«Вігма» і БMA Group зліваюцца

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY

Два буйных выдаўца беларускай музыкі заявілі пра аб’яднанне сваіх высілкаў. Лэйбл БMA Group і кампанія "Вігма" падпісалі сумеснае пагадненне аб сумеснай дзейнасці. Першыя рыхтуюць музычны матэрыял, а другія займаюцца вытворчасцю і дыстрыб’юцыяй на тэрыторыі Беларусі.

Выдаўцы пайшлі на такі крок з тым, каб уратаваць сітуацыю на беларускім музычным рынку і даць шанец для рэалізацыі маладым выканаўцам. Як кажа кіраўнік БМА Group Віталь Супрановіч, гурты-пачаткоўцы фактычна пазбаўленыя магчымасці выдаць свой матэрыял: "Існуючыя лэйблы з неахвотай выдаюць дыскі маладых музыкаў, бо не хочуць рызыкаваць у камерцыйным плане. Заплаціць за выданне дыска можа не кожны музыкант. Зніжаецца і попыт на CD. У вялікіх дыскарнях на паліцах замест дыскаў з’явіліся кнігі і батарэйкі".

Каталог БМА Group налічвае больш за 120 найменняў, але магчымасці па дыстрыб’юцыі дыскаў лэйбл мае не такія вялікія, як кампанія "Вігма", што працуе на рынку ўжо 17 год.

Дырэктар кампаніі "Вігма" Сяргей Лытко кажа, што цяпер яны маюць больш чым 200 кропак для продажу дыскаў, таму ў барацьбе між іншымі вытворцамі дыскаў імкнуцца як мага разнастаіць свой асартымент, у тым ліку і за кошт рэлізаў беларускіх выканаўцаў. Да ўсяго "Вігма" мае адзіны ў Беларусі завод па вытворчасці дыскаў. Іншыя лэйблы друкуюць дыскі ў Расіі.

Першым сумесным рэлізам "Вігмы" і БMA Group стаў новы дыск гурта "Разбітае сэрца пацана" – "Не налівай!". Плануюцца да выдання альбомы гуртоў "Бан Жвiрба" і Re1ikt.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров