СТВ: Лоў і Спэйсі не забаранялі

Сяргей Будкін, для партала навінаў www.UDF.BY

Гэнеральны прадзюсар СТВ Павел Каранеўскі пракаментаваў чуткі пра тое, што існуе ўказанне не паказваць у эфіры фільмы з акторамі Джудам Лоў і Кэвінам Спэйсі, якія запісалі відэазвароты ў падтрымку беларускай незалежнай супольнасці. Іх выказванні аніяк не паўплываюць на кінапалітыку канала.

Інфармацыя пра тое, што кіраўніцтва СТВ вырашыла пайсці на байкот фільмаў з удзелам сусветнавядомых акцёраў, з’явілася ў жывым дзённіку кіраўніка беларускага Свабоднага тэатру Мікалая Халезіна. Паводле яго крыніцаў, аргументацыя ў тэлеканала была ў тым, што Лоў і Спэйсі ў відэазваротах кажуць "Жыве Беларусь!".

Гэнеральны прадзюсар СТВ Павел Каранеўскі нямала здзівіўся гэтым чуткам: "Ніякіх указанняў і спісаў не існуе. Наш тэлеканал ніколі не выяўляў аніякіх формаў расізму ці дыскрымінацыі ў адносінах да творчых людзей. Тым больш кінапалітыка канала выпрацоўваецца загадзя, на год-паўтара наперад набываецца ліцэнзійны прадукт. Які сэнс у гэтых чутках? Інтэрнэт – вольная прастора, там можа кожны напісаць што заўгодна і нічым гэта не пацвердзіць".

Культуролаг Максім Жбанкоў мяркуе, што гэтая сітуацыя сведчыць пра тое, што палітычныя падзеі ў Беларусі пераўтвараюцца ў інфармацыйнае шоў. "Мне цяжка зразумець, каму менавіта гэта выгодна. З аднаго боку, Халезін сур’ёзна і якасна займаецца піарам, з іншага, няма падставаў казаць, што ён хлусіць, бо ў дзяржструктурах сапраўды адбываюцца дзіўныя рэчы і калі нават нешта падобнае існуе, то афіцыйнага пацверджання не знойдзеш. Усё можа залежыць ад тэлефанавання ці ініцыятывы, праяўленай на месцы. Канечне, абсалютна смешна, што фільмы з Лоў і Спэйсі могуць зняць з эфіру, бо такі крок не мае аніякага сэнсу і перспектывы. Але ж у нашай сітуацыі ад запалоханых інфармацыйных самураяў можна чакаць чаго заўгодна".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров