Анастасія Віннікава. Pro і Contra: шанцаў ніякіх - фота, відэа

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, для партала навінаў www.UDF.BY

На просьбу партала навінаў www.UDF.BY галоўны рэдактар газеты "Антенна" Сяргей Маліноўскі і музыкант Віктар Рудэнка ацанілі шанцы Анастасіі Віннікавай на конкурсе "Еўрабачанне-2011" па чатырох крытэрах, разгледзіўшы песню "I love Belarus", пастаўлены нумар, харызму самой спявачкі і палітычную падаплёку конкурса.

Вялікімі поспехамі за сямігадовую гісторыю ўдзелу ў конкурсе "Еўрабачанне" Беларусь пахваліцца не можа. За гэты час айчынныя выканаўцы толькі двойчы траплялі ў фінал. Самы паспяховы вынік паказаў Дзмітрый Калдун у 2007 годзе (6 месца), найгоршы быў у Паліны Смолавай у 2006 (22 месца). Правал чакаецца і сёлета. Прынамсі, так лічаць эксперты. На просьбу партала навінаў www.UDF.BY свае ацэнкі далі галоўны рэдактар газеты "Антенна" Сяргей Маліноўскі і лідэр гурта Dali Віктар Рудэнка.

Песня (музыка, словы, мелодыя, аранжыроўка, вымаўленне)

Сяргей Маліноўскі:

"I love Belarus" зробленая нібы ў стылі таннай агітбрыгады. Сама Наста піша ў дзённіку, што яе песня шмат каму падабаецца ў Дзюсельдорфе. Але не думаю, што так можа быць. У яе вельмі прымітыўны твор, але ён запамінаецца. У плане навязлівасці ўсё ў яго парадку. А вось у плане сэнсу і шчырасці адчувальныя праблемы. Надта яна ўжо паказушная. А вось з вымаўленнем праблем не бачу.

Віктар Рудэнка:

Мелодыя "I love Belarus" будзе зразумелая для людзей, якія слухаюць "Сектор газа" і песню "Гуляй, мужык" у прыватнасці. Яна не належыць да ліку інтэлектуальных песень. Добра, канечне, што тэкст патрыятычны. Але наўрад ці ён кране сэрцы еўрапейцаў, як было ў выпадку з Сербіяй ды яе "Малітвай". Бо там была душэўная і лірычная кампазіцыя. А тут – трэш-поп, пададзены пры гэтым сур’ёзна. Таму зусім няясна, што тут да чаго. Песня – відавочны анахранізм. А вось наконт вымаўлення пераймацца не варта. На 100% па-англійску бліскуча ніхто не спявае. І ў Еўропе на слушнасць вымаўлення ніхто не звяртае ўвагу.

Нумар (пастаноўка, касцюмы)


Анастасія Віннікава. Pro і Contra: шанцаў ніякіх - фота, відэа

Фота interfax.by

Сяргей Маліноўскі:

У цэлым пастаноўка нумара мне спадабалася, бэк-вакалісткі добра глядзяцца, гама колераў пасуе, касцюмы ў шэра-белых танах модна выглядаюць. Без патэтыкі і добра, што абыйшліся без чырвона-зялёнага. Тут заслуга Івана Айплатава, які з кожным разам робіць касцюмы ўсё цікавей. Галоўнае, што ўсё гэта зроблена сваімі сіламі, танна і сярдзіта. Добра, што абышліся без дарагіх замежных аўтараў і пастаноўшчыкаў.

Віктар Рудэнка:

Калі б нумар быў зроблены са смяшынкай, па сцёбе, выглядала б прыкольна. А так зусім нявесела глядзіцца. Паказуха для беларускіх чыноўнікаў: вось, глядзіце, як мы любім Беларусь. Для спажыўца гэта анічога не значыць, з пункту гледжання шоў-бізнеса ён глядзіцца непрывабна. Гэтыя лапці і цымбалы ў такім кантэксце выглядаюць жахліва і пачварна.

Спявачка (імідж, харызма, уменне трымацца на сцэне)

Анастасія Віннікава. Pro і Contra: шанцаў ніякіх - фота, відэа

Фота belarus-eurovision.by

Сяргей Маліноўскі:

Анастасія – ні разу не спявачка. І не факт, што яна адбудзецца, як спявачка. Пакуль яна не можа сябе адпаведным чынам паводзіць, падаваць, як артыстка. І не дзіўна – яна не дала яшчэ ніводнага сольнага канцэрта. Яна ў тым не вінаватая і пэўна разумее, што ранавата паехала прадстаўляць Беларусь на "Еўрабачанні". Яна апынулася між молатам і кавадлам. Больш чым упэўнены, што на нейкім прадзяржаўным канцэрце яе пачуў непасрэдна Лукашэнка і загадаў накіраваць на конкурс.

Віктар Рудэнка:

Яна яшчэ малая дзяўчына, пораху не нюхала, як кажуць. З такім жа поспехам можна было бы ўзяць студэнта 1-га курса "кулька" (Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, – заўвага udf.by) ды выправіць яго заспяваць перад запоўненым "Уэмблі". Наста не прайшла яшчэ пэўнага шляху і пакуль, як бы яна ні жадала сама, як бы ні працавала, бліскуча ў яе не выйдзе. Баюся, што яе чакае вялікае фіяска.

Шанцы і палітычная падаплёка

Сяргей Маліноўскі:

Падчас прэс-канферэнцый у Дзюсельдорфе Анастасіі даводзіцца бясконца адказваць на пытанне, як можна любіць Беларусь, калі там ёсць палітвязні, парушаюцца правы чалавека і г.д. З гэтай прычыны пасля прэзідэнцкіх выбараў шмат хто з нашых артыстаў вырашыў сёлета не прэтэндаваць на паездку на "Еўрабачанне". І, канечне, палітыка тут адыграе сваю ролю. У прадказанні Google, які ставіць Беларусь у шасцёрку лепшых, я не веру. Нашай краіне сёлета няма чаго чакаць ад гэтага конкурсу. Да ўсяго, у ім бяруць удзел з дзесятак выканаўцаў, якія выглядаюць куды лепш за ўдзельніцу ад Беларусі. Вельмі моцны будзе вакальны конкурс. Так што, калі раптам Віннікава і выйде ў фінал, разлічваць на высокія месцы не выпадае. І я не сустрэў ніводнага чалавека, у тым ліку на дзяржаўным тэлебачанні, якія б верылі ў поспех. Хоць тыя, ад каго хоць нешта залежыць, робяць усё ад іх магчымае. Як сказала сама Наста, за яе будуць перажываць котка і бацькі. Відаць, яны толькі і вераць.

Віктар Рудэнка:

Упэўнены, што беларуская песня не выйдзе з паўфінала. Няма ў яе анічога, што магло бы крануць слухачоў. Канечне, можна спадзявацца на спачуванне з боку Еўропы з улікам тых падзеяў, якія ў нас адбыліся. Але, паўтаруся, "I love Belarus" –далёка не сербская "Малітва". Можна спадзявацца яшчэ і на тое, што прыхільнікі "Сектора газа" з постсавецкіх краінаў выкажуць сваю сімпатыю. Але паводле ўсіх крытэраў яна не вартая фіналу. Гэта зусім не лепшае з таго, што можа паказаць Беларусь. Тым не менш, будзем духоўна падтрымліваць нашу краіну і заўзець за Анастасію.

Даведка

Сяргей Маліноўскі, журналіст
Анастасія Віннікава. Pro і Contra: шанцаў ніякіх - фота, відэа

Фота euroradio.fm


Нарадзіўся у 1971 у Вілейцы, шэсць год жыў у Балгарыі (1983-1988), у 1989 годзе паступіў у БНТУ на спецыяльнасць "тэхналогія машынабудаўніцтва", але на трэцім курсе кінуў вучобу і пайшоў у журналістыку. Працаваў у агенцтве БелаПАН, газетах "Знамя юности", "Аргументы и факты", "Свободные новости", "Советская Белоруссия", стажыраваўся ў Швецыі і Польшчы ("Gazeta Vyborcza"), у 1999-2005 – журналіст газеты "Комсомольская правда" в Белоруссии", з 2005 году – галоўны рэдактар газеты "Антенна".

Віктар Рудэнка, музыкант

Анастасія Віннікава. Pro і Contra: шанцаў ніякіх - фота, відэа

Нарадзіўся ў 1982 годзе ў Віцебску, вучыўся ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце і Лінгвістычным універсітэце ў Мінску. Лідэр гурта Dali, які пачынаў, як акампануючая група Ірыны Дарафеевай, а потым стаў працаваць незалежна. Разам з Dali тройчы ўдзельнічаў у адборы на "Еўрабачанне" ад Беларусі. у 2009 годзе трапіў у фінал польскага нацыянальнага адбора на "Еўрабачанне". Адзін з вакалістаў праекту "У нескладовае". Суаўтар першага варыянта песні Анастасіі Віннікавай.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров