Бландзінкі і брунеткі сыйдуцца ў інтэлектуальнай бойцы - відэа

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY

Дзяўчыны будуць спяваць, танчыць, дэкламаваць вершы, каб засведчыць сваю адоранасць у розных відах мастацтва. Гледачы змогуць ацаніць іх выступы па васьмі намінацыях, а пераможцы будуць вызначаныя з дапамогай журы, таксама жаночага.

Праект пад назвай "Дзесятка-style" заснавалі беларускія паэткі Віка Трэнас і Юля Новік і запрасілі да ўдзелу ў ім усебакова адораных беларускіх дзяўчат. Мэта – не толькі папулярызаваць айчынную культуру, але і прыцягнуць увагу шырокай публікі, у тым ліку прадстаўнікоў індустрыі прыгажосці. "Мы хочам стварыць станоўчы вобраз дзяўчыны як сацыяльна актыўнай і творчай асобы", - ці то жартам, ці то ўсур’ёз заяўляюць арганізатары праекту.

У шоў "Дзесяткі-style" будуць удзельнічаць каманда бландынак і каманда брунетак, што будуць спаборнічаць у васьмі намінацыях. У каманду бландзінак увайшлі спявачка Таццяна Беланогая, паэтка і танцорка Ганна Федарук, паэтка і журналіст Алеся Кузьмінова, паэтка Таццяна Будовіч. У каманду брунетак: паэтка Яна Явіч, спявачка Ната Пушкарова, паэтка Кацярына Макарэвіч, дызайнер і візажыст Святлана Марчук.

Задача кожнай – паказаць сваю ўнікальнасць праз улюбёны від мастацтва. Дзяўчыны будуць танчыць, спяваць, маляваць, дэкламаваць вершы. Ацэнваць іх будзе журы, куды ўвайшлі літаратурныя крытыкі Ганна Кісліцына, Ірына Шаўлякова і Людміла Рублеўская. Інтэлектуальная бойка пройдзе 13 лістапада ў музеі Янкі Купалы.

Увосень беларускія інтэлектуалкі сапраўды актывізаваліся. Толькі што ў продажы з’явіўся каляндар на 2011 год, для якога ў ролі мадэляў зняліся дванаццаць паэтак, пісьменніц і спявачак.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров