Лявон Вольскі разлічвае на падтрымку БРСМ

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, для партала навінаў www.UDF.BY

Каманда Лявона Вольскага выпраўляецца ў тур па Беларусі, каб сыграць праграму на вершы беларускіх класікаў і свае лепшыя песні. Спявак забаронаў не баіцца і нават спадзяецца на падтрымку БРСМ.

Спявак вырашыў паказаць сваю сольную праграму "Белая яблыня грому" ва ўсіх абласных цэнтрах. Пачынаеца беларускі тур Вольскага і кампаніі з Гродна і Брэста. Выканаўца пэўны ў тым, што канцэрты пройдуць без перашкодаў: "Няўжо нехта надумае забараніць класіку беларускай паэзіі. Мы наадварот спадзяемся, што настаўнікі школаў павядуць сваіх вучняў на наш выступ, а пярвічная суполка БРСМ будзе актыўна распаўсюджваць квіткі".

У праграму "Белая яблыня грому" ўваходзіць 14 песень на вершы Янкі Купалы, Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча ды іншых паэтаў-класікаў. "Нашы выступы з "Белай яблыняй…" – гэта гуманітарная дапамога беларускаму народу. Мы імкнемся зацікавіць людзей беларускай мовай і літаратурай, бо цяпер гэты прадмет у школах выкладаецца зусім не на належным узроўні і фактычна залічаны да неабавязковых", - кажа Лявон Вольскі.

Першыя канцэрты Вольскага адбудуцца ў Гродна (25 красавіка) і Брэсце (28 красавіка). Пасля музыкі збіраюцца наведацца ў кожны абласны горад, а таксама ў шэраг буйных гарадоў, як Баранавічы, Жлобін ды іншыя. Акром песень з "Белай яблыні" выканаўца збіраецца зайграць свае лепшыя песні з розных музычных праектаў.

Лявон нават не дапускае таго, што правесці выступы могуць перашкодзіць мясцовыя ўлады. У такім разе, на меркаванне выканаўцы, пад забарону трапляе нават не ён разам з камандай, а беларуская літаратура.

поделиться

Новости по теме

    Барадулін упадабаў альбом Вольскага

    Адным з першых, хто пачуў новую праграму Лявона Вольскага "Белая яблыня грому", стаў Рыгор Барадулін. Народны паэт Беларусі, чый верш і даў назву дыску, асабліва ўразіўся рэп-прачытаннем твора Францішка Багушэвіча.подробности

Новости партнёров