Беларускія рокеры супраць АЭС у Беларусі - аўдыё

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, для партала навінаў www.UDF.BY

Музыкі з гуртоў "Жнюв", Unia і No Comment Band запісалі міні-мюзікл пра небяспеку радыяцыі, які прысвяцілі 25-ай гадавіне ад часу катастрофы ў Чарнобылі і нядаўнім трагічным падзеям у Японіі.

Ініцыятары запісу твора – музыкі з гурта "Жнюв". Яны кажуць, што ідэя такога праекту з’явілася, як толькі яны дазналіся пра намер будаваць АЭС у Беларусі.

Трагічныя падзеі ў Японіі толькі ўзмацнілі іх жаданне выказацца, таму яны запісалі песню пад назвай "Добрай раніцы". Удзельнікі гэтага гурта па спецыяльнасці інжынеры, таму маюць уяўленне пра атамную энергетыку.

"Зразумела, што спажыванне энергіі расце з ростам цывілізацыі. Аднак незразумела, што мы атрымаем у выніку гонкі за імгненнай выгодай і ўяўным дабрабытам. За межамі карціны паспяховага жыцця паўстае "поле экспэрыментаў", горы адходаў, атручаныя рэкі і пачуццё віны, якое хоць і нябачнае, але ўвесь час нагадвае пра сябе. На жаль, абезгалоўленыя марыянеткі прыйдуць у сябе толькі тады, калі будзе занадта позна…", - заявілі яны з нагоды прэзентацыі свайго інтэрнэт-сінглу "Добрай раніцы".

Гэты твор "Жнюв" плануе сыграць у час свайго выступа ў межах праекту "Тузін. Unplugged" 25 красавіка ў мінскім клубе "Графіці" і на сваім сольным канцэрце ў мінскім клубе "Рэактар" 27 красавіка.

25 красавіка на партале навінаў www.UDF.BY слухайце топ-10 беларускіх "антыядзерных" гімнаў.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров