Музычныя тэндэнцыі-2010: крызіс жанра і рост патрыятызму

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY

Беларускія музычныя крытыкі падвялі музычныя вынікі паўгоддзя і канстатавалі некалькі тэндэнцый: айчынныя артысты ўсё меней запісваюць дыскаў і паступова сыходзяць у віртуальную прастору, а доля беларускамоўнай музыкі пры гэтым расце.

Лепшым альбомам паўгоддзя прызнаны апошні дыск гурта "Дзецідзяцей" – "Рух". Музыканты зрабілі яго прэзентацыю і распаліся. На другім месцы - сумесны праект беларускіх і расійскіх фолк-музыкантаў Hvarna. На трэцім – новы альбом гурта МАUZER. Акром падсумавання, вядучыя музычныя эксперты вылучылі некалькі тэндэнцый у беларускай музыцы.

Тэндэнцыя№1. Крызіс жанра

За першыя паўгады 2010 беларускія артысты выдалі ўсяго 20 альбомаў. Гэта на 30 працэнтаў менш, чым у ранейшыя гады. Кіраўнік сайта Experty.by Зміцер Безкаравайны тлумачыць гэта тым, што істотна знізіўся продаж дыскаў. "Альбомы цяпер запісваць невыгодна. Артысты сёння зарабляюць канцэртамі і карпаратывамі, а для стымулявання гэтай дзейнасці дастаткова запісваць і даваць на радыё па дзьве-тры песьні на год", - кажа эксперт.

Тэндэнцыя№2. Рост патрыятызму

Упершыню за некалькі год доля альбомаў на беларускай мове перавысіла колькасць рускамоўных дыскаў, якія раней стабільна лідзіравалі. 50% артыстаў, што выдалі сёлета свае дыскі спяваюць па-беларуску, 40 – па-руску. Эксперты звязваюць гэты факт не толькі з ростам патрыятызму ў айчынных выканаўцаў, але і з тым, што поп-спевакі, якія як правіла выконваюць песні на рускай мове, у гэтым годзе пакуль у асноўным адмоўчваюцца.

Тэндэнцыя№3. Сыход у віртуальную прастору

Выданне песень на лэйблах і продаж дыскаў у крамах усё менш цікавіць беларускіх музыкаў.
Усё часцей яны выкладаюць свае творы ў інтэрнэт для вольнага доступу. 15% з альбомаў паўгоддзя – інтэрнэт-рэлізы. "Сёння рэкорд-лэйблы рэдка калі бяруць на сябе выдаткі на рэкламу дыска выканаўцы. Таму яму даводзіцца ўсё рабіць самому, ды яшчэ плаціць аўтарам і аранжыроўшчыкам. Дыскі ж прадаюцца цяпер цяжка", - тлумачыць Зміцер Безкаравайны. У пацверджанне яго слоў пад канец лета яшчэ тры выканаўцы – Юрый Дземідовіч, Yellow Brick Road і гурт Prana прадставілі свае альбомы ў інтэрнэце.

Вынікі ўсяго 2010 года эксперты мяркуюць падвесці на пачатку наступнага года з традыцыйнай цырымоніяй узнагароджання аўтараў лепшых беларускіх дыскаў.

поделиться

Новости по теме

    Лепшыя беларускія дыскі 2009 года

    Завадатары праекта Experty.by бачаць адной са сваіх мэтаў дапамагчы слухачу зарыентавацца ў шматлікасці музычных навінак. За гэты год эксперты сайта праслухалі ўсе музычныя дыскі, якія былі выдадзеныя афіцыйна і прадаюцца ў беларускіх дыскарнях.подробности

Новости партнёров