У Мінск прыедуць зоркі польскага джазу - відэа

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY

Аўтарытэтны польскі джазмен Цэзары Конрад прадставіць свой новы праект, куды ўваходзяць лепшыя інструменталісты яго краіны. Сам Цэзары мае ўразіць мінскую публіку сваім майстэрствам - ад 1992 году без перапынку яго прызнаюць "лепшым джаз-бубначом Польшчы".

Цэзары, Марэк і Роберт – даўнія сябры. Кожны з іх дасягнуў поспехаў у сваім кірунку. Цэзарыю Конраду дык наогул няма роўных сярод польскіх джазавых бубначоў ужо амаль 20 год. У яго дыскаграфіі – 89 дыскаў, у запісе якіх ён браў удзел. Не меншая славутасць - гітарыст Марэк Напюркоўскі. Ён мае ўласны праект і запісваецца з лепшымі музыкамі Польшчы. Яго альбом пад назвай "Wolno" тры гады таму дасягнуў у яго краіне статусу залатога дыску. Трэці ўдзельнік трыё – Роберт Кубішын лічыцца адным з самых запатрабаваных басістаў у Польшчы. Акром музыкі, ён займаецца яшчэ і прадзюсарствам.

У сваёй музыцы Cezary Konrad Trio cпалучаюць элементы джаза і прагрэсіўнага року. Хоць калі яны бяруцца імправізаваць, то ўціснуць у нейкія стылістычныя межы іх творчасць немагчыма. Трыё выступіць у вялікай залі Беларускай дзяржаўнай філармоніі 26 верасня. Канцэрт зладжаны пры падтрымцы Польскага інстытуту ў Мінску.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров