Што зменіць «Масакра»

Сяргей Будкін, для партала навінаў www.UDF.BY

"Масакру" упершыню пакажуць на экране беларускага кінатэатра ўжо сёння. Пакуль што гэта будзе прэс-паказ для абраных журналістаў, вялікая прэм’ера запланавана на 11-га лістапада ў межах фестывалю "Лістапад". На фільм Андрэя Кудзіненкі надзеі асаблівыя – ён пакліканы аднавіць былую славу "Беларусьфільма", нават ажыццявіць пэўную перазагрузку айчыннага кіно.

Галоўная цікавостка - фільм зняты не пра вайну і немцаў. Жанр стужкі неўласцівы для беларускага кінематографа – містычны трылер. Сам рэжысёр прызнаецца, што імкнуўся зрабіць сапраўдны нацыянальны хіт, каб яго прагляд быў цікавым і карысным адначасова. Таму ў сюжэт уплецена гістарычная тэматыка – дзея фільма разгортваецца пасля паўстання Каліноўскага, а сцэнар быў напісаны з выкарыстаннем старадаўніх беларускіх паданняў. Хоць сама рэкламная кампанія фільма ідзе па-расійску.

За час працы над фільмам Кудзіненка не жаліўся і не наракаў на недахоп сродкаў і састарэлую "беларусьфільмаўскую" базу, хоць тое было відавочна. Падобна, што былы апальны рэжысёр і былы галоўны ідэолаг, цяперашні кіраўнік нацыянальнай кінастудыі Уладзімір Замяталін паразумеліся, калі не пасябравалі. Аўтару забароненага колісь у Беларусі фільма "Акупацыя. Містэрыі" выдзелілі пяць з паловай мільярдаў рублёў, што для кінафільма з размахам поўны мізер. Затое разам з тым была дадзена свабода творчасці. Цяпер стваральнікі "Масакры" могуць пахваліцца такім цікавым фактам, што ў сцэне з усёразбуральным палтэргейстам няма кампутарнай графікі, усё зроблена дзякуючы майстэрству режысёра, аператара і мантажора. Зрэшты ў кінаіндустрыі не заўжды вырашае бюджэт – дэбютны фільм Роберта Радрыгеса "Музыкант" ці сусветны кінахіт "Ведзьма з Блэр" здымаліся куды за меншыя грошы, чым "Масакра". Зрэшты, і сам Кудзіненка "Акупацыю", якую пахваліў нават Таранціна, зняў менш чым за тысячу даляраў.

Тут пытанне ў іншым – у беларускіх гледачоў выпрацавалася ўстойлівае непрыманне айчыннага кіно, дзякуючы ідэалагічна правільным стужкам, што прадукаваў "Беларусьфільм" цягам апошніх пятнаццаці год. Ці здолее нешта змяніць "Масакра" Кудзіненкі – галоўная кінаінтрыга гэтага года.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров