Беларускі Таранціна адкрыў сайт фотаздымкаў

Сяргей Нятрэба, www.udf.by

Беларускі фотамастак Аляксандр "Таранціна" Ждановіч адкрыў персанальны сайт tarantino.by, дзе размешчаныя здымкі з яго выставы "Адваротны бок зорак", якая была датэрмінова згорнутая па загадзе чыноўнікаў з Мінгарвыканкама.

Малады фатограф з дапамогай міжнародных экспертаў адабраў свае самыя лепшыя здымкі беларускіх рок-музыкаў і прадставіў іх у канцэптуальнай экспазіцыі пад назвай "Зваротны бок зорак". Выстава павінна была дэманстравацца цягам трох тыдняў у кінатэатры "Перамога", але праз некалькі дзён, калі аўтар выставы прыйшоў у фае, то пабачыў, што ўсе яго працы былі зняты па рашэнні кіраўніцтва кінатэатра. Тыя былі напужаныя "апазіцыйнай афарбоўкай" імпрэзы і выканалі загад ад непасрэдных кіраўнікоў - прадпрыемства "Кінавідэапракат" Мінгарвыканкама, да якога належаць беларускія кінатэатры.

Аўтар вырашыў працягнуць экспазіцыю ў інтэрнэце tarantino.by, а таксама абвесціў продаж сваіх працаў, каб дапамагчы Гарадзішчанскаму дому-інтэрнату для дзяцей і моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Аднак паказаць ужывую свае працы "Таранціна" паспрабуе яшчэ раз – 22 красавіка ў межах дабрачыннага рок-фестываля ў Мінску.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров