J:морс выкладаюць новы альбом у сеціва - відэа

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY

Інтэрнэт-рэліз новага альбому гурта "Электричество" адбудзецца раніцай 17 лістапада. Лідэр J:морс Уладзімір Пугач называе яго вельмі пазітыўным і самым разнастайным з усіх дыскаў гурта. Жывую прэзентацыю новай праграмы музыкі рызыкнулі зрабіць у Палацы спорту і ўпэўненыя, што канцэрт наведаюць некалькі тысячаў іх прыхільнікаў.

Альбом "Электричество" будзе даступны для вольнага спампоўвання з 17 лістапада на афіцыйным сайце гурта. Да гэтага гурт выклаў першую песню "Мамонов" і кліп на яе. Лідэр гурта Уладзімір Пугач апавядае, што праца над новай праграмай вялася цэлы год – ад восені 2009 года. Калі музыкі паслухалі канчатковы вынік, то дыск "Электричество" апынуўся сюрпрызам для іх саміх: "Мы запісваем песні па меры іх напісання, калі іх набіраецца дастатковая колькасць, то складаем з іх альбом. Так што гатовая праграма ў пэўнай ступені падаецца нечаканасцю для нас саміх", - кажа Уладзімір.

У новым альбоме J:морс – 11 песень. Музыкі кажуць, што галоўная яго адметнасць ад ранейшых дыскаў у яго рознастылёвасці. Разам з адметнымі для гурта лірычнымі нумарамі тут сустракаюцца і вясёлыя поп-хіты, і сумныя песні ў трып-хоп стылістыцы. Па традыцыі ўжо ў альбом уключаецца і песня на беларускай мове, яна завецца "Дзесьці".

Прэзентаваць "Электричество" гурт J:морс вырашыў ў адной з самых вялікіх заляў Мінску – у Палацы спорту 11 снежня. Музыкі разлічваюць на аншлаг і папярэднія продажы квіткоў іх спадзевы апраўдваюць.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров