У інтэрнэце з’явілася альтэрнатыўная вэрсія песні «I love Belarus» - відэа

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY

Гурт BLAGI MAT!!! адгукнуўся на няўдалы выступ Анастасіі Віннікавай на конкурсе "Еўрабачанне" і прадставіў у сеціве аматарскае відэа на кавер адразу двух песень – уласна "I love Belarus" і хіт гурта "Сектор газа" – "Гуляй, мужык".

Лідэр фолк-панк гурта BLAGI MAT!!! Ігар Загумёнаў кажа, што вырашыў сумясціць гэтыя дзве песні невыпадкова. Яшчэ да з’яўлення на сцэне Віннікавай, яго гурт запрасілі паўдзельнічаць у трыб’юце "Сектора газа". Музыка даў згоду, хоць прызнаецца, што творчасць гэтай каманды яго абмінула.

Ігар узяў песню "Гуляй, мужык", якую пераклаў на беларускую мову, але праект так і не быў рэалізаваны, таму BLAGI MAT!!! яе так і не праспяваў.
Вярнуўся да творчасці "Сектора газа" Ігар пасля таго, як з’явілася песня "I love Belarus". Музыкант вырашыў сумясціць дзве кампазіцыі.

"Мне падаецца, што тэкст гэтай песні надзвычай актуальны на сёння. Бо нашаму люду дастаткова заліцца і не звяртаць увагі на тое, што адбываецца вакол. Мне хацелася паказаць не столькі музычнае падабенства гэтых песень, колькі беларускую рэчаіснасць і пасіўнасць нашага народа". Лідэр гурта BLAGI MAT!!! кажа, што персанальна да аўтара песні Яўгена Алейніка і спявачкі Анастасіі Віннікавай аніякіх прэтэнзій не мае і з павагай ставіцца да іх.

"А тое, што мелодыі абодвух твораў падобныя, дык гэта не бяда, бо яны напісаныя ў народным стылі", - заўважае музыкант.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров