Алег Хаменка: Два Раствы — гэта наша адметнасць, якой трэба ганарыцца

Маша Калеснікава, Еврорадио

Музыка і даследчык расказаў пра святкаванне Калядаў у вялікім горадзе і расставіў кропкі над “і” у некаторых “калядных” пытаннях.

Традыцыйна на Каляды, 7 студзеня, гурт "Палац" ладзіць святочны канцэрт. Гэтым разам у бары Doodah King. Лідар гурта, культуролаг Алег Хаменка распавёў Еўрарадыё пра асаблівасці беларускіх Калядаў і пра ролю свята ў сучасным свеце.

- Як варта ўспрымаць Каляды сучаснаму беларусу?

- Асаблівасць беларусаў у тым, што нашы зімовыя святы цягнуцца больш за 3 тыдні. Я не люблю гаварыць і нават з’яўляюся ўпартым прыхільнікам таго, што ні ў якім разе нельга гаварыць Праваслаўныя Каляды і Каталіцкія Каляды, таму што гэта не толькі абсалютна няправільна, гэта і шкодна для беларусаў. Важна гаварыць, што гэта Каляды згодна Юліянскаму календару і Каляды згодна Грыгарыянскаму календару, ці Каляды па старому стылю і Каляды па-новаму стылю. І тое, што мы адзначаем калядныя святы больш, чым 3 тыдні — гэта адметнасць беларусаў, якая відавочна існуе, але мы гэтым не ганарымся і ўсё думаем, што якія-небудзь з Калядаў “рассасуцца”, і будзем святкаваць толькі згодна аднаму календару. Трэба вельмі падрабязна і навукова распавядаць, чаму слушныя абодва варыянты. Калі-небудзь, можа, і праўда, распавяду, чаму я з’яўляюся прыхільнікам святкавання і адных Каляд і другіх. І абавязкова буду абараняць перад фалькларыстамі і той тэрмін, і гэты тэрмін святкавання. Але вельмі хочацца, каб мы яшчэ раз звярнулі ўвагу, што гэта такая адметнасць беларусаў, якой трэба ганарыцца, і мы маем на гэта ўсе правы.

- Калі пафантазіраваць, то як мусяць выглядаць Каляды ў Мінску?

- Зразумела, што грамадства, можа быць, ужо гатовае, але ўся сістэма не гатовая да таго, каб святкаваць Каляды ў вялікім горадзе так, як гэта мае быць. Таму што, акрамя імшы і святкавання царкоўнага, якое абавязана захавацца традыцыйным, і гэтым павінны займацца святары, яшчэ мусіць быць народнае ці грамадскае святкаванне Каляд. Вядома, гэта павінна быць шэсце па галоўным праспекце горада. Трэба, каб ўсе, хто хоча, перадусім — моладзь ведалі, што будзе арганізавана вось у такі час (найлепшы варыянт — гэта вечар 6-га, калі пачынаюцца прыцемкі) месца для шэсця па галоўных вуліцах, на якім будуць збірацца калядоўшчыкі (а не гэтыя фрыкавыя Дзеды Марозы), якія пройдуць з Зоркай, Казой, Механошам, дзеля таго, каб пабачыць сваіх сяброў і сваіх суседзяў, у рэшце рэшт! Зразумела, што гэта не павінна быць па загадзе. Калі так зробяць — свята знішчыцца.

Гэта павінен быць натуральны зімовы карнавал. Ён, вядома, можа нагадваць тое, што адбываецца ў Бразіліі — сакральная сістэма, якая там існуе, у нас таксама, натуральна, існавала вельмі шмат гадоў. Гэта таксама павінна быць нейкае спаборніцтва паміж каляднымі гуртамі, якія будуць збірацца з дударамі, з аркестрамі, з цікавымі касцюмамі, якія пройдуць у гонар таго, як ішлі мудрацы, якія ведалі, што народзіцца Збавіцель. І ў кожную хату заходзіўшы, пыталіся, ці не на вашым двары Бог нарадзіўся? І за тое, што яны нясуць дары Госпаду, атрымлівалі гэтую Каляду. То бок, па сутнасці — гэта дары, якія ім перадавалі. Каб пакласці перад Збавіцелем у той момант, калі яны яго знойдуць. І вось гэтая сутнасць, можа, акурат добра ўпісацца ў гарадскія умовы. Мала таго, вельмі важна зразумець, што калі гэта адбудзецца шчыра і ад усяго народу, гэта будзе падстава для таго, каб увесь свет ведаў, што такі зімовы карнавал, прысвечаны Ражджаству і Калядам, існуе ў Беларусі, і да нас, праўда што, прыедуць і расіяне, і кітайцы, і тыя ж бразільцы сядуць на самалёт паглядзець з таго спякотнага карнавалу на наш халодны. І такая з’ява можа дапамагчы ўсёй нашай краіне стаць больш вядомай. А калі хочаце, і турыстычная прывабнасць тут можа прысутнічаць. І вельмі важна ўжо пачынаць пра гэта марыць, і ўжо разважаць, як гэта можа быць. І рана ці позна сапраўды такая добрая з’ява адрадзіцца, бо яна знаходзіцца абсалютна ў канцэксце беларускай культуры.

- Дарэчы, Алег, калі трэба хадзіць у Каляду? Напрыклад, у маёй вёсцы на Палессі гэта рабілася ўвечары 7 студзеня.

- Не трэба забываць, што ў Каляду можна было хадзіць з моманту, калі з’яўлялася зорка перад самім Ражджаством — а гэта вечар 6-га. Але чаму я кажу, што важна адрадзіць традыцыю святкавання ў кантэксце з 6 на 7-е — дзеля таго, каб далучыліся да свята яшчэ і традыцыі каталіцкіх “Трох Каралёў”. Яны таксама хадзілі з калядоўшчыкамі. Яны таксама хадзілі 6-га ўвечары, але згодна з Грыгарыянскім стылем — на Вадохрышча. І тое не замінае гэтаму, і гэта не замінае таму. Канечне, калядоўшчыкі хадзілі і 7 ўвечары і ажно да Вадохрышча — паўсюль па-рознаму. Проста гэта трэба было б аб’яднаць і назваць больш рэальную, дакладную дату, тады гэта акурат спрыяла б моцнаму яднанню беларусаў.

- А вы ў дзяцінстве калядавалі? Што спявалі? Хто вас гэтаму навучыў?

- Калядаваў! Дарэчы, хадзіў позна ўвечары шостага. Як мы калядавалі? Вядома, гэта быў такі момант весялосці, пераапранання. Калі я трапляў у вёску, у нас Каза памірала і ажывала. Дарэчы, 7-га, падчас канцэрту мы зробім — я ўжо дамовіўся, што кавалачак гэтага моманту ў клубе будзе. Каза была выкрасленая з хрысціянскіх традыцый — шмат можна пра гэта распавядаць. Звязана гэта з тым — ужо і навукоўцамі даказана — што галоўнымі жывёламі ў тыя часы ў стайні былі ні ослік і бык, якіх мы цяпер ведаем па батлеечках, якія ладзяцца ў храмах, а каза. І менавіта яна паказала пастушкам тую стайню, дзе нарадзіўся Бог. А як яна гэта паказвала? Яна паказвала, што, вось, памерла яна, і вось, яна нараджаецца — кідалася і ўставала. І за зоркай, і за казой ішлі пастухі да той стайні — пастухі, перад якімі з’явіліся Анёлы і паведамілі: “Радуйцеся, Збавіцель нарадзіўся”. Але казу выкраслілі з біблейскіх запаветаў. Ёсць такая версія, што гэта ўсё ж такі таму, што каза — істота Зеўса — старога бога, істота “п’янага Галівуда”(смяецца). Але ў народных традыцыях каза засталася. І гэта вельмі добра, што мы ўсё-такі гэта захавалі.

- Якія калядныя песні мусіць ведаць кожны беларус? Ці ёсць нейкая класіка Калядаў, характэрная для ўсіх рэгіёнаў Беларусі?

- У “палацаўскім” рэпертуары ёсць 5 ці 6 калядных песень. А сказаць, што яны былі вядомыя па ўсёй Беларусі — гэта не зусім так. Чаму? Таму што практычна ў кожнай вёсцы быў свой тэкст. Найбольш вядомая калядная песня — гэта “Ой калядачкі, нашы нежачкі”. Я яе сустракаў у розных тэкставых варыянтах і на поўдні, і на поўначы Беларусі. Але да гэтага часу, напрыклад, мы яе не рабілі “Палацам”, таму што дагэтуль я, прабачце, дзіка шукаю, што ж такое “нежачкі”. Мне агучвалі некалькі версій гэтага слова, але ні адна з іх мяне не запэўніла. Дасведчана сказаць, якія абавязкова трэба ведаць калядныя песні, і ўпэўнена гэта сцвярджаць на дадзены момант я не гатовы.

Важна што дадаць, што песня перадусім — гэта гісторыя. Гісторыя пра Сусвет, у якую проста дадаваўся радок “Святы вечар” ці “Каляда” і г.д. Я сам калісьці думаў, што трэба зрабіць нешта кшталту “А купіў там БМВ на Малінаўцы, Святы вечар добрым людзям”… І гэта было б абсалютна правільна з пункту гледжання фалькларыстаў. Але, зразумела, я не наважыўся гэта зрабіць. Але рана ці позна гэта павінна з’явіцца — у такім фармаце можа паўстаць ваша абсалютна ўласная калядачка.

- Давайце крыху паглыбімся ў тэкст каляднай песні. Напрыклад, ва ўсімі любімую “А ці дома-дома”… Што значаць для Каляд роікі і пчолкі?

- Я даследаваў гэта. Сапраўды, у калядках згадваюцца роі пчол, калядны заяц, шчупак і арол, явар. Я прыйшоў да высновы, што спіс гэты вельмі аб’ёмісты. І знайсці тут моманты выпадковасці — што сапраўды было правільна, а што, магчыма, дадалося як нешта смешнае, таму і ўзгадваецца дагэтуль, не магу. Тым не менш, пчолы адчуваюць Ражджаство. Я думаю, што гэта звязана з нейкай хіміяй і менавіта з сонцам. Акурат у Каляды па старым стылі Сонца знаходзіцца бліжэй за ўсё да Зямлі. Нават сучасныя астраномы гавораць, што прыкладна 3-4 студзеня сонца праходзіць кропку Перыгея, а гэта значыць, што яно знаходзіцца ад зямлі ў самай блізкай адлегласці. І гэты момант пчала адчувае. Яны сапраўды там раяцца і тлумачаць людзям, што трэба звярнуць увагу — нешта адбываецца, нешта ажывае!

- Ці ёсць канкрэтнае размежаванне песень, якія спяваліся на Каляды і на Шчодрыка? Ці можна на Каляды спяваць шчадроўкі і наадварот? У чым істотнае адрозненне гэтых песень?

- Я быў відавочцам, калі на Вадохрышча спявалі ўсе тры групы песень — і ўласна вадохрышчныя пра шчупака і арла, і шчадроўкі і калядкі. Таму я думаю, што такога жорсткага размежавання не было. Упэўнена гэта сказаць цяпер я не гатовы, але з’яўляюся прыхільнікам таго, што ва ўсе тры куцці спяваюцца аднолькавыя песні. Іншая справа, што іх было вельмі шмат. Неверагодна! Больш трэці ўсіх традыцыйных песень прысвечаныя Калядам.

- А вы калядуеце цяпер? Ці няма ахвоты пайсці па хатах і стварыць беларусам сапраўднае тэатралізаванае свята?

- Морду ж могуць набіць! (смяецца). Я думаю, што гэта традыцыя будзе. Ну замаўлялі ж некалі дзеда Мароза “в доме быта” — можна ж было патэлефанаваць і загадаць, каб прыйшоў дзед Мароз. Гэта было нармальна. Цяпер таксама прыход калядоўшчыкаў можа адбывацца па замове. Да мяне ў Малінаўку заўсёды прыходзяць дзеці. І яны ведаюць, што ў якім бы я ні быў настроі, я іх пачастую. Я не ведаю, як яны праходзяць гэтыя першыя жалезныя дзверы пад’езду — я ім не адчыняю. Але прыходзяць і спяваюць “Го-го-го казу” беларускую — у Малінаўцы, у пад’ездзе — неверагодна! І я гэтаму рады.

Новости по теме

    Чаму Лукашэнка загаварыў па-беларуску

    Для таго, каб Лукашэнка ўчора выступіў па-беларуску, нам трэба было пражыць у незалежнай краіне 20 гадоў. За гэты час і сам прэзідэнт прыйшоў да таго, што без беларускай мовы няма беларускай нацыі, аб чым ён заявіў пару месяцаў таму ў пасланніподробности

Новости других СМИ