Лепшае шведскае па-беларуску

"Наша Ніва"

Выйшаў у свет зборнік прозы найцікавейшых літаратараў Паўночнага Каралеўства пад назвай "Сучаснае шведскае апавяданне". Кніга сталася вынікам сумеснага праекту Цэнтра шведскіх доследаў у Мiнску і выдавецтва "Галіяфы" пры падтрымцы Дзяржаўнай рады культуры Швецыі.

Гэта першы зборнік сучаснага шведскага апавядання, выдадзены на беларускай мове. У кнігу ўвайшлі чатырнаццаць навелаў, што, на погляд аўтараў праекта "раскрываюць самыя значныя тэндэнцыі новай шведскай прозы": "пачуццё знаходжання ў рэчаіснасці, неаддзеленай ад сну, і адчуванне нерэальнасці, дзе моўных сродкаў ужо не стае". Аўтарамі твораў з’яўляюцца вядомыя шведскія пісьменнікі: Петэр Энглюнд, Сесілія Давідсан, Эрык Лёвендаль, Анна Руус, Улін Стыг і г.д. У сваіх творах яны імкнуцца выявіць "абсурднасць існавання ў часе сацыяльных зменаў", паказаць "драматызм штодзённага жыцця" звычайнага чалавека, акрэсліць канфлікты, якія ўзнікаюць нават у самым блізкім для чалавека асяродку.

У кнігу леглі навелы дванаццаці сучасных пісьменнікаў. Іхныя творы, на думку куратару праекту ад Цэнтра шведскіх доследаў, перакладчыцы Вольгі Рызмаковай, найцікавей могуць распавесці беларускаму чытачу пра Швецыю.

Працаваць удзельнікам праекту давялося хутка і зладжана — вельмі хацелася паспець да культурных дзён Швецыі. Таму зборнік быў падрыхтаваны ўсяго за тры месяцы.

Навелам, што ўвайшлі ў зборнік "Сучаснае швэдзкае апавяданьне", рэдактар кнігі Валянцін Акудовіч даў такую характарыстыку:

"Шведская літаратура засяроджаная, найперш, на выяўленні экзістэнцыяльных перажыванняў чалавека. У цэнтры — драма сям’і і асобы. Але, у той жа час, адчуваецца перманентнае чаканне глабальнай катастрофы, і гэта здзіўляе беларускага чытача. Бо наша літаратура, зрэпрэсаваная, у якой герой увесь час бядуе, усё ж такі імкнецца данесці, што "загляне сонца і ў наша ваконца". Магчыма, гэта адбываецца таму, што для беларусаў адчуванне катастрофы сталася ўжо звыклым. Праблемы яны ўспрымаюць па прынцыпе: адной больш, адной менш… Шведскі ж герой нібыта ўвесь час забягае наперад, чакае ў трывозе, калі ж "ляснецца" гэтае яго спакойнае існаванне. І названая акалічнасць дадае пэўны нерв шведскай літаратуры".

Дарэчы, у хуткім часе ў беларускіх аматараў паўночнай літаратуры будзе магчымасць пазнаёміцца і з іншымі яе жанрамі. Як абяцае Міхась Башура, неўзабаве ў выдавецтве "Галіяфы" выйдуць зборнікі шведскай драматургіі ды паэзіі.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров