«КальЯн»: Боязь у Беларусі стала нормай - відэа, аўдыё

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, для партала навінаў www.UDF.BY

Лідэры гарадзенскага панк-року – гурт "КальЯн" вярнуліся праз пяць год са сваім новым альбомам "Антыпазітыў" і ўпершыню за 13 год выступяць з канцэртам у Мінску ў межах праекту "Тузін.Unplugged" 20 мая. З гэтай нагоды лідэр каманды Алесь Дзянісаў распавёў парталу навінаў www.UDF.BY, чаму яму неабыякавыя дачыненні ў сям’і кіраўніка дзяржавы, чаму ён выступае супраць беларусізацыі і ці не баіцца абвінавачванняў у паклёпе на прэзідэнта.

Зорны час для "КальЯну" быў пры канцы 90-х. Тады гарадзенцы літаральна ўварваліся ў шэрагі лідэраў беларускага року. У 1997 годзе яны запісалі дэбютны альбом "У краіне цудаў", куды ўвайшлі два хіты на ўсе часы – антыядзерны гімн "Радыёактыўны снег" і антываенны "Дайце дзецям кулямёт".

Дайце дзецям кулямёт

Пасля "КальЯн" перамог на "Басовішчы-98". Менавіта тады яны далі апошні канцэрт у Мінску. Адносінаў са сталіцай у іх не склалася. Была ў іх спроба выступіць на экафэсце "Зялёны шабаш" у 2002 годзе. Але той канцэрт быў сарваны. Праз некаторы час гурт прыпыніў існаванне, але цяпер вярнуўся з новым альбомам "Антыпазітыў", аднавіў канцэртную дзейнасць і рыхтуецца выступіць у Мінску ў межах праекту "Тузін.Unplugged". Напярэдадні прыезда ў сталіцу Алесь Дзянісаў даў інтэрв’ю парталу навінаў www.UDF.BY.

- Гурту 15 год, з іх добра калі з палову гэтага часу вы актыўна дзейнічаеце. З чым звязаныя гэтыя шматгадовыя "творчыя запоі"?

- Можна адказаць таямніча: кожны гурт жыве нейкім сваім жыццём, нікому не вядомым, нават яго музыкам. А калі не гуляцца з усялякімі алагічнымі містыфікацыямі, то можна знайсці шмат зямных прычынаў. Музыкі прыходзілі ды адыходзілі, не было канцэртаў, не пісаліся песні… Шмат прычынаў. Нават банальная чалавечая лянота. У любым выпадку, мы – некамерцыйны гурт. Нам не трэба ўвесь час нагадваць сваім слухачам пра свае існаванне ды змагацца за месца пад бізнэс-сонейкам.

- У час апошняга прастоя гурта з 2005 году ў краіне адбылося нямала цікавага. Няўжо не хацелася з гэтай нагоды выказацца?

- Я не магу займацца творчасцю па нейкаму лекалу. Шмат чаго цікавага адбылося, але я – не музычны "мультыплікатар", каб усё цікавае адлюстроўваць. За гэтыя 5 гадоў з’явіліся іншыя песні, частка з якіх зараз выкарыстоўваецца ў праекце "Кальян у акустыцы". З гэтымі ж музыкамі вельмі хачу паралельна ажыццявіць сваю даўнюю мару – запісаць акустычны альбом на вершы легендарнай гарадзенскай паэтэсы Дануты Янаўны Бічэль. Песні ёсць. Дабро ад спадарыні Дануты ёсць. Няма ўсё толькі часу… Што датычыцца "Кальяна", то ў 2009 годзе мы вырашылі аднавіць дзейнасць. Ад папярэдняга складу, які фактычна прыпыніў дзейнасць яшчэ ў 2004 годзе, пасля запісу "НАТЕ!", засталіся тры музыкі (разам са мной).

«КальЯн»: Боязь у Беларусі стала нормай - відэа, аўдыё- Вы выяўляеце надзвычайную павагу да рускай мовы, пры тым, што лічацеся пераважна беларускамоўным гуртом. Маю на ўвазе дзвюхмоўны сайт і рускія песні ў рэпертуары. Дык вы за дзвюхмоўе ў Беларусі?

- Правакацыйнае пытанне. Мой шлях да беларускай мовы быў доўгім. Ці ведаеце, што тэксты нашых так званых хітоў з першага альбому "У краіне цудаў" - "Радыёактыўны снег" і "Дайце дзецям кулямёт!" - былі напісаныя па-руску ды перакладзеныя? І я, і Андрэй Сакалоў (аўтар тэксту "Радыёактыўны снег") тады яшчэ фактычна толькі вучылі родную мову. Як большасць нашых суайчыннікаў, якія выраслі ў СССР, мы мову чулі толькі ў школе на двух прадметах. Адкуль нам яе ведаць? Але ўжо тады было разуменне таго, што мова пачынае паміраць, ператварацца ў такую штучную латынь. І калі яе не падтрымаць, не прынесці ў панк-культуру, хто гэта зробіць, як не мы? І ў гэтым не было нейкага піяр-кроку. Было толькі жаданне. З’яўляліся песні то на рускай мове, то на беларускай. Мы вырашылі больш нічога не перакладаць. На якой мове атрымліваўся тэкст – на такой і пакідалі. Увесь час было неяк 50 на 50 прыкладна. А вось апошні альбом атрымаўся цалкам беларускамоўным (акрамя адной песні).

Што датычыцца дзвюхмоўя, то што вы хочаце пачуць ад паўкроўкі? Я – напалову рускі, напалову – беларус. Бачу як яхідна паціраюць рукі праварадыкальныя нацыяналісты. А калі больш сур’ёзна, то пра якое дзвюхмоўе ідзе размова? Калі б яно было рэальнае, то я нічога не маю супраць. Сёняшняе "дзвюхмоўе" – гэта павольнае забойства беларускай мовы. Пакуль не пачнецца сапраўдная падтрымка мовы з боку дзяржавы не ў выглядзе "развядзення" штучных эстрадных ды народных ансамблей, а рэальных рэформаў ў сферы адукацыі, працэс не спыніцца. Пры гэтым я супраць суцэльнай і хуткай беларусізацыі. Паўтаруся, што трэба пачынаць з адукацыі. І менавіта з вышэйшай адукацыі. Бо навошта бацькі будуць аддаваць дзіцё ў беларускамоўны садок, калі ў перспектыве яно будзе вучыцца на рускай мове? І яшчэ. Гадоў 6-7 назад меў размову з адным вельмі вядомым дзеячом-апазіцыянерам. Ён мне сказаў, што прабачыць сённяшняму рэжыму і дыктатуру, і рэпрэсіі, і палітычную ізаляцыю, калі толькі вернуць гістарычны сцяг ды пачнуць беларусізацыю. Дык вось я супраць такой беларусізацыі!

- Мяркуючы па тэкстах новага альбома, цябе нямала кранулі дачыненні ў сям’і кіраўніка дзяржавы…

Коля

- Як не можа крануць тое, што і так на далоні? Уся краіна па кухнях абмяркоўвае! За мяне і так усё зрабілі: далі тэму, актыўна прапіярылі… Мне заставалася толькі дадаць адзін сціплы бяскрыўдны мазок да таго палатна, якое было даўно намалявана (смяецца). А калі сур’ёзна, то бацькі заўсёды хочуць даць сваім дзеткам тое, што самі не мелі ў дзяцінстве. Такая праекцыя на сваё "Я". У нейкіх выпадках яна набывае дзіўныя формы. Шкада, што ад гэтага церпяць у выніку гэтыя самыя дзеткі, якія вымушаны губляць уласнае дзяцінства. Час ад часу мы добрымі намерамі будуем дарогу ў ад.

- Ты не баішся называць рэчы сваімі імёнамі. Маю такое ж пытаньне, якое задаваў твайму паплечніку Стасу Пачобуту з Deviation, не засцерагаешся трапіць пад артыкул пра "паклёп"?

17 год

- Стасу можна было не баяцца, бо на двары тады быў 2009 год, а зараз – 2011 ды іншыя ўмовы (усміхаецца). Я думаю, што цяпер можа баяцца кожны, хто мае сумленне. А калі ты яго маеш, ты не будзеш маўчаць. Значыць ты – вораг дзяржавы і рыхтуйся адказаць за гэта. Ці нармальна гэта? Бачыш, мы ўжо не здіўляемся такому пытанню! Калі б нам гадоў 12 назад сказалі, што мы будзем ставіцца спакойна да магчымасці праслухоўвання нашых тэлефонаў з боку спецслужбаў, я б пасмяяўся. А сёння нормай стала казаць: "Давай мы гэтае абмяркуем не па тэлефоне!". Гэта такая жахлівая норма. Гульня ў нейкіх "шпіёнаў": першыя шукаюць "ведзьмакоў", другія пачынаюць адчуваць сабе гэтымі "ведзьмакамі". Хаця ўсе разумеюць абсурднасць сітуацыі, ужо нічога не могуць зрабіць, бо правілы "гульні", як высвятляецца, нязменныя. Хутка "паляўнічыя на прывідаў" будуць паляваць адзін на аднаго. Мне вельмі лёгка знайсці і правесці гістарычныя паралелі, таму я пакуль песімістычна гляджу наперад. На мой погляд, кожная дзяржава, тым больш аўтарытарная, эвалюцыянуе да абсалютызму. Ва ўмовах несфарміраванай моцнай грамадскай супольнасці ды дэградацыі значнай часткі інтэлігенцыі эвалюцыя пачынае набываць рэвалюцыйныя хуткасці…

Многія нашыя так званыя "палітыкі" забыліся пра тое, што калі ўсё жыццё "ваяваць з ветракамі", не абавязкова, што заўтра не сустрэнецца сапраўдны "дракон". І ён сустрэўся. І толькі адзінкі далі рады паглядзець яму ў вочы. Ці змагу я асабіста перакрочыць праз свой жывёльны інфантыльны страх? Я не ведаю, але гэтае пытанне павінен задаць сабе кожны, паўтаруся, сумленны чалавек. Мы не можам патрабаваць ад кагосці мужнасці, калі самі не будзем мужнымі.

Вяртаючыся да Стаса, трэба адзначыць, што ягоны брат Анджэй Пачобут, у нейкім сэнсе, зараз адказвае і за яго пазіцыю. Анджэя я ведаю вельмі даўно. Як і ў кожным чалавеку, штосьці ў ім мне падабаецца, штосьці – не. Але самае галоўнае ў дадзеным выпадку, тое што ён заўсёды быў вельмі моцным і мужным чалавекам, з непахіснай харызмай змагара. Такіх, як ён, ворагі страшэнна ненавідзяць, але паважаюць.

- Дзе вас можна пачуць і пабачыць?

- Складана... Ніхто не ведае, калі казаць пра Беларусь. А тым больш - пра Гродна. Мы даўно граем па гаражах. Не так даўно спрабаваў зладзіць бяскрыўдны дабрачынны апалітычны акустычны канцэрт. Дык не! Умяшаліся "цёмныя сілы" у асобе ідэолагаў гарвыканкама. Такая вось негалосная люстрацыя (усміхаецца). Не хачу падрабязнасці распавядаць, каб не пашкодзіць некаторым добрым людзям. Вось ізноў! Ужо нормай стала так казаць! Што датычыцца іншых гарадоў, то ў сакавіку нечакана прайшоў выдатнейшый сэйшн у Баранавічах, на якім мы адлабалі. 1 траўня мы выступалі на паўпадпольным канцэрце пад Мінскам, які ладзілі мінскія анархі. Так што час ад часу штосьці варушыцца. Самае цікавае, што мы не адчуваем нейкага сакральнага задавальнення ад таго, што сядзім у андэграўндзе. Ва ўсім свеце існуе моцная так званая клубная культура, якая не мае ніякага дачынення ні да андэграўнду, ні да мэйнстрыму. Дык вось у нас яна, па розных прычынах, амаль што не развіта.

Далучыцца да гурта "КальЯн" у Facebook

Кліп на самую вядомую песню каманды "КальЯн" – "Радыёактыўны снег", які па версіі партала навінаў www.UDF.BY заняў 1-ае месца ў рэйтынгу беларускіх антыядзерных хітоў:

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров