Максім Жбанкоў: Неабходная дэнацыяналізацыя беларускага кіно

Алесь Пехціеў, партал навінаў www.UDF.BY

У беларускае кіно за тры гады ўклалі 60 мільярдаў рублёў, а выніку няма. Культуролаг Максім Жбанкоў згодны з Аляксандрам Лукашэнкам у ацэнцы стану айчыннага кіно. Праўда, высновы эксперт робіць зусім іншыя.

- Вы згодны з Лукашэнкам, наконт таго, што прарыву ў беларускім кіно не назіраецца?

- Гэта сапраўды так. Але ж прарывы не адбываюцца паводле загадаў і дырэктыў. Кіно з’яўляецца ў адказ на крытычныя моманты, што паўстаюць у грамадстве.

- Атрымліваецца, у нашым грамадстве нічога не адбываецца?

- У нас абсалютная суразмернасць мастацкіх высілкаў і сацыяльнай сітуацыі. 10 год прабуксоўкі, калі адсутнічала перспектыва і наогул прастора для аўтарскага выказвання, спарадзілі такую сітуацыю. У кінематаграфістаў цяпер іншая задача – не стварыць геніяльнае кіно, а засвоіць грошы такім чынам, каб цябе не пасадзілі.

- А як жа маладыя рэжысёры?

- Безумоўна, генерацыя маладых аўтараў ёсць, але яны не маюць магчымасці трапіць у гэту індустрыю, бо гэта закрытая прастора, дзе вядуць рэй пэўныя кланы.

- Дык няўжо сапраўды за 20 год не з’явілася ніводнага прыстойнага беларускага фільма, як заявіў Лукашэнка кінематаграфістам?

- Такія вострыя рэплікі з боку кіраўніка дзяржавы фактычна адлюстроўваюць тое, што дзяржаўную культурную палітыку, у тым ліку і кінематограф, напаткаў калапс. Дзяржаўнае кіно паказвае сваю дэградацыю, а незалежнаму не даюць развівацца. Хоць быў адзін поспех – фільм "Акупацыя. Містэрыі" Андрэя Кудзіненкі.

- Няўжо апошнія праекты "Беларусьфільма" – "Масакра" таго ж Кудзіненкі і "Ваўкі" Колбышава не даюць падставаў для аптымізму?

- Гэтыя фільмы зрабілі рэжысёры, якія не знайшлі рэалізацыі сваіх задумаў у гэтай краіне і з’ехалі здымаць серыялы ў Расію. Іх запрашэнне ўжо было крокам адчаю. Атрымалася, што тут годных няма. Але нічога новага ні Кудзіненка, ні Колбышаў не прапанавалі. "Масакра" – гэта фактычна працяг лініі "Дзікага палявання караля Стаха" – містычнага савецкага малабюджэтага хорару. Спазніўся з сваім кіно і Колбышаў, "Ваўкоў" нібы на пачатку 90-х здымалі. Абодва гэтыя рэжысёры яскрава адлюстравалі татальную разгубленасць беларускага кінематографа і ў ментальным, і ў стылістычным плане.

- І што тады рабіць дзяржаве з беларускім кінематографам?

- Перадусім неабходная прыватызацыя кінематографа, яго дэнацыяналізацыя. У нас па-ранейшаму да кіно ставяцца, як да ідэалагічнай зброі, адсюль і праблемы. Кіно не павінна рабіцца ад імя дзяржавы, гэта фармат аўтарскай свабоды. Такое кіно мусяць рабіць прыватныя кінастудыі, здымаць прыватныя аўтары на прыватныя грошы. Такім чынам можа быць адбудаваная сістэма народнага камерцыйнага кіно. Па-за межамі дзяржавы мусіць існаваць і некамерцыйны кінематограф ў фармаце творчых лабараторый, але ж паспрабуйце ў нас гэта зрабіць. Трэба змяняць сістэму, як той казаў. Дзяржаўныя ўкладанні тут не дапамогуць.

Максім Жбанкоў – культуролаг, кінааналітык, выкладчык. Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт. Вядучы кінаклуба ў кінатэатры "Перамога". Загадваў аддзелам культуры ў "Белорусской деловой газете". Аўтар шматлікіх публікацый па пытаннях культуры ў часопісах "Мастацтва", "Фрагмэнты", "pARTisan", на сайце "Наше мнение" і "Беларускія навіны". Суаўтар кніг "Медыя і камунікацыі", "Беларусь: сценарии реформ".

поделиться

Новости по теме

    Што зменіць «Масакра»

    На фільм Андрэя Кудзіненкі надзеі асаблівыя – ён пакліканы аднавіць былую славу «Беларусьфільма», нават ажыццявіць пэўную перазагрузку айчыннага кіно.подробности

Новости партнёров