«Кальян» і Handmade выступяць у межах праекту «Тузін.Unplugged»

партал навінаў www.UDF.BY

Пасля паспяховага канцэрта "Тузін.Unplugged" інтэрнэт-партал "Тузін Гітоў" вырашыў працягнуць свой новы праект, каб паказаць самыя цікавыя беларускамоўныя каманды ў новай якасці. 20 мая ў клубе "Графіці" свае экслюзіўныя праграмы прадставяць прыхільнікі ўрбаністычнага рэгі і джаз-року – гурт Handmade і героі гродзенскага андэграўнду – гурт "Кальян", які выступіць у Мінску ўпершыню за 13 год.

Лідэр гурта "Кальян" Алесь Дзянісаў кажа, што ніколі не імкнуўся скарыць горад-герой Мінск. Яго каманда ўжо даўно мае культавы статус у родным Гродна і суседняй Польшчы, але ў беларускай сталіцы апошні раз выступала ажно ў 1998 годзе. У тым жа годзе "Кальян" перамог на фестывалі "Басовішча", выдаў яшчэ чатыры альбомы, напісаў сваю галоўную песню – "Радыёактыўны снег" і прыпыніў сваю дзейнасць. У 2011 годзе "Кальян" вярнуўся з новым дыскам "Антыпазітыў".

Адмыслова для выступа "Тузін.Unplugged" хардкор-фолк-панк гурт рыхтуе свой акустычны сэт. Уяўленне пра іх камернае гучанне можна скласьці паводле песні "Кранштат", якая ўвайшла бонусам у іх апошні альбом. Алесь Дзянісаў кажа, што мае намер і надалей паралельна працаваць з акустычным праектам і збіраецца запісаць альбом на вершы Дануты Бічэль-Загнетавай, якая ўжо дала на гэта згоду.

Гурт Handmade з Мінска, але таксама выступае тут рэдка. 20 траўня яны дадуць першы сур’ёзны клубны канцэрт у сталіцы. Музыкі больш граюць у Вільні, Варшаве і на карпаратывах. Апошні раз гурт выступаў у сакавіку, на адкрыцці буйнога гандлёвага цэнтра "Еўропа". І, як ні дзіўна, некалькі разоў наведваўся на беларускае тэлебачанне – у праграмы тэлеканала АНТ "Кухня" і "Эстрадны кактэйль". Музыкі некалі разоў ужо бралі удзел у "тузіноўскай" імпрэзе ў 2009 годзе. Тады каманда на чале з Яўгенам Валошыным звалася Jab Club. Яны нарабілі ў чарце немалы розгалас, калі тройчы ўздымаліся на першую прыступку з песняй "Вуліца дым". Потым склад гурта абнавіўся, да Яўгена далучыліся такія музыкі, як гітарыст гурта Neo Андрэй Маркуц і басіст Svet Boogie Band Ціхан Золатаў.

Летась ужо пад новай назвай Handmade прадставілі ў "Тузіне Гітоў" сваю новую песню "Постмадэрнізм". Для "Тузін. Unplugged" яны рыхтуюць праграму, складзеную са старых і новых кампазіцый. Граць будуць у поўным складзе: бубны, бас, акардыён і дзве гітары. "Будзем граць эксперыментальную, але нясумную музыку. Ад нас чакайце акустычна-рокавага гучання, эксперыментаў з паэзіяй і элемэнтамі дыска", - кажа вакаліст Handmade.

Весці імпрэзу будзе лідэр гурта "Палац" Алег Хаменка, нязменны вядучы радыёверсіі хіт-параду "Тузін Гітоў", якая ідзе на хвалях "Радыё Рацыя".

Канцэрт "Тузін. Unplugged" падтрымлівае грамадская кампанія "Будзьма беларусамі".

Канцэрт пачнецца ў 19.00 20 траўня ў мінскім клубе "Графіці" (зав.Калініна, 16). Кошт квітка – 20 000 руб. Набыць яго можна ў клубе загадзя з 18.00 да 22.00 штодня, акрамя суботы і нядзелі. Колькасць месцаў абмежаваная! Тэл.для даведак: +375 29 613 95 06 (velcom)/+375 29 270 11 15 (мтс).

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров