Анемпадыстаў і Вольскі ладзяць чытанні

Сяргей Нятрэба, www.udf.by

Cамыя значныя рок-паэты Беларусі канца XX-пачатку ХХІ ст. вырашылі зладзіць сустрэчу са сваімі прыхільнікамі, каб абмеркаваць паралельнасць тэмаў у сваіх тэкстах ды розніцу ў трактаванні тых жа падзеяў, вобразаў і паняццяў, а таксама пачытаць новыя і старыя творы.

"Гэта будзе сустрэча з чытачамі ў класічным разуменні такога фармату", - кажа Міхал Анемпадыстаў.

Упершыню аўтар "Народнага альбому" і лідэр N.R.M. правялі сустрэчу ў такім фармаце летась у верасні – гэта было ў Львове. Вырашылі паўтарыць яе ў Мінску, але з розных прычынаў імрэза адкладалася. Урэшце дату прызначылі – 10 сакавіка Міхал і Лявон адкажуць на пытанні цікаўных адносна сваёй творчасці. "Так сталася, што з усіх нашых рок-аўтараў мне найбольш блізкі Лявон, - разважае Міхал Анемпадыстаў. – Да ўсяго ў нашых тэкстах шмат чаго перасякаецца. У мяне быў тэкст "На нашай вуліцы", у Лявона - "На вуліцы маёй". Ці ў яго "Менск і Мінск", а ў мяне – "Схаванае сэрца". Мы бралі адну і тую ж тэму, але кожны яе інтэрпрэтаваў па-свойму. Пра гэта і пойдзе гаворка".

Героі вечарыны абяцаюць адказаць на ўсе пытанні, калі тыя не будуць пераходзіць межы разумнага, а таксама пачытаць свае старыя і новыя творы ды колькі разоў інтэлігентна пажартаваць.

Чытанні адбудуцца ў мінскай галерэі "Ў" 10 сакавіка ў 19.00.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров