Вольскі баіцца крытыкі Кірчука з Хаменкам

Сяргей Нятрэба, новостной порал UDF.BY

Рок-спевака запрасілі ў хэдлайнеры фолк-фестываля разам з "Троіцай" і "Палацам". Той не адмовіўся і ўзяўся за падрыхтоўку спецыяльнай праграмы. Лявон спадзяецца, што прызнаныя мэтры ў гэтым кірунку Іван Кірчук ды Алег Хаменка не надта яго раскрытыкуюць.

"Камяніцу" можна лічыць самым танным беларускім фестывалем. За канцэрт сямі выканаўцаў, у тым ліку "Троіцы", "Палаца" ды Лявона Вольскага, гледач мае аддаць 6 300 рублёў, для школьнікаў яшчэ і зніжка ў 50 працэнтаў.

Адзін з завадатараў фэсту Алег Хаменка тлумачыць такі нізкі кошт тым, што мерапрыемства праводзіць сам музей народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах пад Мінскам. Фактычна кожны наведвальнік фестываля набывае квіток у музей, таму можа не толькі паслухаць музыку, але і агледзіць экспазіцыю.

Да ўсяго фольк-фестываль вырашылі падтрымаць "Белзнешэканамбанк" ды брэнд "Сваяк". Дадатковы бонус для ахвочых паслухаць этна-музыку – бясплатнае маршрутнае таксі, якое будзе курсаваць падчас фэсту ад прыпынку "Малінаўка-6".

Дзіўна назіраць у спісе ўдзельнікаў фолк-фэсту Лявона Вольскага. Лідэр N.R.M. і "Крамбамбулі" і сам нямала здзівіўся такой прапанове. Але прыняў яе без доўгіх роздумаў. Ён вырашыў падрыхтаваць спецыяльную праграму з народных песень. Лявон прызнаецца, што нават трохі хвалюецца перад такой прэм’ерай і спадзяецца, што прызнаныя мэтры ў гэтым кірунку Іван Кірчук ды Алег Хаменка не надта яго раскрытыкуюць.

У межах фэсту можна будзе пабачыць і колішнюю "рок-князёўну" Русю, якая цяпер спявае ў фолк-гурце "Акана". Сярод гасцей таксама – "Бан-Жвірба" і GUDA. Першыя граюць народныя песні на альтэрнатыўны манер, а другія падаюць максімальна блізка да арыгіналу.

Фест пачнецца ў 15.00 4 жніўня ў Строчыцах.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров