Рэперы далі слова Някляеву - аўдыё

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY

Беларускі рэп-праект Aviatar запісаў свой дэбютны інтэрнэт-сінгл пад назвай "Легенды восені". Уступнае слова ў ёй далі прамовіць Уладзіміру Някляеву.

"Я збіраюся рабіць хіп-хап немясцовай якасці", - кажа рэпер Aviatar, які вырашыў заявіць пра сябе дэбютным трэкам "Легенды восені". "Беларусам Богам дадзена беларуская мова. Чаго мы цураемся? Чэхі, палякі, немцы, нарвежцы – кожны з гэтых народаў ужо стварыў сваю нацыянальную школу Хіп-Хапу. Чаму беларусы па сёньня працуюць на агульнарасійскую. У нас жа ёсць свая дзяржава!", - кажа музыкант і настойвае, каб яго кірунак звалі не хіп-хоп, не гіп-гап, а менавіта так – Хіп-Хап.

Свой твор Aviatar прысвяціў "Слуцкаму Збройнаму Чыну і асабіста ўсім беларускім паўстанцам". У першай частцы кампазіцыі ён выкарыстаў голас Уладзіміра Някляева. "Можаце так і напісаць: Някляеў зачытаў разам з Aviatar’ам, бо гэтага выбітнага паэта таксама ўжо можна лічыць легендай".

Свайго твару рэпер пакуль паказваць не хоча, кажа: "Няхай людзі бачаць сваіх герояў, я пакуль героем не стаў". У падтрымку свайго дэбютнага трэку ён збіраецца зняць відэакліп і таксама абяцае, што яго якасць будзе "немясцовай".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров