Рокеры і рэперы супраць дзяржаўнага гвалту

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY

Айчынныя музыканты ў адкрытым звароце выказалі салідарнасць з усімі пацярпелымі ў выніку падзей 19 снежня і асудзілі дзеянні ўлады, якая запужвае беларускіх грамадзянаў.

Беларускія рок- і рэп-гурты выступілі з адкрытым зваротам, у якім асуджаюць як улады, дзеянні якіх скіраваныя на запужванне грамадзянскай супольнасці краіны, так і сваіх калегаў, якія выступілі ў падтрымку гвалту з боку дзяржавы.

"Мы выказваем незадаволенасць паводзінамі нашых калегаў, якія публічна выступілі з крытычнымі заявамі ў бок тых людзей, якія прымалі ўдзел у мірнай акцыі пратэсту. Мы лічым, што гэтыя выказванні былі зроблены слабымі людзьмі, што клапоцяцца адно толькі пра свае ганарары". Тут маюцца на ўвазе, відаць, выступы па дзяржаўным тэлебачанні такіх асобаў, як Васіль Раінчык, Ірына Дарафеева, Аляксандр Саладуха, якія выказаліся ў падтрымку дзеянняў уладаў.

Аўтары зварота выказваюць сваю салідарнасьць з усімі пацярпелымі ў выніку падзей 19 снежня, усім, хто арыштаваны ці знаходзіцца пад следствам, іх бацькам, сябрам і сваякам, а таксама ўсім сумленным людзям, якія спачуваюць нявінным ахвярам.

"Мы верым, што ў нашай старонцы святло пераможа цемру, праўда – ману, шчырасць – крывадушнасць", - падсумоўваюць аўтары зварота. Пад ім падпісаліся некалькі дзесяткаў музыкантаў, сярод іх Mauzer, Ambasadar Krou, Vincent, Sciana, Вожык, PАNaNieba ды іншыя. З крытыкай дзеянняў уладаў раней таксама выступілі Сяргей Міхалок, Лявон Вольскі, Уладзімір Пугач, Аляксандр Кулінковіч, а таксама шэраг расійскіх рок-музыкантаў.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров