Вайцюшкевіч стаў салістам дзяржаўнага аркестра філармоніі

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY

Зміцер Вайцюшкевіч запрошаны на ролю аднаго з салістаў нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча. Спявак выйдзе на сцэну дзяржаўнай філармоніі 23 мая, каб праспяваць некалькі песен на верш Адама Русака, у тым ліку славутую "Бывайце здаровы". У вечары таксама возьмуць удзел такія артысты, як Якаў Навуменка, Надзея Мікуліч, гурты "Славяне" і "Беларусы".

Упершыню на філарманічную сцэну Вайцюшкевіч выйшаў летась, калі выканаў на вечары памяці Уладзіміра Мулявіна песню "Як я ехаў да яе". 15 мая выканаўца ўзяў удзел у вечарыне памяці Ігара Паліводы.

"Як гэта ні дзіўна для прадстаўнікоў беларускага андэграўнду, філарманічная сцэна прывабная і адказная. І я, па-шчырасці, яе баюся", - адзначыў артыст. У яго планах запісаць з аркестрам цэлую праграму для паказу ў камернай абстаноўцы. Акром таго, выканаўца сыграе адну з галоўных роляў у пастаноўцы рок-оперы Ігара Лучанка "Гусляр". Плануецца, што Вайцюшкевіч сыграе ролю князя, а Пётр Ялфімаў – гусляра. Таксама магчымы ўдзел выканаўцы ў сёлетнім "Славянскім базары".

У бліжэйшы чацвер, 20 мая, Вайцюшкевіч прадставіць у Мінску сольную праграму на вершы Уладзіміра Караткевіча.

Доўгі час творчасць Змітра Вайцюшкевіча знаходзілася пад негалоснай забаронай разам з шэрагам іншых беларускіх рок-выканаўцаў у сувязі з выступам на апазіцыйным мітынгу.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров