Ambasadar KROU прадставіў новы трэк і прызнаўся ў прыхільнасці да Раманчука - аўдыё

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, для партала навінаў www.UDF.BY

Самы скандальны беларускі рэпер прадставіў у сеціве свой новы трэк "Асаджаны" праз перыпынак у тры гады. З часу альбому "Крывавы сакавік", прысвечанага падзеям, звязаным з выбарамі ў 2006 годзе, музыка вырашыў ўзяць паўзу.

"Я даў сабе час на новыя ідэі і сканцэнтраваўся на іншых кірунках дзейнасці", - кажа лідэр праекту "Чырвоным па белым", што набыў папулярнасць у інтэрнэце дзякуючы сваім бескампрамісным творам на "актуальную тэматыку". У час першых выступаў ён хаваў свой твар пад чорнай маскай, але цяпер з’яўляецца пазнавальнай медыйнай персонай. Ён вядзе сваю праграму "YoLife!" на тэлеканале "Белсат", піша артыкулы на палітычныя ды эканамічныя тэмы ў сваім блогу, выступае на міжнародных канферэнцыях.

"Я кансерватыўны ліберал. Кансерватыўны ў сацыяльнай сферы, ліберальны ў гаспадарчай. Такіх, як я, яшчэ называюць лібертарыянцамі. Мае аўтарытэты ў эканоміцы - прадстаўнікі аўстрыйскай эканамічнай школы: Мізес, Мілтан Фрыдман. З беларускіх эканамістаў вылучаю найперш Яраслава Раманчука. Да ўсяго я вельмі негатыўна стаўлюся да дэмакратыі, я манархіст", - дзеліцца сваімі поглядамі Кроў.

На музыку рэпер не забываецца, хоць першы беларускамоўны рэп-фестываль, што адбыўся сёлета, прайшоў без яго ўдзелу. "Хутчэй за ўсё яго арганізатар Вінсэнт уцяміў, што калі бы запрасілі "Чырвоным па Белым", дык ён ужо не быў бы хэдлайнерам і тут я яго магу зразумець. Толькі у такой сітуацыі карэктным было б не называць гэта фэстам".

Новы трэк "Асаджаны" мае ўвайсці ў будучы альбом рэпера. Праўда, калі ён пабачыць свет, лідэр ЧпБ не кажа. "Так ці інакш перапынак у некалькі год паміж выхадамі альбомаў яшчэ не значыць, што хтосьці спыняе існаванне. Пяць год перапынку між сваімі дыскамі мела Metallica, пра Эмінема пяць год увогуле нічога не было чуваць, а сёлета ён выдаў свой найлепшы альбом. Так што калі назбіраецца трэкаў на дыск, раскруцім такую кампанію, што будзеце яшчэ мець мяне досыць", - з усмешкай абяцае рэпер.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров