Арганізацыя канцэртаў у Беларусі стала стратным бізнесам

Сяргей Нятрэба, www.udf.by

Арганізатары канцэртаў у Беларусі канстатуюць, што іх бізнес не прыносіць прыбытку. Напярэдадні свайго 5-годдзя канцэртнае агенцтва BOpromo заявіла пра спыненне сваёй дзейнасці. Прычына – людзі перасталі наведваць выступы беларускіх і замежных зорак.

Прычыну стратнасці свайго бізнесу арганізатары канцэртаў звязваюць з агульным крызісам. Людзі не гатовы плаціць за выступ беларускіх і замежных зорак нават 10-15 долараў. Залі не збіраюць як поп-артысты, так і альтэрнатыўныя выканаўцы, якія заўжды мелі сваю публіку.

"Крызіс, больш тут нічога не скажаш", - канстатуе Алег Баражынскі з агенцтва "Лінія гуку". "Арганізацыя канцэртай дзейнасці ў Беларусі ў апошні час стала вельмі стратным бізнесам", - дадае кіраўнік канцэртнага агенцтва BOpromo Аляксандар Багданаў, які ў 2009 годзе быў прызнаны дзеячом году на расійскай прэміі "Степной волк", апярэдзіўшы знанага прадзюсара Іосіфа Прыгожына.

Напярэдадні святкавання свайго 5-годдзя BOpromo заявіла, што спыняе сваю дзейнасць у гэтай сферы "праз малую перспектыўнасць кірунку".

Трэба зазначыць, што большасць канцэртаў зорак сусветнага маштабу, як выступ гурта Rammstein ці Scorpions, у Беларусі ладзяць дзяржаўныя арганізацыі, якія рызыкуюць куды меней за прыватныя агенцтвы.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров