У Мінску выступіць Тоні Брэкстан

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY

Амерыканская спявачка едзе з канцэртам у Мінск пасля таго, як публічна прызнала сябе банкрутам.

Зорка соўла ўключыла беларускую сталіцу ў свой тур у падтрымку новага альбому Pulse. Канцэрт пройдзе 18-га снежня ў "Мінск-арэне". Перад гэтым яна выступіць у Кіеве і Маскве.

Выканаўца адной з галоўных поп-песень 90-х Un-Break My Heart перажывае цяпер не лепшыя часы. Некалькі тыдняў таму 43-гадовая спявачка абвесціла сябе банкрутам – яе пазыкі розным кампаніям дасягнулі 50 мільёнаў даляраў.

Пік кар’еры Тоні Брэкстан прыпаў на 90-ыя, калі яна атрымала адразу тры "Грэмі" за дэбютны альбом у 1993 годзе. Тады яе і назвалі "новай Уітні Х’юстан". Але пасля вялізарнага поспеху яе хіта Un-Break My Heart, спявачка першы раз абвешчае пра сваё банкруцтва і нават выстаўляе на продаж заваяваныя музычныя ўзнагароды. Тое самае паўтарыцца ў гэтым годзе. У апошнія 10 год новыя працы Брэкстан не маюць такога вялікага камерцыйнага поспеху. Але яе апошні, сёмы па ліку альбом Pulse па выхадзе ўсё ж трапіў у дзесятку Billboard.

Канцэрт зоркі канца мінулага стагоддзя ў "Мінск-Арэне", разлічанай больш чым на 10 тысячаў гледачоў – мерапрыемства рызыкоўнае, але арганізатары мяркуюць сабраць поўную залу. Квіткі на канцэрт амерыканскай спявачкі каштуюць ад 100 да 370 тысячаў рублёў.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров