Крэдыт для голага караля

"Наша ніва"

27 сакавіка ў Горкаўскім тэатры прайшла прэм’ера спектакля паводле п’есы Андрэя Курэйчыка "Пане Коханку". Менавіта так, праз гіперкарэктнае "о" стаіць на афішах. Хоць у цэлым гэтай пастаноўкай тэатр пацвердзіў статус Нацыянальнага драматычнага.

Спектакль пачынаецца сцэнай адрачэння Радзівіла. З высылкі ён піша ліст да расійскай царыцы Кацярыны: просіць дазволу вярнуцца ў родны Нясвіж за абяцанне "не займацца палітыкай".

Бо Караль Станіслаў Радзівіл сам хацеў быць каралём Рэчы Паспалітай, замест марыянеткавага Станіслава Аўгуста Панятоўскага, каханка Кацярыны.

Гэтым у многім тлумачыцца тое, чаму гісторыкі пасля так упарта ляпілі з Пане Каханку вобраз дзівака і блазна. Адзіны рэальны гістарычны факт, на якім будуецца п’еса, — візіт Панятоўскага ў Нясвіж.

Паводле п’есы, Панятоўскі прыязджае браць крэдыт "на пяць гадоў пад каралеўскае слова". Фінансавыя магчымасці караля цудоўна ўвасабляе сцэна мыцця ў ванне. А матывацыя будзе да болю знаёмая сённяшнім голым каралям: крэдыт трэба, каб ратаваць Рэч Паспалітую. Але палымяныя заклікі да адзінства і патрыятызму не кранаюць багатага Радзівіла.

"Это не наречие. Это язык", — кідае Радзівіл Панятоўскаму, калі той спрабуе падлашчыцца, сказаўшы тост "на местном наречии". Пане Каханку расплюшчвае вочы здзіўленаму Панятоўскаму: тут — Беларусь. Беларусам пляваць і на Маскву, і на Варшаву.

Тут свой рытм, амбіцыі будаўнікоў імперый абыякавыя людзям гэтай зямлі. А яшчэ — Радзівіл адразу зразумеў, што новы кароль задробны душой, каб пайсці ў сваёй справе да канца.

Аўтары не імкнуліся стварыць новыя вобразы. Яны стваралі запамінальныя. Таму Пане Каханку — гэта крыху стары Вежа з "Каласоў пад сярпом тваім": у сваіх дзівацтвах, складаных платанічных пачуццях да маладой акторкі Алесі (успомнім, у Вежы таксама быў тэатр). Але найбольш Курэйчыкаў Радзівіл — гэта Мюнхгаўзен. Прычым гэта барон не з кніжкі Распэ, а з фільма "Тот самый Мюнхгаузен" Захарава. Уплыў савецкага кінематографа прарываецца не толькі тут. Шчымлівая фінальная сцэна палёту крыху нагадвае адпаведную з "Сказки странствий" Міты. Скразная ідэя п’есы — навучыць беларусаў лётаць.

Гэтым займаецца Караль Радзівіл у Нясвіжы, даўшы зарок не браць удзелу ў палітыцы. "Палёт" чытаецца як метафара пазбаўлення ад комплексу нацыянальнай непаўнавартасці.

Але яскравыя акцэнты, зародкі сюжэтных ліній у п’есе трэба вылоўліваць. Яны зацярушаныя саладжавымі народалюбскімі развагамі, вялізнай колькасцю іншай мішуры. Рэжысёр Андрэй Курэйчык вядомы як стваральнік сцэнароў для паспяховых расійскіх кінасерыялаў. І ён пастараўся, каб у гэта п’есе было ўсё: і лінія кахання, і элементы спецыфічнага тэатральнага капусніка (паказальна, што сцэну рэпетыцыі радзівілаўскага тэатра разумелі хіба прафесійныя акторы), і цэлыя музычныя нумары, прычым беларускамоўныя, — арыі з твораў Мацея Радзівіла, песня Лявона Вольскага "Пане Каханку".

Выпадковасць частак сюжэта кампенсуецца сілай супутных эфектаў — то падабранай музыкай, то вынаходкамі пастаноўкі. "Пане Каханку" — сярод самых відовішчных спектакляў года. Ён мае ўсе шанцы доўга збіраць аншлагі ў Горкаўскім: модны рэжысёр, папулярная гістарычная тэма, якасная пастаноўка. Сцэны прыніжэння, якія Панятоўскі зазнае ў Нясвіжы, спадзеючыся на крэдыт, выклікалі б, пэўна, багаты асацыятыўны шэраг у сённяшніх вышэйшых дзяржаўных асобаў.

Нечаканае вытлумачэнне ў гэтым ракурсе набываюць і дзівацтвы Пане Каханку, апісаныя гісторыкамі. Так, яго загад гандлярам залезці на дрэвы і каркаць варонамі, меў на мэце праверыць, ці згодны чалавек на прыніжэнне за тры рублі. «Аказваецца — могуць!» Разлік адбываецца на вачах Панятоўскага, які ўсё чакае ад Пане Каханку крэдыту…

Спецыяльна для Панятоўскага Пане Каханку ладзіць нават парадыйную "бітву з расійцамі", якая насамрэч выяўляецца стральбой набоямі з солі па тых гандлярах. Пасля Панятоўскі знаходзіць выпадак адыграцца асабіста. Пад канец п’есы процістаянне караля ў фальшывым золаце і князя ў простым бела‑чырвоным строі чытаецца ўсё ясней.

Фінал — інсцэнізаваная бітва пры Гібралтары на нясвіжскіх сажалках. Падчас сапраўднай Гібралтарскай бітвы галандцы вырвалі незалежнасць у іспанскіх заваёўнікаў. Нашы героі — толькі гледачы. Гэтым відовішчам Радзівіл нібыта сцвярджае сваю маральную перамогу, хоць жыццёвую паразу ад Панятоўскага і падобных яму атрымаў.

Зрэшты, не толькі маральную: крэдыту Радзівіл каралю так і не даў. Цікава: ці была б сёння Беларусь, калі б даў? Во гэтак Андрэй Курэйчык зрабіў Пане Каханку бацькам нацыі.

Наступныя паказы: 11, 16 і 29 красавіка.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров