MetalFront.org спыняе існаванне

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, для партала навінаў www.UDF.BY

Найбуйнейшы партал, прысвечаны беларускай экстрымальнай музыцы закрываецца. Стваральнікі кажуць, што інтэрнэт-выданні калісьці замянілі папяровыя часопісы, а цяпер іх саміх з’елі сацыяльныя сеткі.

Праект MetalFront.org – найбуйнейшы інтэрнэт-рэсурс, прысвечаны беларускай метал-музыцы. Цягам пяці год свайго існавання сайт не толькі паведамляў пра самыя цікавыя падзеі ў гэтым кірунку, але штогод ладзіў уласную цырымонію ўзнагароджання лепшых музыкаў - MetalFront.org Music Awards. Аднак сёлета кіраўніцтва парталу прыняло рашэнне спыніць дзейнасць.

Заснавальнік MetalFront.org Макс "Cimeries" Елісееў тлумачыць, што да яго прыйшло ўсведамленне, што праект страціў актуальнасць: "Як спачатку вебзіны замянілі папяровыя часопісы, так і цяпер сацыяльныя сеткі з’елі вебзіны. Бачу, што наш праект губляе інтарэс для наведнікаў". Яшчэ адна прычына, на думку Макса, у крызісе музычнай журналістыкі ў краіне: "Для маладога пакалення вебзін не ўяўляе цікавасці, людзям нецікава пісаць рэцэнзіі, агляды, інтэрв'ю". Адну з прычынаў стваральнік MetalFront бачыць і ў сабе самім, бо з цягам часу яго густы змяніліся ў бок экстрымальнай электроннай музыкі. Cimeries ужо адкрыў прома-групу Madness Project. Гэтаму праекту ён і частка каманды сайта MetalFront і плануюць прысвяціць сябе.

Закрыццё MetalFront.org вырашана адзначыць вялікім развітальным канцэртам. Ён пройдзе 31-га кастрычніка ў клубе "Рэактар" з удзелам гуртоў Exist-M, Solarward, Out Of Yesteryear, Imprudence, Id Vision.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров