Гуляка будзе сябраваць толькі з заможнымі беларусамі

www.udf.by

Упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка прыняў запрашэнне ўзяць удзел у з’ездзе беларусаў свету, які пройдзе ў Мінску 18-19 ліпеня. Чыноўнік паведаміў на прэс-канферэнцыі, што мае шэраг прапаноў да прадстаўнікоў беларускай дыяспары за мяжой. У прыватнасці, далучыцца да працы каардынацыйнай рады пры ўпаўнаважаным, якая бы абмяркоўвала пытанні, звязаныя з жыццём беларускага замежжа.

Алена Макоўская, старшыня рады арганізацыі "Бацькаўшчына" сказала www.udf.by, што можа толькі павітаць "канструктыўны падыход упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў адносна пашырэння склада савета", а таксама выказала спадзяванне, што за гэтым паследуюць наступныя крокі па супрацы з беларускім замежжам. "У нас галоўная задача – дабіцца хутчэйшага прыняцця закону "Аб беларусах замежжа" і без дзяржавы тут не абыйдзешся".

Варта нагадаць, што цягам некалькіх месяцаў "Бацькаўшчына" атрымлівала адмовы ў прадстаўленні памяшкання для з’езду і ўжо ўсур’ёз разглядаўся варыянт правядзення мерапрыемства за мяжой.

Упершыню пра свой намер аб’яднаць беларусаў замежжа, Гуляка заявіў тры месяцы таму. Не ўсе лідэры беларускай эміграцыі прывіталі гэтую ініцыятыву. Старшыня Саюзу беларусаў Польшчы Яўген Вапа тады заявіў:

"Міністр Гуляка разгуляўся па поўнай праграме, стараючыся канчаткова разбіць і падзяліць беларускае замежжа…улада паказвае свой падманлівы твар. А гэтага вобразу не зменяць нат найлепшыя дыпламаты прысланыя з мэтай папрацаваць з намі ў замежжы".

Пакуль няясна чым канкрэтна будзе займацца каардынацыйная рада. Але ўпаўнаважаны ўжо прызнаўся, што дзяржава не мае сродкаў, каб запрасіць актывістаў беларускай дыяспары ў Мінск і проста заявіў, каб прыязджалі тыя, хто "здольны падтрымаць сам сябе фінансава".

Сяргей Нятрэба

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров