў форме чырвонага яйка. Менавіта з другім рашэньнем мы й не згаджаемся, бо лічым яго неўгрунтавана вынесеным рашэньнем.

Скарга МТС мела быць разгледжаная ў Вярхоўным судзе сёньня, 12 траўня. Але справа прыпынілася, бо ўзьнікла сустрэчная скарга — з боку Алеся Разанава, Віктара Маркаўца і іх патэнтазнаўцаў. Расказвае жонка Маркаўца Тацяна Гаранская, якая прысутнічала на паседжаньні суду:

- Прыпынена справа і перанесена, таму што Маркавец і Разанаў падалі сустрэчную скаргу на парушэньне іх аўтарскіх правоў пры разглядзе ў апэляцыйнай радзе справы пра адмену рэгістрацыі таварных знакаў.

Скарга была прынятая, і найбліжэйшым часам будзе прызначаная дата разгляду справы сустрэчных пазоваў. Тацяна Гаранская падкрэсьлівае, што за год прэтэнзіяў што да правамоцнасьці рэгістрацыі таварных знакаў з боку Маркаўца і Разанава паболела:

- Далучылі таксама патрабаваньні нашых патэнтазнаўцаў, таму што вызначылі, апроч парушэньняў аўтарскіх правоў, шмат іншых, адносна якіх наагул нельга было патэнтаваць гэтыя таварныя знакі. У іх вельмі шмат парушэньняў.

Цяжбы вакол аўтарскіх правоў на выкарыстаньне "яйкаквадратаў" пачаліся ў 2007 годзе, калі Віктар Маркавец і Алесь Разанаў зьвярнуліся ў Нацыянальны цэнтар інтэлектуальнай уласнасьці зь пярэчаньнямі супраць рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі таварнага знаку № 25.420 з выявай чырвонага яйка ў белым квадраце. Паводле творцаў, гэта супольны праект паэта і мастака, створаны ў 1994 годзе. Цяпер чырвонае яйка ў белым квадраце і белае ў чырвоным — гандлёвы знак кампаніі мабільнай сувязі МТС.

поделиться

Новости по теме

    Прафсаюзы не адчуваюць лібералізацыі

    Лідэры Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці заявілі аб правядзеньні сэрыі акцыяў пратэсту 3 красавіка. Пікеты і мітынгі ў розных гарадах Беларусі маюць зьвярнуць увагу на адмовы ў рэгістрацыі першасных прафсаюзных суполак.подробности

Новости партнёров