Спявак з Гродна і танцорка з Барысава сталі фаварытамі польскіх тэлешоў - відэа

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, для партала навінаў www.UDF.BY

Адразу два беларусы трапілі ў фінал папулярных польскіх тэлешоў. 36-гадовы музыка Генадзь Лоска з Гродна скарыў сваімі спевамі журы і гледачоў шоў "X Factor", а 23-гадовая Марыя Трыпуцень з Барысава чатыры разы з пяці прызнавалася лепшай танцоркай дня на рэаліці-шоў "You Can Dance".

36-гадовы музыкант Генадзь Лоска яшчэ на пачатку 90-х пераехаў з Гродна ў Варшаву разам з сваім гуртом "Seven B". Пасля заснаваў сольны музычны праект, які, праўда, сур’ёзнага камерцыйнага поспеху не меў. Грошы музыка зарабляў у асноўным тым, што граў на вуліцах Варшавы. З год таму яго пабачыла ўся Польшча ў папулярным тэлешоў "Мam Talent" (фактычна аналаг расійскага шоу "Минута славы"). У наступны этап Генадзь не трапіў, але гледачам запомніўся. Пасля гэтага на youtube сталі выкладаць відэа выступаў беларускага музыкі на вуліцах польскай сталіцы.



Спявак з Гродна і танцорка з Барысава сталі фаварытамі польскіх тэлешоў - відэа

Фота onet.pl

Удзел у тэлешоў "X Factor" на канале TVN стаў для яго больш удалым. Музыка прайшоў усе стадыі адбору, трапіў у фінал і мае ўсе шанцы стаць пераможцам. Пры той папулярнасці, якая абрынулася на яго ў апошні час, Лоска не адмовіўся ад вулічных канцэртаў. Паслухаць яго збіраюцца не дзесяткі, як раней, а сотні чалавек.

"Генадзь скарыў палякаў сваёй аўтэнтычнасцю і шчырасцю. У ім няма пафасу, уласцівага тым, хто ўдзельнічае ў тэлешоў. Ён проста бярэ гітару і спявае. І гэтая прыродная шчырасць імпануе дзесяткам тысячаў людзей", - кажа яшчэ адзін музыкант з Беларусі, які жыве ў Польшчы - Павел Карпеш, больш вядомы, як Кроў - лідэр праекту "Чырвоным па белым".



Розгаласу ў Польшчы нарабіла і 23-гадовая танцорка Марыя Трыпуцень з Барысава. Апошнім часам яна жыла ў Мінску, дзе працавала харэографам у адной са школаў танца. Вырашыла паўдзельнічаць у кастынгу ў Варшаве на рэаліці-шоў "You Can Dance" і трапіла ў лік удзельнікаў, скарыўшы сваім танцам журы.



Спявак з Гродна і танцорка з Барысава сталі фаварытамі польскіх тэлешоў - відэа

Фота onet.pl

Цяпер Марыя трапіла ў апошнюю стадыю конкурса. Пасля кожнага тэлешоў, якое дэманструецца ў жывым эфіры, журы называе лепшага танцора дня. Чатыры разы з пяці было названа імя беларускі.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров