Выратаванне этнасу: ці варта перасяляць беларусаў у рэзервацыю?

Марыя Уладзімірава, Заўтра твоёй краіны

Уладзімір Арлоў. Фота: budzma.by
Як захаваць нацыянальную самабытнасць і абараніць дзяржаву ад агрэсіўнага «русского мира» — пра гэта пісьменнік Уладзімір Арлоў і палітолаг Андрэй Казакевіч.

Перасяліць мільён нерусіфікаваных жыхароў Беларусі ў «рэзервацыю». Такую прапанову па выратаванню этнасу выказаў у інтэрв’ю «Радыё Свабода» прафесар Леанід Лыч.

Як варыянт навукоўца прапаноўвае за кошт дзяржавы і міжнародных арганізацый перасяліць у Аўстралію ці Канаду 500 тысяч беларусаў, забяспечыўшы іх усім неабходным для самабытнага этнакультурнага развіцця.

Ці ёсць у гэтай ідэі рацыянальнае зерне?


«Утрымаць людзей у рэзервацыі можна хіба што плотам вышынёй у 10 метраў»


Дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч лічыць, што ініцыятыву Леаніда Лыча варта разглядаць як спосаб прыцягнуць увагу да праблемы. Ажыццявіць гэтыя ідэі, паводле меркавання палітолага, немагчыма, а некоторыя з іх — і немэтазгодна.

Бессэнсоўна, напрыклад, перасяляць 500 тысяч беларусаў у Аўстралію ці Канаду, паколькі ўсё адно адбудзецца асіміляцыя.

— Хутчэй за ўсё, моладзь будзе з’язджаць з рэзервацыі ў пошуках работы. Нельга забывацца і на змяшаныя шлюбы. Хіба што адмежавацца плотам вышынёй у 10 метраў і нікога не выпускаць, прымушаючы людзей захоўваць самабытнасць, — гаворыць палітолаг.

Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў адзначае, што ідэя, якую агучыў прафесар Лыч, не з’яўляецца арыгінальнай.

— У 30-я гады мінулага стагоддзя ў міжваеннай незалежнай Літоўскай рэспубліцы актыўна дыскутавалася ў прэсе і ў дзяржаўных структурах прапанова набыцця паловы выспы Мадагаскар і перасялення туды літоўцаў. Гаворка ішла не пра тое, каб уратаваць літоўскі этнас, літоўскую мову, літоўскую культуру, а каб уратаваць сваю дзяржаву, якая была побач з савецкай імперыяй. Нічога з той ідэі не атрымалася, — нагадвае Уладзімір Арлоў.


«Усё больш нашых грамадзянаў ператвараюцца з савецкіх людзей у беларусаў»

— Я думаю, захавацца як нацыя і захаваць сваю культуру, сваю дзяржаву мы можам тут, на гэтай тэрыторыі, з якой мы ўсімі сваімі нервовымі канчаткамі зрасліся, — лічыць Уладзімір Арлоў. — Сёння навукоўцы кажуць, што родны ландшафт уплывае на фармаванне душы, характару, светапогляду, светабачання, светаразумення і светаўяўлення.

На думку пісьменніка, ні ўлады Беларусі, ні міжнародныя структуры не пагодзяцца ствараць нацыянальна-культурную аўтаномію ці рэзервацыю для беларусаў унутры краіны, а таксама не падтрымаюць ідэю масавага перасялення ў Аўстралію ці Канаду.

Пісьменнік падзяляе занепакоенасць прафесара наконт будучага нашай нацыі. Аднак лічыць, што ў беларускім грамадстве і ва ўладных структурах адбываюцца пазітыўныя змены.

— Трывогу за будучыню Беларусі, на маю думку, адчуваюць усё больш і больш беларусаў. У новай геапалітычнай сітуацыі, калі мы адчуваем пагрозлівае дыханне агрэсіўнага «русского мира», усё больш нашых грамадзянаў імкнуцца вярнуцца да сваёй ідэнтычнасці і ператвараюцца з савецкіх ці поставецкіх людзей у беларусаў, — падкрэслівае пісьменнік.

Доказам таго, што ва ўладзе адбываюцца змены, на думку Уладзіміра Арлова, з’яўляецца арышт беларусафобаў, якія адмаўлялі беларусам у праве называцца паўнавартаснай нацыяй і называлі нашу краіну «недадзяржавай».

— Што датычыць грамадства, прывяду прыклад, які ўсяляе пэўны аптымізм у мяне. Днямі выйшла кніга «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі», якую мы стварылі з мастаком Паўлам Татарнікавым. Цяпер мы практычна кожны дзень праводзім аўтограф-сесіі. Падпісаныя сотні кніг. Людзі выстойваюць даўжэзныя чэргі, — гаворыць пісьменнік.


Хто такі сапраўдны беларус?

Андрэй Казакевіч лічыць нерэальнай ідэю ізаляцыі сапраўдных беларусаў для забеспячэння устойлівага развіцця беларускай культуры.

— Хто такі сапраўдны беларус? Людзі змяняюць свае адносіны да беларускасці. Наступнае пакаленне зробіць свой выбар незалежна ад ідэнтычнасці бацькоў.

Палітолаг падкрэслівае, што сучасная эканоміка прадугледжвае мабільнасць.

— Людзі будуць з’язджаць з аўтаномій і рэзервацый, шукаць лепшыя эканамічныя ўмовы, незалежна ад таго, якія палітычныя перакананні ці нацыянальную ідэнтычнасць маюць. Калі ж эканамічная сітуацыя ў рэзервацыі будзе добрая, туды пачнуць прыязджаць іншыя людзі і зноў жа будуць размываць гэты штучна створаны свет, — упэўнены Андрэй Казакевіч.


Каб беларусы атрымалі роўныя правы на навучанне дзяцей

Праблемы захавання нацыянальнай культуры датычацца не толькі беларусаў, але і многіх іншых народаў.

— У Еўропе вялікая колькасць нацыянальных меншасцяў: кельты, баскі, каталонцы. У асноўным падтрымка захавання гэтых культур вядзецца за кошт грамадскіх і дзяржаўных праграм, якія ўключаюць сістэму адукацыі, развіцця мовы, у тым ліку лінгвістычных навыкаў сярод шырокіх слаёў насельніцтва. Гэта — адмысловая палітыка ў галіне гісторыі і гістарычнай памяці, — гаворыць Андрэй Казакевіч.

Эксперт падкрэслівае, што культура — не толькі мова, але і гістарычная памяць, палітычная самасвядомасць, уяўленне пра месца нацыі ў сучасным свеце.

— Канцэнтравацца толькі на мове, на мой погляд, недальнабачна. Хаця мова, безумоўна, з’яўляецца важным элементам. Важна пазбягаць супрацьстаяння і павышэння напружання ў гарамадстве ў выніку такіх працэсаў, — лічыць Андрэй Казакевіч.

Будучым беларускай нацыі, беларускай мовы і культуры павінна займацца дзяржава, упэўнены Уладзімір Арлоў.

— Павінна спыніцца русіфікацыя ў сістэме адукацыі, каб беларусы атрымалі роўныя правы для навучання дзяцей. Каб у любым горадзе былі не толькі расейскамоўная, але і беларускамоўныя школа ці гімназія, — адзначае пісьменнік.

Ён таксама лічыць важным стварэнне ў Беларусі сістэмы гістарычнай адукацыі грамадзян.

— У іншых краінах, у тым ліку ў нашых суседзяў, ёсць гістарычныя тэле- і радыёканалы. Мы пра гэта пакуль толькі марым. Я хацеў бы, каб улада ўбачыла станоўчыя працэсы, якія адбываюцца ў суседзяў, у нашым грамадстве, і дзейнічала ў тым самым накірунку, — падкрэслівае Уладзімір Арлоў.

На думку Андрэя Казакевіча, беларусізацыя школ і універсітэтаў павінна быць дастаткова мяккай і прадуманай, каб успрымалася менавіта як патрэбная мера і не выклікала раздражнення.

Новости по теме

Новости других СМИ