Украіна і Беларусь змагаюцца за Караткевіча

Сяргей Нятрэба, www.udf.by

Помнікі беларускаму пісьменніку могуць з’явіцца адначасова ў Кіеве і Мінску. “Беларусь і Украіна вядуць сваеасаблівае спаборніцтва ў гэтым кірунку. Мне б хацелася, каб у нас гэта здарылася раней, чым у Мінску. Я веру ў тое, што помнік Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве будзе адкрыты сёлета", - заявіў пасол Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы.

25 ліпеня беларускаму пісьменніку споўнілася б 80 год, але пакуль дакладнай даты ўсталявання помніка не называюць ні ўкраінцы, ні беларусы. Пакуль міністры культуры Беларусі і Украіны заклалі памятны камень на месцы будучага манумента ў Кіеве. Але ніводны з двух дзесяткаў праектаў пакуль не зацверджаны і конкурс эскізаў працягнуты.

Датычна помніка ў Мінску таксама пакуль не называецца дакладнай даты – міністр культуры Павел Латушка зацвердзіў план, што помнік Караткевічу павінны паўстаць цягам 2010-2011 гадоў. Месца для манумента пакуль не называецца.

Між тым, украінцы выказалі спадзяванне, што на прыярытэтных умовах у Мінску з’явіцца помнік украінскаму дзеячу Піліпу Орліку, ураджэнцу Вілейшчыны, які 300 год таму напісаў першую ў свеце Канстытуцыю сучаснага ўзора. Цікава, што ў рускай гістарычнай традыцыі асоба гэтага дзеяча падаецца ў негатыўным рэчышчы. Напрыклад, у паэме Пушкіна "Полтава" Орлік фігуруе ў якасці ката, які дапытвае рускага цара Качубея. Афіцыйнай рэакцыі з Мінску на ідэю ўкраінцаў пакуль няма.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров