Сяргей Міхалок: "Купала і Багдановіч – гэта сур’ёзна"

Сяргей Нятрэба, www.udf.by

Лідэр гурта "Ляпіс Трубяцкой" вырашыў разбавіць сваю новую канцэртную праграму вершамі, і не толькі сваімі. На канцэртах "Ляпісаў" пройдуць масавыя літаратурныя чытанні, у тым ліку класікаў беларускай літаратуры. Сяргей Міхалок патлумачыў, што чытаць Купалу і Багдановіча, Мандэльштама і Блока ён будзе на поўным сур’ёзе – каб вярнуць карыснае ў сферу забаўляльнага.

Беларускі тур "Ляпісаў" з праграмай "Культпрасвет" пройдзе ў сакавіку-траўні. Правядзенне ўсіх канцэртаў, акрамя мінскага, ужо ўзгоднена. "Ляпісы" па традыцыі хочуць выступіць у сталіцы на 9 траўня.

У праграме "Культпрасвет" – тры дзесяткі песень. Аснова – апошнія тры альбомы гурта – "Капітал", "Маніфест" і "Кульпрасвет". Пры гэтым трэк-ліст, скажам, віцебскага канцэрту будзе розніцца ад гомельскага – праграма на кожным канцэрце змяняецца і карэктуецца.

Адна з новых разынак канцэртных "Ляпісаў" – пашырэнне "літаратурнай" часткі. Сяргей Міхалок у вобразе паэта Юзіка Кілевіча і раней чытаў свае творы (ён іх называе "віршы"). Цяпер на канцэртах будуць гучаць і вершы класікаў – Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Веліміра Хлебнікава, Восіпа Мандэльштама, Аляксандра Блока. Міхалок кажа, што задума сур’ёзная, не сцёбная: такім чынам ён хоча вярнуць карыснае ў сферу забаўляльнага.

На задуму арганізатараў, разам з "Ляпісамі" у кожным горадзе мусіла граць адна з мясцовых камандаў. Але з тэхнічных прычынаў ад гэтай ідэі пакуль адмовіліся.

Сёлета музыкі вырашылі граць у асноўным па клубах. І толькі ў Мінску яны плануюць даць канцэрт у Палацы спорта.

12 сакавіка - Гомель, ГЦК;
13 сакавіка - Віцебск, клуб "Энергія";
14 сакавіка – Магілёў, клуб "Ліга";
19 сакавіка – Брэст, Zio Pepe;
20 сакавіка – Гродна, "Парламент".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров