Андрэй Кудзіненка: Зняць кіно на «Беларусьфільме» — само па сабе подзвіг

"Народная воля"

Адбылася рэспубліканская прэм’ера мастацкай стужкі рэжысёра Андрэя Кудзіненкі "Масакра". Гісторыя аб пярэваратнях і каханні, замешаная на крыві і беларускіх легендах, сабрала поўную залу.

Прэм’еры "Масакры" сапраўды чакалі. Не будзе перавелічэннем сказаць, што гэта першае кіно ў гісторыі незалежнай Беларусі, якое абмяркоўвалася і аспрэчвалася яшчэ задоўга да таго, як карціну пабачыла шырокая грамадскасць. Амбіцыёзны малады рэжысёр Андрэй Кудзіненка зрабіў сенсацыю хаця б тым, што стварыў першы ў нашай краіне "бульба-хорар".

"Калі мы прынеслі сцэнарый на "Беларусьфільм", сабраліся дзіўныя людзі з мастацкага савета. Яны паглядзелі на наш сцэнарый і залямантавалі, што ў нашым кіно ўсе толькі займаюцца сексам і забіваюць адзін аднаго", — распавёў аб рэакцыі мастацкага савета "Беларусьфільма" на "Масакру" рэжысёр.

Першы беларускі трылер быў шчодрым на патокі крыві з экрана, эратычныя сцэны і беларускую мову. Пры гэтым у фільме шмат несупадзенняў і гістарычных супрацьлегласцяў, сам рэжысёр параіў ставіцца да карціны прасцей і нават назваў яе "здзекам з прафесійнага журы "Лістапада".

"Зняць кіно на "Беларусьфільме" — само па сабе подзвіг, — прызнаўся Кудзіненка. — Працаваць з гэтай кінастудыяй немагчыма. Можна па-рознаму ставіцца да нашай карціны, але вы нават не ўяўляеце, чаго варта дабіцца хаця б добрай карцінкі. У нас была пастаянная бойка. А што было ў працэсе вытворчасці... жах! Так што можаце мяне лаяць, мне ўсё роўна. Я здзейсніў подзвіг".

У фільме здымаліся лепшыя беларускія акцёры Аляксандр Колбышаў, Аксана Лясная, Сяргей Журавель, Святлана Зелянкоўская, Паліна Сыркіна, Аляксандр Кашпераў, Алег Гарбуз, Аляксандр Малчанаў, Генадзь Фамін. Але галоўныя ролі дасталіся расіянам — Дзмітрыю Мілеру, Андрэю Назымаву і Марыі Курдзяневіч.

Для такога амбіцыёзнага кіно бюджэт "Масакры" даволі сціплы — каля 5 мільярдаў беларускіх рублёў. Нагадаем, што правальны дзяржаўны фільм "Дняпроўскі рубеж" каштаваў каля 5 мільёнаў долараў.

Калі глядзець "Масакру" ўважліва, то можна заўважыць некалькі "цікавостак". Безумоўна, размова не аб хібах мантажу. У самым канцы фільма, калі святар-рэвалюцыянер трапляе ў армію Гарыбальдзі, яго сустракае афіцер, якога сыграў адзін з рэвалюцыянераў айчыннай музыкі — прадзюсар гурта "Ляпіс Трубяцкі" Яўген Калмыкоў.

Аб чым кіно

"Масакра" — польскі выраз, які абазначае крывавую барацьбу, бойню. Такая назва, па меркаванні аўтара карціны, павінна перадаць атмасферу ўнутраных і знешніх канфліктаў у лёсах герояў.

Містычны трылер распавядае аб гісторыі кахання і пракляцця цэлага шляхецкага роду. Цяжка сказаць, калі адбываюцца падзеі. Яўна прасочваецца ілюзія з часамі пасля паўстання Кастуся Каліноўскага. У маёнтак графа Пазуркевіча прыязджае малады авантурыст-мастак з Расіі Мікалай Казанцаў. Ён выдае сябе за даследчыка бібліятэкі, а насамрэч заляцаецца да нявесты графа Ганны. Падаецца, у маладога Казанцава няма шанцаў, бо Ганна кахае графа, а той не можа дачакацца моманту вяселля і ад’езду з роднай зямлі ў Венецыю. Банальная гісторыя перастае быць маркотнай, калі мастак разумее, што граф Пазуркевіч — мядзведзь-пярэварацень.

АПЛАДЫСМЕНТЫ

Нечаканую афарбоўку атрымаў, на першы погляд, нічым не адметны эпізод кінафільма, дзе святар-паўстанец, баючыся, што малады рускі не авантурыст, а агент паліцыі, намагаўся яго прыдушыць з крыкам "Гавары праўду!". Пачуўшы гэтыя словы, уся зала нечакана ўзарвалася апладысментамі...

поделиться

Новости по теме

    Што зменіць «Масакра»

    На фільм Андрэя Кудзіненкі надзеі асаблівыя – ён пакліканы аднавіць былую славу «Беларусьфільма», нават ажыццявіць пэўную перазагрузку айчыннага кіно.подробности

Новости партнёров